Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспарт расейскага газу ў Эўропу зьменшыўся да 50-гадовага мінімуму


За першыя 10 месяцаў 2025 году «Газпром» прапампаваў эўрапейскім кліентам толькі 14,7 млрд кубамэтраў газу.

Як паведамляе DW, гэта падлічыла агенцтва Reuters па дадзеных статыстыкі «Турэцкага патоку» — апошняга трубаправода для паставак у Эўропу.

Reuters піша, што па выніках году аб’ём паставак наўрад ці перавысіць 16 млрд кубамэтраў — максымальную прапускную здольнасьць эўрапейскай веткі «Турэцкага патоку».

У параўнаньні з тым жа перыядам мінулага году (26,6 млрд кубамэтраў), некалі найбуйнейшы рынак збыту абваліўся яшчэ на 45% з-за спыненьня кантракту на транзыт праз Украіну, з дапамогай якога за першыя 10 месяцаў 2024 году краіны Эўропы атрымалі 12,9 млрд кубамэтраў расейскага газу.

Пры гэтым пастаўкі «Газпрома» у Эўропу па «Турэцкім патоку» у кастрычніку вырасьлі, сьведчаць адкрытыя дадзеныя, апублікаваныя 1 лістапада на сайце Эўрапейскай сеткі апэратараў газатранспартных сыстэм (ENTSOG). Згодна з гэтай інфармацыяй, праз кропку ўваходу на мяжы Турэччыны і Баўгарыі ў кастрычніку сёлета прайшло на 8,7% газу больш, чым у верасьні, і на 13% больш, чым у кастрычніку 2024 году.

Значэньні 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя

Такія малыя абʼёмы газу ў Эўропу Масква не экспартавала з пачатку 1970-х гадоў, калі генэральны сакратар ЦК КПСС Леанід Брэжнеў дамовіўся аб першым кантракце на пастаўкі газу ў Аўстрыю. У 1975 годзе ў Еўропу было пастаўлена 19.3 млрд кубамэтраў, а ў 1980-м, пасьля зьдзелкі «газ у абмен на трубы» і заключэньня буйнога кантракту зь Нямеччынай — ужо 54,8 млрд кубамэтраў. Перад пачаткам вайны з Украінай экспарт трубаправоднага газу з Расеі ў Эўропу дасягаў 200 млрд кубамэтраў.

Як раней адзначала Reuters, прадаваць лішні газ «Газпрому» фактычна няма куды. Газаправод «Сіла Сыбіру» у Кітай, запушчаны ў 2019 годзе, кампэнсуе толькі пятую частку страчаных абʼёмаў, а гады перамоваў аб будаўніцтве новай трубы нічым не скончыліся. Праваліўся і праект газавага хабу ў Турэччыне, які Крэмль анансаваў у 2022 годзе, разьлічваючы адкрыць новую эўрапейскую газавую біржу.

Летась здабыча «Газпрома» склала 416,19 млрд кубамэтраў, з іх 355,23 млрд удалося прадаць на зьнешніх і ўнутраным рынках. У выніку ў «Газпрома» засталося каля 60 млрд кубамэтраў нерэалізаванага газу — абʼём, супастаўны з гадавой здабычай некаторых газаздабыўных краін (55 млрд кубамэтраў у ААЭ). Гэтыя запасы ўтрая перавышаюць гадавое спажываньне газу ў Польшчы (20 млрд кубоў).

Страты і пэрспэктывы «Газпрома»

«Газпром» тым часам нясе буйныя страты. Па ўласных разьліках кампаніі, у 2025-2034 гадах «Газпраму» з-за адсутнасьці магчымасьцяў экспарту пагражаюць страты на 185 мільярдаў даляраў

Эўразьвяз мае намер цалкам адмовіцца ад любога расейскага газу да 1 студзеня 2028 году. Ад звадкаванага прыроднага газу (СПГ) з Расеі ў Эўропе плянуюць адмовіцца ўжо да 1 студзеня 2027 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG