Настаўніца расейскай мовы і літаратуры Ганна Севярынец зьвярнулася да Міністэрства адукацыі з просьбай атэставаць вучняў, якія ў чацьвёртай чвэрці навучаюцца дома.
Адкрыты ліст падпісалі больш за два дзясяткі настаўнікаў з розных гарадоў Беларусі.
У адказе на старонцы Міністэрства адукацыі ў Фэйсбуку іранічна ацэньваецца праца неназваных буйных недзяржаўных парталаў, якія, на дамку аўтараў допісу, пераконвалі насельніцтва ў тым, што беларуская школа «ня можа працаваць аддалена, што «настаўнікі не ведаюць кампутара», «нічога не рабілася для распрацоўкі праграмнага комплексу», «настаўнікі ў паніцы», «разгубленыя» і інш.
«Аднак з ліста Ганны Севярынец можна даведацца, што настаўнікі справіліся з дыстанцыйнай формай і нават „максымальна эфэктыўна наладзілі навучальны працэс“. СМІ элегантна пераабуліся ў скачку», — гаворыцца ў допісе.
Далей аўтары адказу міністэрства ў такім жа духу працягнулі зварот і абвінавацілі «апазыцыйныя» СМІ, што тыя рэгулярна паведамляюць пра загружанасьць настаўнікаў нехарактэрнай працай і бюракратыяй.
«Аднак на прыкладзе Ганны Севярынец чытач можа ўбачыць, што шараговы настаўнік мае масу вольнага часу для раздачы інтэрвію, напісаньня блогаў, складаньня адкрытых лістоў, вядзеньня сацсетак і іншых формаў вольнага часу».
У заключэньне допісу гаворыцца, што прыклад Ганны Севярынец, якую не пазбаўляюць працы і даюць вольна выказвацца і крытыкаваць уладу «дэманструе гуманізм беларускай сыстэмы ўладных адносін, а не яе «нечалавечнасьці».
Што да сутнасьці просьбы адкрытага ліста Ганны Севярынец, то міністэрства паведаміла, што канкрэтныя захады для арганізацыі навучальнага працэсу «праводзяцца ў рэчышчы раней выпрацаваных, ухваленых і публічна агучаных Прэзыдэнтам рашэньняў».