На раніцу 15 красавіка ў сьвеце зафіксавалі каля 2 мільёнаў выпадкаў COVID-19.
Адзін мільён быў 2 красавіка
Пра 2 000 231 выпадак паведамляе папулярны няўрадавы сайт Worldmeters.org, які акумулюе статыстыку з афіцыйных сайтаў і навінаў усіх краінаў і на зьвесткі якога спасылаюцца шматлікія СМІ (у тым ліку Financial Times, The New York Times, Business Insider). Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 126 753 чалавекі, сьцьвярджаецца на гэтым сайце.
1 млн выпадкаў у сьвеце Worldmeters фіксавалі 2 красавіка, паўмільёна — 26 сакавіка, звыш 100 тысяч — 6 сакавіка.
Прыватны амэрыканскі Ўнівэрсытэт Джонса Гопкінса, які паралельна зьбірае тую ж статыстыку, фіксуе 1 982 281 выпадкаў і 126 722 сьмерці.
Сусьветная арганізацыя здароўя (WHO) пакуль налічыла 1 844 863 выпадкаў. WHO штодзень публікуе справаздачы аб распаўсюдзе новага каранавірусу, але дае лічбы за мінулы дзень — так, у апошняй на сёньня справаздачы за 14 красавіка WHO паведамляе аб 2919 выпадках у Беларусі, а такія лічбы беларускія ўлады прызнавалі 13-га, а 14-га быў ўжо 3281 выпадак.
Дзе распаўсюджваецца вірус
Паводле Worldmeters, найбольш зафіксаваных выпадкаў новага каранавірусу ў гэтых краінах:
- ЗША — 614 тысяч;
- Гішпанія — 174 тысячы;
- Італія — 162,5 тысячы;
- Францыя — 143 тысячы;
- Нямеччына — 132 тысячы;
- Вялікая Брытанія — амаль 94 тысячы;
- Кітай (з Ганконгам і Макаа) — 83 тысячы;
- Іран — 75 тысяч;
- Турэччына — 65 тысяч;
- Бэльгія — 31 тысяча.
Найбольш сьмерцяў зафіксавалі ў гэтых краінах:
- ЗША — 26 064;
- Італія — 21 067;
- Гішпанія — 18 255;
- Францыя — 15 729;
- Вялікая Брытанія — 12 107;
- Іран — 4683;
- Бэльгія — 4157;
- Нямеччына — 3495;
- Кітай (з Ганконгам і Макаа) — 3346;
- Нідэрлянды — 2945.
Найбольш выпадкаў і сьмерцяў на душу насельніцтва фіксуюць у эўрапейскіх мікрадзяржавах — Сан-Марына і Андоры, у якіх разам узятых жыве 100 тысяч чалавек. У Ватыкане выявілі 8 інфікаваных, што ставіць горад-дзяржаву на другое месца пасьля Сан-Марына па інфікаваных на душу насельніцтва.
З буйных краінаў найбольш інфэкцыяў на душу насельніцтва ў Гішпаніі (каля 3766 выпадкаў на 1 мільён насельніцтва), Швайцарыі (2997 на мільён), Італіі і Бэльгіі (звыш 2680 на мільён у абедзьвюх).
З «закрытых выпадкаў» 21% скончыліся сьмерцю, 79% — ачуньваньнем
Паводле Worldmeters, у сьвеце цяпер выпісалі 484,5 тысячы пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. Калі дадаць да гэтага зафіксаваныя сьмерці, выходзіць 611 тысяч выпадкаў, якія мелі адназначны вынік. Ад гэтага выпісаныя здаровымі складаюць 79%, а памерлыя — 21%.
Найбольш памірае пацыентаў ва ўзросьце, старэйшым за 80 гадоў, а сярод маладзейшых за 50 памірае менш за 1%. У групе рызыкі пацыенты з хранічнымі захворваньнямі, як то сардэчна-сасудзістымі хваробамі, дыябэтам, хранічнымі рэсьпіраторнымі хваробамі, гіпэртэнзіяй, ракам.
«Актыўных выпадкаў» COVID-19 застаецца больш за 1,39 млн, зь іх каля 51,6 тысячы ў цяжкім стане. І колькасьць «актыўных выпадкаў» няспынна расьце ад 5 сакавіка — пастаянна зьяўляецца больш новых выпадкаў, чым «закрываецца» старых.
Што ў Беларусі
У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 14 красавіка, пацьверджаны 3281 выпадак COVID-19, памерлі 33 чалавекі, за дзень выяўленыя 362 новыя выпадкі, у шпіталях лечаць 2444 пацыентаў, ня больш за 634 хворыя выпраўленыя на лячэньне дамоў.
Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
Распаўсюд па рэгіёнах, паводле Мінздароўя, на 14 красавіка такі:
- 1691 выпадак COVID-19 зафіксавалі ў Менску;
- 359 у Менскай вобласьці (бязь Менску);
- 848 у Віцебскай вобласьці;
- 151 у Магілёўскай вобласьці;
- 106 у Гомельскай вобласьці;
- 73 у Берасьцейскай вобласьці;
- 53 у Горадзенскай вобласьці.
У Беларусі зафіксавалі ў тым ліку 10 выпадкаў COVID-19 у цяжарных жанчын і 80 выпадкаў у дзяцей.
11 красавіка місія Сусьветнай арганізацыі здароўя на брыфінгу расказала пра вынікі вывучэньня сытуацыі ў Беларусі, заклікала да дадатковых захадаў дыстанцыяваньня і да скасаваньня масавых мерапрыемстваў, а таксама да «падрыхтоўкі да найгоршых сцэнароў».
На нарадзе зь міністрам аховы здароўя і шэрагам чыноўнікаў 13 красавіка Аляксандар Лукашэнка зрабіў шэраг выказваньняў пра пандэмію каранавірусу.
- «Гэты псыхоз, асабліва каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусьцілі рукі. І ў лякарнях перасталі змагацца за сваё жыцьцё».
- «Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ». І не паміраў.
- «Мы ўжо знайшлі камбінацыі лекаў, каб ратаваць людзей» ад COVID-19.
- «У нас няма ніякай самаізаляцыі», «гэта фактычна амбуляторнае лячэньне».
- «Самаізаляцыя аж на 14 дзён» не патрэбна.
- «Мы дарогу да храма нікому не закрываем». «Я буду ў царкве. Гэта мая традыцыя. Я рэдка бываю, але на Раство і Вялікдзень я заўжды ў царкве».
- Беларускія СМІ «трэба кантраляваць». «І Камітэту дзяржбясьпекі больш жорстка тут, і міліцыі, і Мінінфарм няхай глядзіць за ўсімі».
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.