Расейская тэлекампанія «Первый канал» лічыць беспадстаўнымі дзеяньні беларускіх уладаў, якія пазбавілі акрэдытацыі здымачную групу тэлеканалу, перадае «Інтэрфакс».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Пацьвярджаем высылку нашага карэспандэнта і пазбаўленьне акрэдытацыі ўсёй здымачнай групы. Лічым, што гэтыя дзеяньні беларускіх уладаў абсалютна беспадстаўныя», — паведамілі «Інтэрфаксу» ў прэс-службе каналу.
Міністэрства замежных спраў Беларусі ў сераду пазбавіла акрэдытацыі здымачную групу «Первого канала» пасьля сюжэту пра сытуацыю з каранавірусам у краіне.
«Камісія акрэдытацыі замежных журналістаў МЗС прыняла адпаведнае рашэньне 6 траўня», — паведаміў «Інтэрфаксу» прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз. Ён удакладніў, што гаворка ідзе пра «двух супрацоўнікаў карпункту». Прычыну пазбаўленьня акрэдытацыі ў МЗС не называюць.
Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне адказала матэрыялам пад назвай «Сем фэйкаў ў адным сюжэце Фэдэральнага каналу Расеі», дзе заявіла, што прычынай стаў сюжэт пра сытуацыю з эпідэміяй каранавірусу ў краіне, які зьмяшчае «фэйкавую інфармацыю».
Расейскі Першы канал 6 траўня раніцай выдаў у эфір сюжэт пра складаную эпідэміялягічную сытуацыю ў Беларусі. Матэрыял называўся «Правядзеньне масавых мерапрыемстваў прывяло да рэзкага пагаршэньня віруснай сытуацыі ў Беларусі». Расейскі журналіст Аляксей Кручынін наведаў Стоўпцы.