У беларуска-расейскіх адносінах здарыўся гучны скандал. Здымачную групу расейскага «Першага канала» — карэспандэнта Аляксея Кручыніна і яго апэратара Сяргея Панасюка — пасьля сюжэту пра сытуацыю з COVID-19 у краіне пазбавілі акрэдытацыі і выслалі зь Беларусі. Адкуль зьявіўся новы канфліктны вузел у двухбаковых дачыненьнях? У чым прычына таго, што пандэмія каранавірусу стала каталізатарам абвастрэньня адносін паміж саюзьнікамі? Чаму афіцыйны Менск так хваравіта ўспрымае рэпартаж на расейскім тэлеканале?
Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць аглядальнікі Свабоды Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў і Юры Дракахруст.
Сьцісла
- Беларускія ўлады мелі рацыю ў тым сэнсе, што гэта для іх сур’ёзная пагроза, расейская ТВ — моцны інструмэнт узьдзеяньня на грамадзкую думку Беларусі.
- Лукашэнка на гэты інфармацыйны канфлікт ішоў сьвядома.
- Гэта будзе стрыжнёвая тэма прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнкі — незалежнасьць, самастойнасьць у прыняцьці рашэньняў.
- З пункту гледжаньня Масквы асобная, ні да кога не падобная палітыка Менску адносна каранавірусу — гэта чарговая дэманстрацыя неляяльнасьці. Дадатковае раздражненьне выклікае сам факт наяўнасьці альтэрнатыўнага падыходу, прычым пад бокам, у блізкага народу.
- Шмат для каго ў гэтай сытуацыі правядзеньня параду ў Менску 9 траўня Лукашэнка выглядае сымбалічным пераможцам, уладаром гэтага «пярсьцёнка» Перамогі
- Нельга выключаць, што гэты канфлікт стане пачаткам, пралёгам моцнай расейскай інфармацыйнай кампаніі, якая будзе часткай беларускай выбарчай кампаніі.
Ці зьяўляецца сур’ёзнай пагрозай для афіцыйнага Менску расейская ТВ?
Карбалевіч: «Ніколі такога не было, як на табе зноў». Гэты бесьсьмяротны афарызм былога прэм’ера Расеі Віктара Чарнамырдзіна ці не найлепш адлюстроўвае цяперашні канфлікт у беларуска-расейскіх адносінах. Нагадаю яго зьмест. 6 траўня на расейскім «Першым канале» выйшаў рэпартаж зь Беларусі, зроблены карэспандэнтам Аляксеем Кручыніным і яго апэратарам Сяргеем Панасюком, пра дрэнную сытуацыю ў Беларусі з распаўсюдам каранавірусу. Сюжэт насіў вельмі выразную назву: «Правядзеньне масавых мерапрыемстваў прывяло да рэзкага пагаршэньня віруснай абстаноўкі ў Беларусі». У адказ у той жа дзень вечарам на тэлеканале БТ-1 выйшаў 18-хвілінны сюжэт, у якім даваўся адлуп расейскім прапагандыстам. І вечарам беларускі МЗС пазбавіў расейскіх журналістаў акрэдытацыі.
Далёка ня першы раз зь Беларусі высылаюцца журналісты расейскіх тэлеканалаў. Гісторыя бярэ пачатак з затрыманьня Паўла Шарамета і Зьмітра Завадзкага ў 1997 годзе.
Але тое былі часы, калі тэлебачаньне было абсалютна дамінуючым сродкам інфармацыі, яно поўнасьцю фармавала палітычны парадак дня ў інфармацыйнай прасторы. Але з тых часоў шмат што зьмянілася. Манаполіі тэлебачаньня больш няма. Зьявіўся моцны канкурэнт — інтэрнэт. Вось блогеры выходзяць на першы плян. І іх, дарэчы, пачынаюць шчаміць цяпер нават больш, чым статусных апазыцыйных лідэраў. І вось на гэтым тле такі скандал, высылка расейскіх журналістаў. Чаму беларускія ўлады вярнуліся да старых прыёмаў змаганьня з расейскімі тэлежурналістамі?
Дракахруст: Я не зусім згодны з вашай ацэнкай інфармацыйнага ляндшафту. Так, інтэрнэт цяпер набірае моц, шмат для каго ён ці не адзіная крыніца інфармацыі. Але далёка не для ўсіх. Для моладзі, для жыхароў вялікіх гарадоў, для адукаваных — безумоўна так. Але не з адных гэтых катэгорый насельніцтва складаецца Беларусь. Ёсьць і малыя гарады, і вёска, і людзі сталага веку — і ў гэтых групах насельніцтва тэлебачаньне па-ранейшаму кароль інфармацыі.
Акрамя таго, інфармацыя тэлебачаньня мае больш высокі статус. Напісалі нешта ў Telegram-канале: што, адкуль, — невядома. А тут па тэлебачаньні, «з самой Масквы» сказалі, што кепская сытуацыя ў Беларусі з пандэміяй.
Так што беларускія ўлады мелі рацыю ў тым сэнсе, што гэта для іх сур’ёзная пагроза, расейская ТВ — моцны інструмэнт узьдзеяньня на грамадзкую думку Беларусі.
І ёсьць яшчэ адзін момант. Расейскае насельніцтва яшчэ ў большай ступені, чым беларускае, схільнае давяраць свайму тэлебачаньню. Для беларускіх уладаў гэта не апошні чыньнік.
Нарэшце, беларускія ўлады праецыруюць на цяперашнюю сытуацыю тую інфармацыйную вайну, якую расейская ТВ вяла і вядзе супраць Украіны. І зьяўленьне сюжэту пра каранавірус у Беларусі на Першым канале расейскай ТВ можа бачыцца як пачатак таго ж самага адносна Беларусі.
І таму вырашылі адказаць рэзка, падсекчы на ўзьлёце.
Цыганкоў: Лукашэнка на гэты інфармацыйны канфлікт ішоў сьвядома
Цыганкоў: Я бачу тут два аспэкты. Першы — гэта ўплыў расейскай ТВ на базавы электарат Аляксандра Лукашэнкі. Зрух у бок інтэрнэту адбываецца пераважна ў маладой і сярэдняй узроставых групах. Але пэнсіянэраў і ў цэлым у грамадзтве шмат, а сярод электарату Лукашэнкі яны складаюць ці не палову. І яны інфармацыю атрымліваюць пераважна з «тэлескрыні» і, як паказвае сацыялёгія, у большай ступені давяраюць расейскаму тэлебачаньню, а не беларускаму.
Беларускія ўлады вырашылі перапыніць гэта ў зародку. Ёсьць багаты вопыт на гэты конт.
А другі аспэкт — Лукашэнка на гэты інфармацыйны канфлікт ішоў сьвядома. Намёк за намёкам, рэпліка за рэплікай, зьнявага за зьнявагай — апошнія тыдні ён відавочна падвышаў градус ідэалягічнай напружанасьці з Масквой, як той казаў, нарываўся.
Як мне здаецца, Масква якраз доўгі час не адказвала, адбрэхваючыся даволі бяскрыўднымі заявамі Пяскова. Мне здаецца, што ў беларускай улады стварэньне інфармацыйнай напружанасьці з Масквой было пэўнай стратэгіяй. І вось гэты сюжэт «Першага каналу» расейскай ТВ ня ўтрымліваў нічога такога, чаго б не было ў паведамленьнях многіх незалежных СМІ Беларусі.
Але яго скарысталі як нагоду для пачатку інфармацыйнай вайны з Расеяй. Мне здаецца, што гэта будзе стрыжнёвая тэма прэзыдэнцкай кампаніі Лукашэнкі — незалежнасьць, самастойнасьць у прыняцьці рашэньняў. Адсюль і парад, і асобная палітыка ў змаганьні з каранавірусам. І плюс інфармацыйная вайна з Расеяй. Я мяркую, што гэта стане калі не галоўнай, дык адной з галоўных тэмаў выбарчай кампаніі.
Карбалевіч: Чаму для Лукашэнкі ўвогуле так важна, што скажуць расейскія тэлеканалы? Ён тут асьцерагаецца большага ўзьдзеяньня на беларускую аўдыторыю ці на расейскую аўдыторыю?
Цыганкоў: Я лічу, што на беларускую. Расейская аўдыторыя — гэта ўжо другасная задача. Перад выбарамі Лукашэнку, зразумела, найбольш хвалюе ўплыў расейскіх СМІ на беларускую аўдыторыю. І дзеля гэтай мэты і было прынятае адпаведнае рашэньне наконт карпункту".
Дракахруст: Безумоўна, Лукашэнку больш турбуе рэакцыя беларускай аўдыторыі. У яго прэзыдэнцкія выбары, ён адчувае настроі грамадзтва. Як ён сказаў у сярэдзіне красавіка, зараз на мяне толькі лянівы сабака ня брэша. Відавочна, што гэты сюжэт расейскай ТВ гучнасьць «брэху» ў самой Беларусі можа і ўзмацніць. І гэта Лукашэнку турбуе больш, чым тое, як ягоную палітыку адносна пандэміі абмяркоўваюць людзі ў Кастраме ці Омску.
Каранавірус стаў дадатковым канфліктным чыньнікам у беларуска-расейскіх адносінах
Карбалевіч: Відавочна, пандэмія каранавірусу стварыла новы канфліктны вузел у беларуска-расейскіх адносінах. Чаму? Вядома, што Беларусь і Расея ўзялі на ўзбраеньне розныя стратэгіі змаганьня з COVID-19. Ну, здавалася б, і ладна, няхай сабе. Але не. Розныя падыходы адразу, ад самага пачатку, з таго моманту, як Расея забараніла ўезд беларусаў на тэрыторыю РФ, выклікалі канфлікт. І чым далей, тым больш гэты канфлікт ідзе па шляху эскаляцыі. Чаму так? Тут справа ў тым, што атмасфэра двухбаковых адносін так наэлектрызаваная, што кожны малы зарад выклікае гром і маланку? Ці гэтыя розныя стратэгіі барацьбы з пандэміяй закранулі нейкія тонкія, вельмі адчувальныя нэрвы палітыкі Менску і Масквы?
Дракахруст: Я думаю, што хутчэй другое. З пункту гледжаньня Масквы асобная, ні да кога не падобная палітыка Менску адносна каранавірусу — гэта чарговая дэманстрацыя неляяльнасьці. Прычым дэманстрацыя вельмі выразная. І гэта раздражняе Крэмль у чарговы раз. Акрамя таго, гэта яшчэ і досьвед альтэрнатывы, магчымасьці іншага выбару.
Шмат на каго ў Беларусі ўзьдзейнічае досьвед Расеі, шмат хто крытыкуе беларускія ўлады з такім матывам, што, маўляў, глядзіце — нават Расея ўводзіць карантынныя захады, а чаму ў нас іх ня ўводзяць?
Але не выключаю, што і ў Расеі ёсьць ці могуць зьявіцца галасы — карантын, усё заціснулі, бяз пропуску з хаты ня выйдзеш, грошай няма, а ў Беларусі нічога не заціскаюць і нічога, ня ўсе ж там перамерлі. Такое, можа, там гаворыцца не публічна, а на кухнях.
У нечым сытуацыя падобная да канца 90-х, калі многія ў Расеі захапляліся беларускім парадкам і сацыялізмам. Яны ня ведалі адваротнага боку гэтага беларускага «парадызу», але казалі так на кантрасьце з расейскім «дзікім капіталізмам».
Магчыма, некаму ў Расеі могуць падабацца перавагі беларускай палітыкі барацьбы з пандэміяй. Пры гэтым, як і ў 90-я, хібы беларускай мадэлі могуць і не заўважацца.
А навошта гэта Крамлю? Пры тым, што сытуацыя там неспакойная, і выступы пратэсту адбываюцца, і рэйтынг падтрымкі Пуціна зьніжаецца. Дадатковае раздражненьне выклікае самы факт наяўнасьці альтэрнатыўнага падыходу, прычым пад бокам, у блізкага народу.
Цыганкоў: Каранавірус абвастрыў тыя канфліктныя пункты, які тлелі ці былі прыхаваныя. Цяпер гэтае пытаньне стала каталізатарам, дэтанатарам канфлікту. Узгадаем, што калі Расея закрыла межы, Лукашэнка гэта вельмі раўніва ўспрыняў. Маўляў, гэта нож у сьпіну. А розны падыход у Лукашэнкі да каранавірусу аказаўся з усім сьветам, а ня толькі з Расеяй. Канфлікт аказаўся ў пэўным сэнсе ідэалягічным, палітычным.
Склалася ўражаньне, што гэты канфлікт Лукашэнка штучна распальвае. Ён павінен стаць фонам выбарчай кампаніі. Гледзячы па нейкіх ускосных дадзеных, рэйтынг Лукашэнкі ўпаў. І беларускі кіраўнік, як вопытны палітык, ведае, як яго падняць. Трэба стварыць вобраз ворага. Захад на гэтую ролю неяк сёньня не падыходзіць, хоць заходнія мэдыя гавораць пра Лукашэнку больш рэзка. Але кіраўнік Беларусі лічыць, што ідэалягічнае, палітычнае супрацьстаяньне з Расеяй можа падняць яго рэйтынг. Лукашэнка стварае вобраз абаронцы беларускага сувэрэнітэту.
Парад Перамогі як каталізатар канфлікту
Карбалевіч: Ці не падаецца вам, што каталізатарам, спускавым кручком канфлікту стала рашэньне Лукашэнкі правесьці парад у Менску на 9 траўня? Магчыма, Пуцін адчуў сябе зьняважаным? Таму такое тэлефанаваньне Пуціна Лукашэнку 5 траўня. Беларускі кіраўнік анансаваў гэтую размову публічна, маўляў, вось Пуцін просіцца пагаварыць. І пасьля размовы зьявіўся гэты рэпартаж на «Першым тэлеканале», дарэчы, даволі тэндэнцыйны.
Цыганкоў: Так, парад стаў тым пунктам, які ўзмацніў канфлікт. На дадатак да эканамічных, палітычных, ідэалягічных чыньнікаў тут у пытаньні параду бачыцца асабістая дуэль паміж Лукашэнкам і Пуціным. Для прэзыдэнта Расеі парад — вельмі важная, сымбалічная рэч. Але ён яго перанёс з прычыны каранавірусу. Пуцін, магчыма, спадзяваўся, што і Лукашэнка зробіць тое самае. Але кіраўнік Беларусі не адмяніў парад. І Пуцін успрыняў гэта як пэўную асабістую поўху, як жаданьне саюзьніка выставіць сябе больш зацятым прыхільнікам Перамогі, захавальнікам савецкіх традыцый, чым расейскі лідэр. Таму гэта было ўспрынята Пуціным як асабістая зьнявага, як пстрычка па носе.
Дракахруст: Я згодны зь Віталём, што гэта будзе моцным ударам па сымбалічнай уладзе Пуціна. Калі Лукашэнка праводзіў суботнік, то людзі ў Расеі, якія гэта маглі ўбачыць, у лепшым выпадку лічылі гэта дзівацтвам. Зусім ужо дзед з глузду зьехаў, Ленін зь бервяном.
А вось парад на 9 траўня — тут цікавая гульня на народных архетыпах, і беларускіх, і расейскіх. З аднаго боку, кураж, а з другога боку — тады, у вайну, людзі гінулі за сваё, за бацькаўшчыну, за сьцяг. Вось і цяпер Лукашэнка, як герой, голымі грудзямі, так бы мовіць, насустрач небясьпецы. А Пуцін у Крамлі сядзіць, па Zoom’у са сваімі губэрнатарамі размаўляе. Дык хто круцейшы? У вачах «глыбіннага народу», паводле выразу былога памочніка Пуціна Суркова — хто выглядае прыгажэй, хто выглядае героем? Шмат для каго ў гэтай сытуацыі Лукашэнка выглядае сымбалічным пераможцам, уладаром гэтага «пярсьцёнка» Перамогі.
Прынамсі, на гэта разьлік Лукашэнкі. І Пуцін гэта разумее.
Апроч іншага, і гэтым тлумачыцца новы раўнд інфармацыйнай вайны.
Наперадзе новая інфармацыйная вайна
Карбалевіч: З улікам таго, што парад наперадзе, ці варта чакаць абвастрэньня інфармацыйнай вайны? Паводле ананімных крыніц з кіроўных вярхоў Расеі, з Масквы чакаецца люстраны адказ. Вось Саюз журналістаў Расеі выступіў з адмысловай заявай. Чаго яшчэ варта чакаць?
Дракахруст: Я не разумею, што значыць «люстраны». Пазбавіць акрэдытацыі ў Маскве карэспандэнта БТ? Я ня думаю, што палітычна гэта будзе люстраным адказам. Але я не выключаю, што гэты канфлікт стане пачаткам, пралёгам моцнай расейскай інфармацыйнай кампаніі, якая будзе часткай беларускай выбарчай кампаніі. Ня выключана, што яны будуць «бамбаваць» Менск, што Лукашэнка ўсё робіць няправільна.
Хаця, як тонка заўважыў Віталь, магчыма, Лукашэнка на гэта і разьлічвае, магчыма, яму гэта і трэба, гэта і будзе ягоны козыр у выбарчай кампаніі. Хваліцца «квітнеючай Беларусьсю» па-любому цяпер не выпадае.
Так што пазбаўленьнем акрэдытацыі і высылкай журналіста ўсё ня скончыцца. Гэта можа быць пачаткам новых «хросных бацькаў». «Хросныя бацькі» не абавязкова ж павінны быць абсалютна тоесныя тым, што былі ў 2010 годзе. «Хросныя бацькі» — гэта хадзячая назва, якая азначае востры інфармацыйны канфлікт.
Цыганкоў: Беларусь ня стане для Расеі такой жа варожай краінай, як Украіна. То бок рабіць зь беларусаў «бандэраўцаў» у Расеі ня будуць. Але некаторы час будзе ісьці напружаная інфармацыйная вайна паміж Менскам і Масквою, гэта відавочна. Расейскі бок ня можа не адказаць на гэтую высылку журналістаў. Вось бачу ў «Советской Белоруссии» матэрыял на гэтую тэму пад прыкметнай назвай «Трупоедство». Я з пэўнай злараднасьцю на гэта ўсё гляджу. Бо ўся гэтая лексыка цяпер будзе ўжывацца не да беларускіх незалежных мэдыя, а да расейскіх.