Вылучэньне адразу Цапкалы і Бабарыкі сьведчыць пра тое, што частка кіроўнай эліты стамілася ад Лукашэнкі. Маральны знос сыстэмы набыў такі памер, што чыноўнікі перасталі баяцца.
Сьцісла
- Упершыню з 2006 году, з часоў Аляксандра Казуліна, прадстаўнікі кіроўнай намэнклятуры адважыліся ўзяць удзел у выбарчай кампаніі. Што сьведчыць пра першыя сымптомы крызісу рэжыму.
- У Цапкалы і Бабарыкі ёсьць кіроўны досьвед, чаго вельмі бракуе лідэрам апазыцыі. Яны могуць прэтэндаваць на статус «трэцяй сілы» і пасуюць на ролю альтэрнатывы Лукашэнку.
- Зьяўленьне Бабарыкі на выбарчым гарызонце разбурае шматлікія кансьпіралягічныя вэрсіі, якія спадарожнічалі інфармацыі пра ўдзел у кампаніі Валерыя Цапкалы. Маўляў, гэта хітрая гульня Лукашэнкі, які сам адмыслова выставіў былога дырэктара ПВТ у якасьці кіраванага спарынг-партнэра, спойлера.
- Але і ў Цапкалы, і ў Бабарыкі ёсьць праблема. Незразумела, хто будзе ім зьбіраць подпісы.
Частка кіроўнай эліты стамілася ад Лукашэнкі
Праект «Праймэрыз» канчаткова змаргіналізаваў большую частку апазыцыі, якая страціла ролю суб’екта выбарчай кампаніі. Пасьля краху гэтага праекту здавалася, што нас чакаюць самыя нецікавыя прэзыдэнцкія выбары, кшталту кампаніі 2015 году.
Але зьяўленьне сярод прэтэндэнтаў такіх намэнклятурных цяжкавагавікоў, як Валерый Цапкала і Віктар Бабарыка, сьведчыць пра тое, што, магчыма, нас чакае самая цікавая выбарчая кампанія, прынамсі за апошнія дзесяць гадоў.
Упершыню з 2006 году, з часоў Аляксандра Казуліна, прадстаўнікі кіроўнай намэнклятуры адважыліся ўзяць удзел у выбарчай кампаніі. Цяпер адразу двое, дуплетам. Гэта вельмі знамянальная прыкмета. Адна справа — падзеньне даверу насельніцтва да ўлады, якое прыняло даволі вялікія маштабы. Але, здавалася дасюль, народу супрацьстаіць кансалідаваная намэнклятура, аб’яднаная вакол уладара. І вось вылучэньне адразу Цапкалы і Бабарыкі сьведчыць пра тое, што ня толькі грамадзтва, але і частка кіроўнай эліты стамілася ад Лукашэнкі. Маральны знос сыстэмы набыў такі памер, што чыноўнікі перасталі баяцца.
На што яны разьлічваюць, калі ўсім вядома, што выбараў у Беларусі няма? Часткова на гэтае пытаньне адказаў Віктар Бабарыка, канстатаваўшы «абмежаванасьць любой неэфэктыўнай сыстэмы» і «магчымасьці, якія даюць новыя інструмэнты на базе сучасных тэхналёгій».
Кіроўны досьвед і «гісторыя посьпеху»
У чым перавага гэтых кандыдатаў? Яны падыходзяць на ролю альтэрнатывы Лукашэнку. Лідэраў апазыцыі грамадзтва ў такой ролі ня бачыць. Што, у прыватнасьці, засьведчыла галасаваньне ў інтэрнэце ў праекце «Праймэрыз».
У Цапкалы і Бабарыкі ёсьць кіроўны досьвед, чаго вельмі бракуе лідэрам апазыцыі. Яны могуць прэтэндаваць на статус «трэцяй сілы». Акрамя таго, у Валерыя Цапкалы ёсьць «гісторыя посьпеху». Маю на ўвазе Парк высокіх тэхналёгій, які ён стварыў з нуля і які стаў лідэрам самай дынамічнай і, можа, адзінай эфэктыўнай галіны беларускай эканомікі. Чым, зноў жа, ня могуць пахваліцца апазыцыйныя кандыдаты.
Зьяўленьне Бабарыкі на выбарчым гарызонце разбурае шматлікія кансьпіралягічныя вэрсіі, якія спадарожнічалі інфармацыі пра ўдзел у кампаніі Валерыя Цапкалы. Маўляў, гэта хітрая гульня Лукашэнкі, які сам адмыслова выставіў былога дырэктара ПВТ у якасьці кіраванага спарынг-партнэра, спойлера.
Цяпер выходзіць, што на гарызонце зьявіліся два спойлеры ў вобразе намэнклятурных цяжкавагавікоў? Ці не зашмат?
Трэба адзначыць, што Лукашэнка ня любіць складаных палітычных гульняў, ён аддае перавагу простым і нават грубым хадам, больш гуляе шахматнай дошкаю, чым фігурамі. А штучна ствараць сабе апанэнтаў — гэта складаная гульня.
Сумнеўная вэрсія пра спойлераў
І галоўнае пытаньне: а навошта Лукашэнку гэта трэба? Прыхільнікі падобных кансьпіралягічных вэрсій кажуць, што такім чынам Лукашэнка імкнецца абудзіць цікавасьць да выбараў, прыцягнуць людзей на выбарчыя ўчасткі.
Аднак праблема ў тым, што Лукашэнка, якраз наадварот, імкнецца ўключыць дэмабілізацыйныя мэханізмы, каб правесьці выбары па-за палітычнай плашчынёй, у форме тэхнічнай, рутыннай працэдуры. Памятаеце, як калісьці Ярмошына тлумачыла, чаму разьвялі прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары па розных гадах? Каб не было залішняй палітызацыі. А ўдзел такіх фігур, як Цапкала і Бабарыка, якраз палітызуе кампанію. Калі б Лукашэнку цікавіла яўка, была важная цікавасьць да кампаніі з боку насельніцтва, то ён прызначыў бы выбары на 30 жніўня, калі студэнты зьявяцца ў інтэрнатах, людзі вернуцца з адпачынкаў. А ён прызначыў выбары на 9 жніўня, то бок у «мёртвы сэзон», час адпачынкаў, калі вялікай колькасьці людзей ня будзе ня толькі ў сваіх кватэрах, але і ў краіне ўвогуле.
Так, Лукашэнку патрэбен спарынг-партнэр, каб раптам не апынуцца ў выбарчым бюлетэні аднаму. Але, па-першае, хіба аднаго Гайдукевіча мала? І па-другое, спойлер павінен быць узроўню казака Ўлаховіча ўзору 2015 году. А Цапкала, Бабарыка — гэта зусім іншы ўзровень. Такіх у спойлеры не бяруць.
Пра кручкі і ніткі
У Фэйсбуку папулярная гіпотэза, што ў Лукашэнкі на таго ж Цапкалу ёсьць моцныя кручкі, якімі можна прымусіць яго выканаць гэтую ролю. Але, як трапна напісаў мой калега Юры Дракахруст у сваім блогу, «марыянэткі часам абрываюць ніткі».
Сапраўды, марыянэткі зрываюцца з кручкоў, калі бачаць на гарызонце вялікі прыз. І гісторыя дае нам шмат падобных прыкладаў. Лідэр антыкамуністычнай рэвалюцыі ў Вугоршчыне 1956 году Імрэ Надзь быў агентам НКВД. Вайсковы дыктатар Панамы Мануэль Нар’ега быў агентам ЦРУ, аднак амэрыканцам давялося ладзіць вайсковую апэрацыю, каб захапіць яго, бо ён гандляваў наркотыкамі. І лідэр польскай «Салідарнасьці», прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса таксама ў свой час падпісваў нейкую паперу аб супрацоўніцтве з камуністычнымі спэцслужбамі.
І, нарэшце, сапраўдныя спойлеры не крытыкуюць жорстка Лукашэнку, як гэта робяць Цапкала і Бабарыка. Вось Гайдукевіч — сапраўдны спарынг-партнэр — толькі хваліць дзейнага кіраўніка і ўвесь час лае апазыцыю.
Але і ў Цапкалы, і ў Бабарыкі ёсьць праблема. Хто будзе ім зьбіраць подпісы? Патрэбная каманда ня менш як 3 тысячы чалавек. Вось Бабарыка толькі цяпер абвясьціў набор сваёй ініцыятыўнай групы. Гэта значыць, што гатовай каманды ў яго няма. Прычым важна, каб людзі былі добра матываваныя. Аднымі грашыма гэтага дасягнуць цяжка.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.