Памёр расейскі пісьменнік і палітык Эдуард Лімонаў. Пра гэта ў аўторак паведаміў дэпутат Дзярждумы Сяргей Шаргуноў. Паведамленьне пра сьмерць Лімонава пацьвердзілі «Новой газете» ў незарэгістраванай партыі «Другая Россия», якую ён узначальваў.
Лімонаву было 77 гадоў.
З 2014 году лімонаўцы адпраўлялі добраахвотнікаў на Данбас ваяваць на баку сэпаратыстаў.
Лімонаў таксама браў удзел у стварэньні «Камітэту 25 студзеня» пад кіраўніцтвам заснавальніка руху «Навороссия», былога «міністра абароны ДНР», «ваеннага камэнданта Данецку» Ігара Стралкова.
Адна з мэтаў камітэту — «захаваць краіну ў межах РФ, не дапусьціць яе распаду (як у 1991-м). А ў далейшым — весьці палітыку на ўзьяднаньне рускага народу ў адной дзяржаве. Пры гэтым рускія для нас — гэта (як да 1917 г.) трыадзінства вялікаросаў, маларосаў-украінцаў і беларусаў»
На радзіме нацболы пасьпелі адзначыцца захопамі адміністрацыйных будынкаў і цягніка, захоўваньнем зброі і масавымі бойкамі. У 2002 годзе яны нават рыхтавалі пакушэньне на прэзыдэнта Латвіі.