Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазбаўлены беларускай акрэдытацыі журналіст расейскага тэлеканалу зьехаў у Маскву


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Міністэрства замежных спраў Беларусі пазбавіла акрэдытацыі здымачную групу Першага фэдэральнага каналу расейскай тэлевізіі. Журналіст Аляксей Кручынін ужо ў Расеі. У яго ў Менску засталася сям’я. Сам ён ад камэнтароў устрымліваецца.

Паводле беларускага замежнапалітычнага ведамства, адпаведная камісія прыняла такое рашэньне 6 траўня. Гэта адбылося пасьля таго, як у навінах тэлеканалу быў паказаны рэпартаж пра сытуацыю з COVID-19 у Беларусі.

Увечары 6 траўня Аляксей Кручынін ад'ехаў у Маскву. У прэсавай службе «Первого канала» Свабодзе пацьвердзілі, што чакаюць яго на працы, зь ім зьбіраецца пагутарыць кіраўніцтва. Там не выключаюць, што, акрамя згаданай заявы, па дыпляматычнай лініі будуць зробленыя іншыя захады, каб выказаць пазыцыю.

Раніцай 7 траўня «Первый канал» выступіў з афіцыйнай заявай, у якой асудзіў дзеяньні беларускіх уладаў:

«МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі здымачную групу „Первого канала“. Наш канал лічыць дзеяньні беларускіх уладаў абсалютна беспадстаўнымі», — гаворыцца ў адмысловым паведамленьні на сайце.

«Пасьля таго, як у ранішнім эфіры выйшаў сюжэт пра сытуацыю з каранавірусам, беларускі бок палічыў, што ў рэпартажы нібыта была неабʼектыўная інфармацыя, — адзначылі ў прэсавай службе. — Але ў чым менавіта заключаюцца прэтэнзіі, так і не растлумачылі. «Первый канал» пацьвярджае высылку карэспандэнта Аляксея Кручыніна і пазбаўленьне акрэдытацыі ўсёй здымачнай групы. Лічым, што гэтыя дзеяньні Менску беспадстаўныя. У амбасадзе Расеі ў Беларусі пракамэнтуюць сытуацыю, калі ад уладаў прыйдзе афіцыйны дакумэнт».

«Мяне выслалі, цяпер ужо знаходжуся на тэрыторыі Расеі, — расказаў Кручынін парталу Tut.by. — Такое рашэньне прыняла камісія МЗС, і мне як грамадзяніну Расеі было загадана пакінуць Беларусь да паўночы 6 траўня. Ніякіх афіцыйных лістоў і пастановаў на гэты конт я на рукі не атрымаў, але мне іх і не плянавалі ўручаць, наколькі я зразумеў».

Ён удакладніў, што пазнакі ў пашпарт аб забароне на ўезд у Беларусь яму не рабілі і ўехаць у краіну ён можа ў любы момант.

Як расказалі Свабодзе ягоныя калегі, адрозна ад ранейшых выпадкаў дэпартацыі расейскіх журналістаў зь Беларусі, ніякіх адзнак у пашпарце яму не паставілі. Гэта значыць, вярнуцца назад ён мае права — у Менску засталася ягоная сям’я.

Апэратар Кручыніна Сяргей Панасюк — грамадзянін Беларусі, але без акрэдытацыі працаваць ня можа.

За што выслалі расейскага журналіста

Падставай да рашэньня МЗС Беларусі стаў рэпартаж, у якім сьцьвярджалася, што нядаўнія велікодныя службы і рэспубліканскі суботнік прывялі да чарговага выбуху COVID-19.

Карэспандэнт каналу Аляксей Кручынін з апэратарам Сяргеем Панасюком наведалі Стоўпцы на Меншчыне, дзе склалася неспрыяльная эпідэміялягічная сытуацыя, і пагаварылі зь мясцовымі жыхарамі.

«На гэтым фоне становіцца зразумела, чаму многія не давяраюць мэтодыкам падліку, якія выкарыстоўвае беларускае Міністэрства аховы здароўя. Але нават з апублікаванай афіцыйнай статыстыкі выходзіць, што Беларусь у прыросьце выяўленых выпадкаў каранавірусу на душу насельніцтва даўно абагнала ўсіх суседзяў і выйшла на трэцяе месца ў Эўропе», — зрабіў выснову расейскі журналіст.

У адказ на сюжэт Кручыніна Беларуская дзяржаўная тэлевізія падрыхтавала матэрыял пад назвай «Сем фэйкаў у адным сюжэце фэдэральнага каналу Расеі», дзе заявіла, што сюжэт пра сытуацыю з эпідэміяй каранавірусу ў краіне зьмяшчае «фэйкавую інфармацыю».

Аляксею Кручыніну 35 гадоў, ён нарадзіўся ва Ўладзівастоку Прыморскага краю Расеі. Там працаваў уласным карэспандэнтам «Первого канала», адтуль атрымаў прызначэньне ў Беларусь. Агулам адпрацаваў у менскім бюро 5 гадоў.

За апошні час «Первый канал» падрыхтаваў шэраг сюжэтаў, прысьвечаных сытуацыі з распаўсюдам COVID-19 у Беларусі. На некаторыя МЗС ужо рэагаваў. У прыватнасьці, на матэрыял у пачатку красавіка, калі вядоўца выніковай праграмы навінаў Кірыл Кляймёнаў заявіў, што ў Беларусі «толькі за суткі ў 400 чалавек дыягнаставаны COVID-19, а яшчэ нядаўна адзін вядомы палітык гэтай братэрскай краіны казаў карэспандэнту: „Вы бачыце тут вірус? Вось і я ня бачу!“»

«Ну што ж. Гэта падыход. Цьвярозы погляд на рэчы. Што відаць — тое і ёсьць. Чаго не відаць — таго і няма, — іранізаваў расейскі журналіст. — Як няма і горкіх шкадаваньняў з гэтай нагоды. Вірус — яго ж нават у акулярах не відаць. А мікраскоп з сабой усюды насіць ня будзеш. Цяжкая ўсё ж такі рэч, нязручная».

Таксама «Первый канал» даваў «рэцэпт» уратаваньня ад каранавірусу па-беларуску, спасылаючыся на матэрыял свайго ўласнага карэспандэнта ў Менску Аляксея Кручыніна.

«Калі ўсе суседзі ўжо прымалі найстражэйшыя ахоўныя захады, Аляксандар Лукашэнка адкрыта назваў усясьветную сытуацыю з пандэміяй „псыхозам“. Беларускі прэзыдэнт дэманстратыўна паціскаў рукі суразмоўцам і дзяліўся з народам дзіўнай формулай антывірусу: лазьня, 50 грамаў сьпірту, праца на трактары і хакей».

Сюжэт, які выйшаў раніцай 6 траўня, стаў апошняй кропляй для беларускіх уладаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG