Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі праймэрыз апазыцыі заклікалі да байкоту выбараў, але зьбіраюць ініцыятыўныя групы. Навошта?


Мікалай Казлоў, Юры Губарэвіч і Вольга Кавалькова, архіўнае фота
Мікалай Казлоў, Юры Губарэвіч і Вольга Кавалькова, архіўнае фота

Удзельнікі працэдуры вылучэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад дэмакратычных сілаў яшчэ нядаўна заяўлялі, што «правядзеньне выбараў ва ўмовах разгару эпідэміі каранавірусу недапушчальнае і злачынна​е».

Але цяпер Юры Губарэвіч (старшыня руху «За свабоду»), Вольга Кавалькова (сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі) і Мікалай Казлоў (старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі) зьбіраюць зьвесткі ахвочых далучыцца да іхных ініцыятыўных групаў для рэгістрацыі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Пры тым яны па-ранейшаму не плянуюць удзельнічаць у выбарах у якасьці кандыдатаў.

Які тады плян

Кавалькова тлумачыць на Facebook: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і рух «За свабоду» вырашылі правесьці супольную кампанію «За Беларусь без дыктатуры» дзеля патрабаваньня сыстэмных рэформаў, правядзеньня сумленных выбараў і адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, а таксама дзеля абароны грамадзянаў ад эпідэміі COVID-19.

Удзельнікі кампаніі плянуюць зарэгістраваць ініцыятыўныя групы кандыдатаў і «выкарыстоўваць этап збору подпісаў дзеля правядзеньня інфармацыйных пікетаў і стварэньня бясьпечных пляцовак для пратэставых групаў». Казлоў да таго ж мяркуе, што ўдзел у ініцыятыўнай групе «дасьць імунітэт ад судовага перасьледу».

Статкевіч плянуе прыблізна тое ж

Ня толькі зьбіраюць, а ўжо і рэгіструюць свае групы «кандыдаты пратэсту» кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах-2010 Міколы Статкевіча. Подпісы Статкевіч і паплечнікі зьбіраць ня будуць, а хочуць скарыстаць зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы для магчымасьці збору людзей на вуліцы.

На вечар 13 траўня было вядома пра 10 зарэгістраваных групаў «кандыдатаў пратэсту», раніцай 14-га зарэгістравалі і групу блогера Сяргея Ціханоўскага, які казаў, што далучаецца да кампаніі Статевіча.

У праймэрыз хацелі ўдзельнічаць шэсьць палітыкаў — дзе яшчэ тры?

Яшчэ тры палітыкі, зьвязаныя з праймэрыз, маюць асобныя тактыкі:

  • Ганна Канапацкая (былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, былая сябра АГП), якую не зарэгістравалі ўдзельніцай праймэрыз, распачала ўласную кампанію «Я зраблю», але заявіла, што канчатковае рашэньне пра ўдзел у выбарах будзе прымацца, сярод іншага, залежна ад разгляду ў Канстытуцыйным судзе яе звароту пра неканстытуцыйнасьць прызначэньня прэзыдэнцкіх выбараў цяперашнім нелегітымным, на яе думку, складам Палаты прадстаўнікоў;
  • Павал Севярынец (сустаршыня БХД), які быў фаварытам праймэрыз, але зьняў кандыдатуру праз пандэмію каранавірусу і «масавае галасаваньне райвыканкамаў», заклікаў да байкоту выбараў падчас пандэміі;
  • Аляксей Янукевіч (намесьнік старшыні партыі БНФ), які зьняўся з праймэрыз сьледам за Севярынцам, сам не заяўляў аб удзеле ці няўдзеле ў выбарах, але ягоная партыя адмовілася ўдзельнічаць у выбарах, якія назвала «махлярствам падчас пандэміі».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG