У панядзелак пачынае працу Сусьветная асамблея здароўя — сёлета з прычыны пандэміі каранавірусу яна ўпершыню пройдзе ў віртуальным фармаце.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Чакаецца, што на парадак форуму будзе вынесенае расьсьледаваньне дзеяньняў Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) у барацьбе з каранавірусам.
Да дбайнага расьсьледаваньня крыніцы паходжаньня і масавага распаўсюджаньня новага вірусу заклікаюць Эўрапейскі Зьвяз і Аўстралія. Гэтую прапанову падтрымалі ўжо 122 краіны, у тым ліку Вялікая Брытанія і Расея.
Яны хочуць атрымаць адказы на цэлы шэраг пытаньняў і, у прыватнасьці , ці ўсё было зроблена, каб прадухіліць пандэмію каранавіруснай інфэкцыі, якая прывяла да заражэньня больш як 4,5 мільёна чалавек у сьвеце і сьмерці 300 тысяч хворых.
У гэтай прапанове канкрэтна ня згадваецца Кітай або горад Ухань, дзе, як мяркуюць, пачалася ўспышка хваробы. Аднак Пэкін выступіў рэзка супраць ініцыятывы расьсьледаваньня, абвінаваціўшы Аўстралію ў палітычнай атацы.
Вашынгтон пакуль таксама не падтрымаў ініцыятыву. ЗША настойваюць на больш жорсткай фармулёўцы, якая б заклікала да расьсьледаваньня паходжаньня вірусу, пачынаючы менавіта з Кітаю.
Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп неаднаразова абвінавачваў Кітай ва ўтойваньні інфармацыі пра вірус, а САЗ, на яго думку, дапамагала ў гэтым Пэкіну. Улады ЗША ня выключылі, што магла адбыцца ўцечка вірусу зь лябараторыі ў горадзе Ухань. Афіцыйна выведная супольнасьць ЗША не заяўляла аб наяўнасьці доказаў гэтага. Кітай такую магчымасьць катэгарычна адмаўляе.
- ЗША зьяўляюцца самай пацярпелай ад COVID-19 краінай. Паводле апошніх зьвестак, там зафіксавана больш за 1,5 мільёна выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі. Памерлі больш за 90 тысяч пацыентаў.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ