Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая адказала Свабодзе, ці будзе яна ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году адмове ёй у рэгістрацыі прэтэндэнткай на званьне адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад правацэнтрысцкай апазыцыі.
«На сёньня я ня маю афіцыйных дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць законнасьць і абгрунтаванасьць майго выключэньня з праймэрыз. Адсутнасьць дакумэнтаў не дае мне магчымасьці камэнтаваць [выключэньне з праймэрыз]. Сваё рашэньне аб удзеле ў прэзыдэнцкай кампаніі я агучу ў тэрмін і парадак усталяваным заканадаўствам РБ», — напісала Канапацкая Свабодзе.
Што адбылося?
Правацэнтрысцкая кааліцыя 4 сакавіка абвесьціла сьпіс палітыкаў, зарэгістраваных прэтэндэнтамі на «адзінага» кандыдата ў прэыздэнты:
- Юры Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду»;
- Вольга Кавалькова, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі;
- Мікалай Казлоў, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі;
- Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі;
- Аляксей Янукевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ.
Ганну Канапацкую, якая таксама падавала заяўку на ўдзел, не падтрымалі некалькі ўдзельнікаў пагадненьня аб народным галасаваньні. Рашэньне прымалася «кансэнсусам» усіх прадстаўнікоў кааліцыі: прысутнічалі кіраўнікі партыяў і рухаў Губарэвіч, Казлоў, Кастусёў, Сігаеў, Севярынец. Супраць Канапацкай выступілі прадстаўнікі АГП і БСДП (Грамада).
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 ў Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.