Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Настаўнікі просяць Міністэрства адукацыі атэставаць вучняў, якія надалей вучацца дома. Адкрыты ліст


Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Настаўніца расейскай мовы і літаратуры Ганна Севярынец зьвярнулася да Міністэрства адукацыі з просьбай атэставаць вучняў, якія ў чацьвёртай чвэрці навучаюцца дома. Адкрыты ліст падпісалі больш за два дзясяткі настаўнікаў з розных гарадоў Беларусі.

Паводле аўтаркі ліста, 24 красавіка настаўнікі ў школах Беларусі са спасылкай на Міністэрства адукацыі атрымалі інфармацыю, што «у Міністэрстве прынята рашэньне не атэстоўваць у чацьвёртай чвэрці вучняў, якія па рашэньні законных прадстаўнікоў навучаюцца дома пры дапамозе інфармацыйна-камунікатыўных тэхналёгій: адзначаць у журналах іх адсутнасьць, не выстаўляць у класныя журналы адзнакі за дамашнія работы і тым самым зачыніць ім доступ да паўнавартаснага адукацыйнага працэсу».

Віцебскія школьнікі ў масках, ілюстрацыйнае фота
Віцебскія школьнікі ў масках, ілюстрацыйнае фота

Ганна Севярынец тлумачыць, чаму гэта памылковы крок:

  • У той сытуацыі, калі эпідэмія COVID-19 у Беларусі набірае ход, калі кожны дзень рэгіструецца болей за 700 новых выпадкаў, калі кантакты першага ўзроўню знаходзяцца дома, а не ізаляваныя па бальніцах, кожны законны прадстаўнік вучня мае права клапаціцца аб бясьпецы свайго дзіцяці.
  • Адначасова ён мае права і на адукацыю, арганізаваную з улікам магчымасьцяў, якое дае нам наша стагодзьдзе, наш узровень тэхнічных ведаў, наш статус «IT-краіны», у рэшце рэшт.
  • Беларускія дзеці і беларускія бацькі — адказныя людзі. Беларусы ўмеюць вучыцца і вучыць. Мэтадычная падрыхтоўка нашых настаўнікаў, а таксама традыцыйная для беларускай культуры адказная роля бацькоў пры навучаньні дзяцей дазваляюць нам верыць, што самастойнае вывучэньне школьных курсаў можа быць — і будзе — дастаткова эфэктыўным.

«Калі мы вырашаем пазбавіць дзяцей, што знаходзяцца зараз дома, права на атэстацыю ў апошняй, часьцяком вырашальнай, чвэрці, мы тым самым перакрэсьліваем той давер, які ёсьць паміж намі, настаўнікамі, нашымі вучнямі — і іх бацькамі», — піша Ганна Севярынец.

Яна падкрэсьлівае, што ў асабліва складаным становішчы апынуцца выпускнікі, вучні дзясятых класаў, і асабліва — будучыя магчымыя мэдалісты, для якіх неатэстацыя за апошнюю чвэрць — немагчымая:

«Мы прымушаем гэтых дзяцей выйсьці ў школы насуперак рашэньню законных прадстаўнікоў і насуперак здароваму сэнсу, які дыктуе чалавеку берагчы сябе і блізкіх у пэрыяд эпідэміі».

Падпісанты ліста просяць Міністэрства адукацыі перагледзець падыход да атэстацыі па выніках чацьвёртай чвэрці тых вучняў, якія навучаюцца пры дапамозе ІКТ, дазволіць настаўнікам пераносіць у журнал адзнакі, атрыманыя за работы, што выконваюцца дома, і атэстоўваць дзяцей па выніках самастойнай працы за чацьвёртую чвэрць, а таксама ўлічваць адзнаку пры выстаўленьні гадавой.

Ліст падпісалі беларускія настаўнікі:

Ганна Севярынец, Сьвятлана Іванюшына, Натальля Афанасьева, Тацяна Цыдзік, Сьвятлана Кулеш, Ала Пазьнякова, Анастасія Малафеева, Сьвятлана Локіс, Ірына Пабожная, Тацяна Барткевіч, Натальля Вянгроўская, Ірына Азарынская, Людміла Грышко, Тацяна Сурконт, Крысьціна Сёмачкіна, Ірына Шлемянкова, Аляксей Мінаў, Галіна Пайкіна, Віктар Малышчыц, Вольга Брэйво, Вольга Юшчук, Натальля Масло.

У Міністэрстве адукацыі назвалі адкрыцьцё школ апраўданым крокам і заявілі, што настаўнікі не павінны праводзіць урокі ў клясах, а потым весьці онлайн-навучаньне для адсутных.

Як будуць атэстоўваць тых дзяцей, бацькі якіх вырашылі да канца навучальнага году пакінуць іх дома, пакуль канчаткова ня вырашылі.

Як заявіў 23 красавіка ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» намесьнік міністра адукацыі Аляксандар Кадлубай, разглядаецца варыянт, што вучняў школ, якія ў чацьвёртай чвэрці не наведваюць урокі ў клясах, могуць атэставаць па выніках першых трох чвэрцяў.

Але гадавая адзнака можа выстаўляцца не па выніках, да прыкладу, трох чвэрцяў, а лічыцца па-іншаму: сумуюцца адзнакі за тыя чвэрці, калі вучань хадзіў у школу, і сума дзеліцца на чатыры.

«Паводле апошняга ўказаньня Мінадукацыі, калі адсутнасьць дзіцяці ў школе не пацьверджана дакумэнтальна, пры выстаўленьні гадавой адзнакі сумуюцца адзнакі за тыя чвэрці, калі вучань хадзіў у школу, і сума павінна дзяліцца на чатыры», — кажа супрацоўніца аддзелу адукацыі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG