Да 15 траўня ўключна Цэнтральная выбарчая камісія прымае заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі. За апошнія дні дакумэнты падалі 34 чалавекі, яшчэ шэраг палітыкаў і бізнэсоўцаў абяцалі падаць заявы.
Абноўлена: Раніцай 14 траўня ў ЦВК зарэгістравалі ініцыятыўную групу блогера Сяргея Ціханоўскага, хоць сам ён за кратамі, а днём зарэгістравалі ініцыятыўную групу дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і групы іншых кандыдатаў.
На 14 траўня вядома пра тое, што дакумэнты ў ЦВК падалі:
- «фэрмэр на трактары» Юры Ганцэвіч;
- «суворы турыст» Віталь Зялкоўскі;
- блогер Сяргей Ціханоўскі;
- дзейны кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка;
- старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч;
- прадпрымальніца Натальля Кісель;
- прадпрымальніца Алена Ашыхміна;
- Антаніна Вішнякова;
- Аляксандар Грачышнікаў;
- фэльчарка Алена Давыдава;
- Анжаліка Жалезьнякова;
- Ігар Кляшчук;
- Вольга Мікалайчык;
- Вераніка Мішчанка;
- Уладзімер Няпомняшчых;
- Валянцін Фралоў;
- Вікторыя Хатэнка;
- машыніст Дзьмітры Кудравец;
- прадпрымальнік Аляксей Зуевіч;
- фэрмэр Пятро Карабанаў;
- пэнсіянэр Мікалай Салянік;
- беспрацоўны Аляксандар Школьнікаў;
- пэнсіянэрка Рэгіна Беркус;
- пэнсіянэр Аляксандар Якушкаў;
- часова беспрацоўны Ўладзімер Кійко;
- Тамара Патоцкая;
- пэнсіянэр Аляксандар Абрамовіч;
- часова беспрацоўная Натальля Стрэльчанка;
- часова беспрацоўны Ўладзімер Неўмяржыцкі;
- начальнік аддзелу інавацыйных тэхналёгій прамысловай групы «Адаман» Юры Касач;
- беспрацоўны Сяргей Статкевіч;
- беспрацоўная Жанна Раманоўская;
- электрагазазварнік Віктар Шорац;
- палітык і пэнсіянэр Мікалай Статкевіч.
24 зь іх (вылучаныя курсівам) — «кандыдаты пратэсту» Мікалая Статкевіча. Подпісы Статкевіч і паплечнікі зьбіраць ня будуць, а хочуць скарыстаць зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы дзеля таго, каб можна было зьбіраць людзей на вуліцы. Ціханоўскі заяўляў аб удзеле ў якасьці кандыдата самастойна, але таксама казаў, што далучаецца да «кандыдатаў пратэсту» Статкевіча. Уладзімер Няпомняшчых зарэгістраваны як сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, але ідзе на выбары як «кандыдат пратэсту» Статкевіча. Паводле Статкевіча, у Магілёве затрыманы адзін з патэнцыйных «кандыдатаў пратэсту» — Васіль Курушын.
Падобную да «кандыдатаў пратэсту» тактыку выбралі ўдзельнікі праймэрыз для выбару «адзінага кандыдата»: Юры Губарэвіч (старшыня руху «За свабоду»), Вольга Кавалькова (сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі) і Мікалай Казлоў зьбіраюцца рэгістраваць свае ініцыятыўныя групы, але толькі «выкарыстоўваць этап збору подпісаў дзеля правядзеньня інфармацыйных пікетаў і стварэньня бясьпечных пляцовак для пратэставых групаў».
Таксама анансавалі ўдзел у выбарах у якасьці кандыдатаў:
- былы старшыня праўленьня Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка;
- лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў;
- экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая;
- былы дыплямат і дырэктар адміністрацыі Парку высокіх тэхналёгій Валер Цапкала;
- блогер і бізнэсовец Сяргей Ціханоўскі;
- старшыня БСДП Сяргей Чэрачань;
- вакаліст мэтал-гурту Znich Алесь Таболіч
- і іншыя.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.