Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мой сабачка ня шпіц!» Ганна Канапацкая пра жыцьцё ў час пандэміі


Ганна Канапацкая, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў
Ганна Канапацкая, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў

«Я ўступіла ў кампанію дзеля адзінай мэты — перамагчы». Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая ў інтэрвію Свабодзе расказвае пра тое, што не зьмянілася ў яе жыцьці падчас пандэміі, чаму яна расчаравалася ў былых калегах па апазыцыі і чаму хоча прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці міністра аховы здароўя Беларусі.

Размову з Ганнай Канапацкай пра жыцьцё падчас пандэміі мы заплянавалі яшчэ на мінулым тыдні, і так сталася, што сама гутарка адбывалася ў дзень, калі дэпутаты абвясьцілі дату прэзыдэнцкіх выбараў. Падчас інтэрвію да Ганны паступалі дзясяткі званкоў з просьбай пацьвердзіць свой удзел у іх.

Ганна Канапацкая адказвала на ўсе пытаньні Свабоды па-беларуску, пра некаторыя рэчы яна не захацела гаварыць, спасылаючыся на тое, што мае зрабіць публічную заяву неўзабаве.

Сьцісла

  • Я ўступіла ў кампанію дзеля адзінай мэты — перамагчы. Уся мая праца сьведчыць пра тое, што я маю такую магчымасьць.
  • Праймэрыз, кааліцыі — ня бачу рэальных вынікаў дзейнасьці. І гэта самае моцнае расчараваньне апошніх месяцаў, бо я чалавек дзеяньня, а не размоваў.
  • Мой сын — студэнт БДУ, у яго дыстанцыйнае навучаньне, дачка цяпер у Вене, яна студэнтка Венскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
  • Большая частка грамадзтва не ацэньвае адэкватна рызыкі, якія нясе каранавірус. І гэтая безадказнасьць і гатоўнасьць ісьці на парад ці суботнік выклікае ў мяне трывогу.
  • Прывозячы ў шпіталь маскі і пальчаткі, я таксама прывожу фарбу для сьцен і падлогі.

Пра ўдзел у выбарах

— Ганна, мы гаворым з вамі ў дзень, калі абвешчаная дата прэзыдэнцкіх выбараў (8 траўня. — РС), і вы цяпер у сваім офісе знаходзіцеся. Ці пачалі вы ўжо кампанію?

— Палітычная кампанія працягваецца.

— Як ва ўмовах пандэміі яна будзе праходзіць?

— У мяне няма доказаў легітымнасьці Палаты прадстаўнікоў, таму што яна пачала сваю дзейнасьць з парушэньня Канстытуцыі Беларусі, і таму прынятае ёю рашэньне аб даце выбараў можа быць абскарджанае ў Канстытуцыйным судзе. Што да палітычнай кампаніі, прэзыдэнцкіх выбараў ва ўмовах пандэміі, то трэба ўлічваць, што ўлада Беларусі адмаўляе праблему з распаўсюдам каранавірусу.

— Калі вы будзеце сваю кампанію праводзіць, то будзеце з выбарнікамі сустракацца, сябры вашай каманды будуць па кватэрах хадзіць і подпісы зьбіраць. Гэта ж небясьпечна цяпер...

— Гэта небясьпечна. Я адказны чалавек, я буду несьці адказнасьць за здароўе грамадзян, якія прыйдуць у маю каманду. Я забясьпечу іх усімі неабходнымі сродкамі для засьцярогі, але таксама буду і ад іх патрабаваць быць уважлівымі да людзей і да абставінаў. Цяпер павялічваецца адказнасьць кожнага з нас.

— Праз пандэмію каранавірусу ўвага да палітычных падзей у грамадзтве зьніжаецца, шмат хто ня мае веры, што нешта ў Беларусі можна зьмяніць праз выбары. Як у такіх умовах вы зьбіраецеся весьці выбарчую кампанію?

— Я ўступіла ў кампанію толькі дзеля адзінай мэты — перамагчы. Уся мая праца сьведчыць пра тое, што я маю такую магчымасьць. Я разумею, што пандэмія мяняе пляны і інтарэсы людзей, але каранавірусная пандэмія, якая сёньня на першым месцы ў большасьці грамадзтваў, не зьмяншае тых праблемаў, якія сёньня існуюць у Беларусі ў эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай сфэры.

Пандэмія абвастрыла і агаліла фундамэнтальныя праблемы. Праз каранавірус выявіліся ўсе праблемы ў галіне аховы здароўя і ў адукацыі. Бачная адсутнасьць адказных чыноўнікаў, нават моцных мужчын, якія могуць узяць на сябе адказнасьць за прыняцьце рашэньняў. Калі ня можаш узяць адказнасьць за прыняцьце рашэньняў, то хаця б вазьмі адказнасьць за тое, каб сысьці з пасады, бо не ўпраўляесься. І гэта будзе мацней, чым баязьлівыя ўчынкі на гэтай пасадзе. Можаш быць выдатным лекарам, прафэсіяналам, але ты ня крызісны мэнэджар і адміністратар, і таму дай магчымасьць працаваць прафэсіяналам.

— Калі б вы маглі ўплываць на прыняцьце рашэньняў, якія захады вы б рэкамэндавалі для барацьбы з каранавірусам у Беларусі?

16 сакавіка Ганна Канапацкая выйшла да Дому ўраду, каб у Беларусі ўвялі карантын
16 сакавіка Ганна Канапацкая выйшла да Дому ўраду, каб у Беларусі ўвялі карантын

— Выкананьне рэкамэндацый САЗ. Яны паказалі сваю эфэктыўнасьць на прыкладзе многіх краін Эўропы. Што б ні казалі пра Швэцыю, розьніца ў лічбах паміж Беларусьсю і Швэцыяй заключаецца ў тым, што Беларусь не прыняла рэкамэндацый САЗ наконт прызнаньня сьмерцяў ад каранавірусу, а Швэцыя прыняла. Якія рашэньні трэба прыняць? Адмена масавых мерапрыемстваў, захады сацыяльнага дыстанцыяваньня, перавод адукацыі на дыстанцыйнае навучаньне, перавод, па магчымасьці, усіх супрацоўнікаў іншых сфэраў на дыстанцыйную працу, закрыцьцё межаў і безумоўнае поўнае і дакладнае інфармаваньне насельніцтва пра сытуацыю. Важна і спрасьціць адміністрацыйныя працэдуры пры завозе з-за мяжы лекаў і мэдычнага абсталяваньня.

Для ўлады гэта добры шанец зрабіць захады па аптымізацыі апарату на дзяржаўных прадпрыемствах. Гэта непапулярная мера, але яна дазволіць скараціць расходы дзяржавы. Лепш сёньня скараціць колькасьць работнікаў, чым заўтра выплачваць бальнічныя і павялічваць нагрузку на сыстэму аховы здароўя.

— На што вы пачалі інакш глядзець у сувязі з пандэміяй?

— Перагледзела сваё стаўленьне да былых калегаў з апазыцыі. Ніводзін зь іх не адважыўся ні на якія сур’ёзныя дзеяньні і сур’ёзныя крокі, яны яшчэ больш загрузьлі ва ўнутраных разборках. Праймэрыз, кааліцыі — ня бачу рэальных вынікаў дзейнасьці. І гэта самае моцнае расчараваньне апошніх месяцаў, бо я чалавек дзеяньня, а не размоваў.

Пра бясьпеку, сям’ю і спорт

— Ганна, ці здаровыя вы? Ці здаровыя вашыя родныя і сябры? Дзе цяпер вашыя дзеці і бацькі?

— Дзякуй Богу, усе блізкія, родныя і сябры здаровыя. Мае бацькі ў такім узросьце, што хапае іншых праблем са здароўем. Маці зламала нагу якраз у гэты пэрыяд. І я, і бацькі менш часу цяпер разам праводзім. Бацькі жывуць за межамі гораду.

Мой сын — студэнт БДУ, у яго дыстанцыйнае навучаньне, ён прытрымліваецца ўсіх захадаў бясьпекі. Нам прасьцей, бо мы не выкарыстоўваем грамадзкі транспарт, перасоўваемся на прыватным аўто, і гэта зьмяншае рызыку.

Дачка цяпер у Вене. Яна студэнтка Венскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Ужо ў лютым яна мне паведаміла, што ў Вене пачаліся захады супраць пандэміі.

Яе не зачапіла каранавірусная інфэкцыя. Мы размаўляем штодня, і яна зьвяртае ўвагу на тое, што ў Аўстрыі ня толькі ўлады, але і людзі вельмі адказна падыходзілі да ўмоваў карантыну. На ўсіх фота, якія яна мне дасылала, яна заўсёды была ў масцы.

— Хто-небудзь з вашых далёкіх знаёмых пацярпеў ад каранавірусу?

— На жаль, ёсьць такія, хто захварэў, і ёсьць адзін сьмяротны выпадак.

— А вы самі не баіцеся захварэць? Як часта тэмпэратуру мераеце, баючыся, што гэта можа быць каранавірус?

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

— Нават тэмпэратуру ня мерала за апошнія месяцы. Шмат чаго залежыць ад нас, але шмат чаго і ў руках Бога ці лёсу, таму як будзе, так будзе. На самой справе шмат рэкамэндацый, пра якія сёньня кажуць мэдыкі, адказны чалавек выконвае кожны дзень. Кожны дзень мыю рукі, вяду здаровы лад жыцьця. Гуляю з сабакам, займаюся спортам, плаваю ў басэйне, і гэта спрыяе таму, каб мой імунітэт быў здольны змагацца з каранавірусам, з грыпам і прастудамі.

— І цяпер працягваеце плаваць?

— Так. Гэта я абгрунтоўваю тым, што ў басэйне хляраваная вада, і хлёр — добры антысэптык, нароўні са сьпіртам і іншымі дэзынфэктарамі.

— Ці шмат там людзей?

— Людзей стала значна менш. Той басэйн, што я заўжды наведвала, закрыўся, таму я ў іншы хаджу. Ён побач з домам.

— Колькі чалавек з вамі разам жыве? Вы ідзяце на прэзыдэнта, і такія пытаньні вам будуць задаваць увесь час.

— Канечне, у мяне не стандартная двухпакаёвая кватэра. Яна значна большая. Вы ўведаеце гэта з маёй дэклярацыі, там будзе плошча маёй кватэры. Я жыву з сынам. У кожнага з нас свой пакой. Мы на сьняданку і вячэры сустракаемся. Мой сын дарослы, у яго ёсьць сваё жыцьцё, у тым ліку асабістае. Я непакоюся больш пра немаладых бацькоў і пра наша грамадзтва. Як я бачу, большая частка яго не разумее і не ацэньвае адэкватна тыя рызыкі, які нясе каранавірус. І гэтая безадказнасьць і гатоўнасьць ісьці на парад ці суботнік выклікае ў мяне трывогу.

Пра ўлады і каранавірус

— Як вы рэагуеце на заявы кіраўніка Беларусі, кшталту «Я ня паруся пра сьмерці» або зьняважлівыя рэплікі пра памерлых ад каранавірусу? Не як палітык, а як жанчына, як маці, як дачка, як звычайны чалавек?

— Як чалавек, як жанчына і нават як палітык я не разумею ўсіх гэтых асобаў зь Міністэрства аховы здароўя, якія ня могуць узяць на сябе адказнасьць найперш за здароўе сваіх блізкіх. Яны такія ж грамадзяне. Як яны могуць глядзець у вочы сваім блізкім і родным? Яны такія ж, як мы, у іх дарослыя бацькі і малыя дзеці. Якую будучыню яны праз гэты каранавірус плянуюць для іх? Які прыклад яны даюць сваім бацькам і дзецям, калі робяць адно, а дома іншае? Магчыма, знаходзячыся прылюдна бяз маскі, яны надзяваюць маску, калі ідуць у краму.

— Вы патрабавалі прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка. Як вы лічыце, ці ёсьць на такіх высокіх пазыцыях людзі, здольныя на незалежнае, самастойнае рашэньне?

— Я такіх ня бачу цяпер. Ня бачыла і калі працавала ў Палаце прадстаўнікоў, і цяпер ня бачу людзей, якія сёньня могуць узяць на сябе адказнасьць за прыняцьце неабходных рашэньняў. Зразумела, што такія рашэньні могуць быць непапулярнымі і ісьці насуперак выказваньням прэзыдэнта і яго пазыцыі.

Пра моду, сабачку і даходы

— Вы казалі, што ходзіце на прагулку з сабачкам. Якой пароды сабачка?

— Ня шпіц. Паляўнічая парода. Ягдтэр’ер. Мой бацька паляўнічы, сын цікавіцца паляўніцтвам, таму ў нас такі сабака. Ранішняя прагулка зь ім — гэта мой абавязак. Я ўдзячная лёсу, што ў мяне ёсьць магчымасьць зранку прайсьці з сабачкам, калі зусім мала людзей на вуліцы. Гэта дае магчымасьць падумаць, расплянаваць дзень. Калі атрымліваецца, гуляю і ўвечары каля 22 гадзіны. Астатняе — абавязак сына ці дачкі, калі яна ў Беларусі.

— Што ў практычным пляне ў жыцьці зьмянілася ў сувязі з пандэміяй? Чаго вы ня робіце? З кім не сустракаецеся?

— Прынцыпова нішто не зьмянілася. Усё, што было важным і істотным два месяцы таму, застаецца такім і цяпер. Вядома, я, як адказны чалавек, зьменшыла свае кантакты, больш не магу патэлефанаваць сяброўцы і запрасіць яе на каву паразмаўляць пра жыцьцё. Калі па працы ці іншых справах мне трэба сустрэцца, то я сустракаюся ў горадзе ў масцы.

Калі толькі пачалася пандэмія, я спадзявалася, што будзе карантын і ў мяне будзе больш часу на справы, на якія не хапала часу ў звычайным жыцьці. Нешта новае пачытаць, паўтарыць ангельскую ці нямецкую мову. Але, на жаль, не атрымліваецца. Праца ёсьць праца, і палітычнае жыцьцё патрабуе ўсё больш часу.

— Вы модная жанчына. Якія ў вас маскі? На замову рабілі, нейкія спэцыяльныя куплялі?

— Дзякуй. Я выбіраю сёньня маскі не паводле моды, а паводле функцыянальнасьці, ці забясьпечваюць яны бясьпеку. Калі я недзе ў шпіталі, то гэта аднаразовая маска, якую я адразу выкідаю, незалежна ад таго, была я ў ёй гадзіну ці 5–10 хвілін, бахілы таксама адразу выкідаю. Калі я ў горадзе сустракаюся, то гэта можа быць шматразовая маска. Розныя колеры. Маску я проста мыю і прасую.

— Як пандэмія паўплывала на ваша штодзённае жыцьцё — на гардэроб, харчаваньне, касмэтыку? Мікалай Халезін расказваў, што некалі вельмі стыльны Лёндан цяпер моцна зьмяніўся і нагадвае піжамную вечарынку — людзі перасталі зьвяртаць увагу на адзеньне, касмэтыку.

— Я адкрыты чалавек, усё можна пабачыць у сацыяльных сетках. Я лічу, што кожны чалавек павінен карыстацца сваім адчуваньнем. Камусьці піжама падабаецца, а я вельмі люблю сукенкі. Паколькі пандэмія ня моцна на жыцьцё паўплывала, то і на маё адзеньне адпаведна.

— Як вы харчуецеся ў часе пандэміі? У рэстарацыях? Гатуеце?

— І ў рэстарацыі, і гатую для сваіх мужчын.

— Ходзіце ў рэстарацыі падчас пандэміі?

— Так. Не паразмаўляць пра жыцьцё, але калі ёсьць крытычная неабходнасьць сустрэцца з кімсьці, то так. Трэба аддаць належнае нашым рэстарацыям і кавярням, там вельмі ўважліва сочаць за бясьпекай. Бачыш, як яны апрацоўваюць сталы дэзынфэктарам. Самі ў масках. Цяпер у многіх кавярнях трэба самім замаўляць, афіцыянты не падыходзяць. Вядома, у Менску вялікая колькасьць кавярняў і рэстаранаў закрытая, і я стала больш дома харчавацца. Цяпер больш сьвежай гародніны зьявілася — агуркі, капуста маладыя.

— Якая ваша фірмовая страва?

— Калі шчыра, то мне ня вельмі падабаецца гатаваць, хоць я і ўмею гэта рабіць. У нас дома роўныя абавязкі. У каго ёсьць магчымасьці, той і гатуе, хто ня мае, карыстаецца тым, што іншыя робяць.

Пра даходы, працу і дапамогу мэдыкам

— З даходамі як цяпер?

— Даходы ёсьць. Я ўсім казала раней, што калі працавала ў Палаце прадстаўнікоў, даходы былі меншыя, чым раней, але гэта было без галаўнога болю, бо я ведала, што 1 і 15 дня кожнага месяца мне прыйдзе пэўная сума грошай, і ня трэба было думаць, каб плаціць арэндную плату за офіс, бухгальтару, шукаць грошы для жыцьця. Цяпер усё залежыць ад мяне, колькі я зараблю, столькі і атрымаю.

Я зноў атрымала ліцэнзію на аказаньне юрыдычных паслуг як індывідуальны прадпрымальнік. Таксама працую прадстаўніцай аўстрыйскай інвэстыцыйнай тэхналягічнай кампаніі ва Ўсходняй Эўропе.

— Цяпер шмат людзей становяцца валянтэрамі, хтосьці ахвяруе грошы на дапамогу ўразьлівым групам, мэдыкам, на маскі. Ці робіце вы добрыя справы ў часе пандэміі?

— Безумоўна, я і мае супрацоўнікі, чальцы маёй каманды робім гэта пэрыядычна са сродкаў, якія ў нас вылучаныя на гэтыя мэты. Лічу, што мае дзеяньні як палітыка накіраваныя на падтрымку людзей у час пандэміі. Для мяне важна, каб падчас барацьбы з каранавірусам мы не забывалі пра тое, што іншыя праблемы, якія былі ў мэдыкаў, не сышлі. І прывозячы ў шпіталь маскі і пальчаткі, я таксама прывожу фарбу для сьцен і падлогі.

— А ў якія шпіталі прывозіце?

— У розныя мэдычныя ўстановы. Я хачу падкрэсьліць, што калі я абвінавачваю Караніка, я кажу, што ён ня толькі не праводзіць дастатковую працу па барацьбе з каранавірусам, але што калі ён стаў міністрам, то не зрабіў усіх неабходных захадаў, каб забясьпечыць добрую канструктыўную працу мэдычных установаў. Ён ня выканаў сваіх абавязкаў як кіраўнік Міністэрства аховы здароўя. Стварэньне неабходных умоваў працы — гэта ня толькі наяўнасьць масак і пальчатак у лекараў, але і наяўнасьць якасных працоўных месцаў, лямпаў, абсталяваньня, сродкаў засьцярогі.

Пра мэдыцыну

— Ці ёсьць у вас сябры-мэдыкі, наколькі вы ведаеце, што адбываецца ў шпіталях цяпер?

— Усё неадназначна. Усе баяцца за сваё жыцьці і здароўе. Ёсьць вялікая розьніца паміж мэдыкамі ў вялікіх гарадах, асабліва ў Менску, і мэдыкамі, якія працуюць на пэрыфэрыі. І ёсьць вялікі недавер мэдыкаў да ўладаў і іх абяцаньняў выплаціць дадатковыя сродкі.

Мэдыкам — вялікая падзяка і павага за тое, што ў такіх няпростых умовах яны выконваюць сваю працу. Тым больш па-чалавечы складана зразумець чыноўнікаў зь міністэрства, якія, маючы такіх падначаленых, дазваляюць сабе такія безадказныя і злачынныя паводзіны.

— Ці ёсьць у вашай камандзе вядомыя людзі? Хто вас увогуле падтрымлівае?

— Безумоўна, яны ёсьць. Я пляную на аўторак прэс-канфэрэнцыю, пакуль не хацела б нічога абвяшчаць.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG