Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эпідэмія сьвінога грыпу была страшнейшая». Што кажуць на падстанцыі хуткай дапамогі ў Менску, дзе на COVID-19 захварэла фэльчарка


Каля 8-й падстанцыі Менскай гарадзкой станцыі хуткай дапамогі. 14 красавіка 2020 году
Каля 8-й падстанцыі Менскай гарадзкой станцыі хуткай дапамогі. 14 красавіка 2020 году

Два тыдні таму калектыў 8-й падстанцыі Менскай станцыі хуткай дапамогі аказаўся «кантактамі 1-га ўзроўню», бо захварэла на каранавірус фэльчарка. 14 красавіка некалькі дзясяткаў лекараў, фэльчараў і кіроўцаў падстанцыі прайшлі тэст на каранавірус. У іх узялі мазок з рота і носа, замералі тэмпэратуру. Пра гэта Свабодзе сказаў загадчык 8-й падстанцыі ўрач Уладзімер Ціцішын.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

«Наша 8-я падстанцыя не развозіць хворых на каранавірус, але з „кантактамі“ працаваць даводзіцца. Ці стала іх больш? Ну, вы ж газэты чытаеце?», — сустрэчным пытаньнем адказаў Уладзімер Ціцішын. Дзеля засьцярогі лекар параіў найперш насіць маску і пальчаткі. Але сам выйшаў у двор падстанцыі бяз маскі.

«Толькі што здаваў мазок, таму зьняў маску. Я здаровы», — упэўнены Ўладзімер Ціцішын.

Што вядома загадчыку 8-й падстанцыі пра фэльчарку, якая захварэла? Паводле Ўладзімера Ціцішына, за два тыдні стан здароўя дзяўчыны палепшаў настолькі, што фактычна яна ўжо не адчувае сябе хворай.

Фэльчарка жыве ў Менску на арандаванай кватэры і, верагодней за ўсё, якраз там і падхапіла хваробу, мяркуе яе начальнік.

«Не на працы, гэта дакладна, — кажа ён. — Адчула лёгкія сымптомы прастуды, плюс у яе была павышаная тэмпэратура, але ня больш за 37,5 градуса. У гэтага каранавірусу такая асаблівасьць, што моцных прастудных сымптомаў можа і ня быць, а потым раптоўна пачынаюць адмаўляць лёгкія», — заўважае Ўладзімер Ціцішын. Таму, паводле лекара, гэтак важна дакладна вызначаць кола кантактаў кожнага, хто захварэў, і хутка ды паўнавартасна іх дыягнаставаць.

Праверка на каранавірус супрацоўнікаў 8-я падстанцыя Менскай гарадзкой станцыі хуткай дапамогі.. Чарга на праверку
Праверка на каранавірус супрацоўнікаў 8-я падстанцыя Менскай гарадзкой станцыі хуткай дапамогі.. Чарга на праверку

Доктар Ціцішын мяркуе, што ў Менску гэта наладжана добра.

«Гэтым у нас займаецца санітарна-эпідэміялягічная служба і робіць сваю справу выдатна. У тых, хто захварэў, хутка выяўляюць кола кантактаў, бывае да 50 чалавек, усіх бяруць на кантроль. Згодны, што зусім не абавязкова ўсіх кантактаў першага ўзроўню класьці ў шпіталь, шмат каму дастаткова хатняй ізаляцыі. Але правяраць як мае быць», — кажа лекар.

Гэтую ноч Уладзімер Ціцішын адпрацаваў на хуткай. Цяпер каля 14 гадзіны дня, а лекар выглядае бадзёра, нібы толькі заступіў на дзяжурства.

«Як па мне, дык надзвычай важна захоўваць аптымізм, не паддавацца паніцы. Ад каранавірусу ніхто не памёр, гэта праўда, бо паміраюць ад паражэньня лёгкіх, якія ён разбурае, ад абвастрэньня хранічных хвароб, — кажа доктар. — Але часу на барацьбу за тое, каб вылечыць чалавека, які захварэў, цяпер усё ж болей, чым у 2009 годзе, калі была эпідэмія сьвінога грыпу. Тая эпідэмія была страшнейшая, бо чалавек згараў за тры дні. А да гэтай эпідэміі мы лепш падрыхтаваныя».

«Баісься не баісься, а працаваць трэба»

У двары 8-й падстанцыі нам удалося пагаварыць з двума дактарамі, якія працуюць на машынах хуткай дапамогі і развозяць па шпіталях хворых, у тым ліку з падазрэньнем на каранавірус. Малады доктар Аляксей расказвае пра сваю працу:

«Пакуль едзем, пачынаем іх падтрымліваць маральна. Заўважыў, што мала хто панікуе, нават жартуюць. Канечне, шкада іх усіх, бо невядома ж, што там далей», — кажа доктар.

Сам падчапіць каранавірус ад тых, каго перавозіць, Аляксей не баіцца. Лекар падрабязна апісаў вопратку, якую атрымлівае, калі трэба везьці падазронага на каранавірус: блакітны ахоўны камбінэзон на маланках, шалом-маска, акуляры, чапец, пальчаткі. Паводле Аляксея, каб адвезьці «кантакт» у шпіталь, звычайна трэба больш за 2 гадзіны. Часьцей за ўсё такіх людзей вазіў у 6-ы гарадзкі шпіталь.

Другі доктар, чалавек пэнсійнага ўзросту, адразу папярэдзіў, што адмоўна ставіцца да любой прэсы — што дзяржаўнай, што недзяржаўнай. На пытаньне, ці ня страшна яму ў час пандэміі выяжджаць на лінію, адказаў гэтак:

«Мне заўсёды страшна, ня толькі цяпер. Бо па дарогах езьдзяць самыя розныя кіроўцы, у тым ліку непрадказальныя».

Група кіроўцаў машын хуткай дапамогі, якія таксама прыйшлі здаваць тэсты на каранавірус, была нешматслоўная.

«Баісься не баісься, а працаваць трэба». «Дадатковая прэмія за шкоднасьць? Вы што, хто яе бачыў?» «Вы б тут не стаялі, бо мы ж таксама — першы кантакт».

Ніводзін з кіроўцаў, якіх пабачылі карэспандэнты Свабоды, ня быў у мэдычнай масцы. Некаторыя віталіся адзін з адным за руку.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG