У сьпісе асобаў, якія падалі заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў для выстаўленьня кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі днём 14 траўня зьявіўся дванаццаты пункт: дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка.
Ці сам Аляксандар Лукашэнка браў удзел у падачы дакумэнтаў, невядома. Падчас таго, як абнавіўся сьпіс на сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі, Лукашэнка прымаў з дакладам прэм’ер-міністра ў Палацы Незалежнасьці.
Кіраўніком ініцыятыўнай групы Лукашэнкі, як і на мінулых выбарах, пазначаны Міхаіл Орда — старшыня праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і чалец Савету Рэспублікі.
Калі групу зарэгіструюць, гэта будзе шосты раз, калі Лукашэнка паўдзельнічае ў прэзыдэнцкіх выбарах у якасьці кандыдата. Да таго ўсе пяць разоў ён перамагаў. Ён па-ранейшаму пазначаны як беспартыйны.
Заяўку падалі ў 25-ю гадавіну рэфэрэндуму, па выніках якога ў Беларусі дзяржаўнай сымболікай замест нацыянальных бел-чырвона-белага сьцягу і герба «Пагоня» стала мадыфікаваная савецкая сымболіка, а расейская мова стала другой дзяржаўнай.
Да 2004 году адзін і той жа чалавек мог толькі двойчы стаць прэзыдэнтам Беларусі, але ў 2004 годзе Лукашэнка правёў рэфэрэндум, па выніках якога абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў скасавалі.
Паводле афіцыйных зьвестак, Лукашэнка атрымліваў на папярэдніх выбарах:
- 44,82% галасоў у першым туры выбараў 1994 году і
- 80,6% у другім туры ў 1994 годзе;
- 83,86% у 2001 годзе;
- 82,6% у 2006 годзе;
- 79,65% у 2010 годзе;
- 83,49% у 2015 годзе.
Усе выбары і рэфэрэндумы, якія праходзілі ў Беларусі пасьля 1994 году, не прызнаваліся шэрагам міжнародных арганізацыяў, Злучанымі Штатамі і краінамі Эўразьвязу вольнымі і дэмакратычнымі, праходзілі са шматлікімі парушэньнямі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.