Глябальны «локдаўн» пазачыняў мільёны людзей у Эўропе ў сваіх дамах. Але ня ў Швэцыі. Там школы, фітнэс-залі і крамы працуюць як звычайна, а межы адчыненыя. Паводзіны швэдаў параўноўваюць з падыходам уладаў Беларусі. Беларус з Нарчопінгу Аляксандар Рагачоў тлумачыць, чаму параўноўваць ня варта.
У той час як большасьць краін сьвету ўводзяць жорсткія абмежаваньні сацыяльнай ізаляцыі, каб спыніць каранавірус, Швэцыя захоўвае спакой. Яго не парушае нават сумная статыстыка. На сёньня ў Швэцыі больш за 6 тысяч пацьверджаных выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі і 333 памерлых ад COVID-19.
Прэм’ер-міністар Стэфан Лёфвэн заклікаў швэдаў быць адказнымі, не распаўсюджваць паніку і плёткі. Бары і рэстараны па-ранейшаму абслугоўваюць жыхароў, дзеці ходзяць у садкі ў школы (толькі старэйшыя за 16 год вучацца дома). Можна пайсьці ў кіно, а цягнікі і аўтобусы па-ранейшаму перавозяць людзей па ўсёй краіне. Дазволеныя любыя публічныя сустрэчы, калі на іх зьбіраецца ня больш за 50 чалавек. Пазьбягаць сацыяльных кантактаў рэкамэндуюць усім, старэйшым за 70 гадоў.
Гучыць знаёма. Параўнаць меры ў Беларусі і Швэцыі Свабода папрасіла швэдзкага беларуса з Нарчопінгу (пад Стакгольмам) Аляксандра Рагачова, блогера Radjesh Chou у Фэйсбуку. Аляксандар працуе ІТ-кансультантам у швэдзкай кампаніі HiQ, мае навуковую ступень PhD у тэарэтычнай і матэматычнай фізыцы.
«Швэды робяць націск на абарону самых уразьлівых групаў насельніцтва»
— Карантыну няма ані ў Беларусі, ані ў Швэцыі. Ёсьць кропкавыя дзеяньні, заявы пра клопат аб эканоміцы. Гэтыя меры роўныя?
— На самой справе, складана параўноўваць. У Швэцыі прысутнічае маса інфармацыі, як і што робіцца, рэгулярна ўсе СМІ «бамбіць» ад разнастайных варыянтаў, што і як будзе. Урад і карантынная служба рэгулярна праводзяць прэсавыя канфэрэнцыі, чаго ня скажаш пра Беларусь. Таму я ня стаў бы так параўноўваць.
— Але сутнасьць падобная — не спыняем эканоміку, а ратуем краіну, бо шкода можа быць большая.
— Крыху ня так. Швэцыя адразу заявіла, што ў сілу абмежаванасьці рэсурсаў і магчымай нагрузкі на эканоміку асноўны ўпор будзе рабіцца толькі на дапамогу тым, хто ў групе рызыкі, астатнім — вось вам маса парадаў ад Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), ад нашай службы, як сябе паводзіць. У Беларусі ўсё ж ня так, мне здаецца.
— Калі заўтра ў Беларусі пачнецца шырокая інфармацыйныя кампанія, як у Швэцыі, то гэта пачне нагадваць швэдзкую мадэль?
— Карані параўнаньня — у папулізьме беларускай улады. Каб атрымаць швэдзкую мадэль, трэба спачатку замяніць насельніцтва на швэдаў.
— САЗ кажа, што там, дзе карантын увялі адразу, рост распаўсюду захворваньня не такі вялікі.
— У Швэцыі ўзялі курс на выпрацоўку групавога імунітэту ў насельніцтва, што ў доўгатэрміновай пэрспэктыве павінна даць лепшы вынік. Пры гэтым акцэнт робіцца на абарону самых уразьлівых групаў насельніцтва. Справа ў тым, што не існуе кансэнсусу, які з мэтадаў лепшы.
«Карантын бессэнсоўны, калі ён ня поўны, абсалютны і вечны»
— 2 тысячы навукоўцаў са швэдзкіх унівэрсытэтаў падпісалі адкрыты ліст да ўладаў і просяць прыняць больш жорсткія меры. Ці ня лепш страціць трохі ў эканоміцы, але ня даць вірусу запаланіць усю краіну?
— Разьлік такі, што пры выпрацоўцы групавога імунітэту краіна выберацца хутчэй з эпідэміі і пазьбегне тым самым цяжкіх эканамічных наступстваў, ускоснай шкоды ад якіх, у тым ліку і ў чалавечых жыцьцях, будзе больш.
— Чаму тады не прызнаць, што і ў Беларусі ўлады спрыяюць выпрацоўцы групавога імунітэту? Дый статыстыка ў Беларусі лепшая, чым у Швэцыі.
— Групавы імунітэт выпрацуецца ў любым выпадку. Пытаньне, як хутка і якім коштам. Падчас ранейшых эпідэмій ён быў даказаны. Незразумела, чым гэты вірус адрозьніваецца ад іншых. А афіцыйнай беларускай статыстыцы я б ня надта давяраў. Швэдзкая таксама не адлюстроўвае поўнай карціны, натуральна. Але цяпер гэта і ня трэба.
— Вы не давяраеце беларускай статыстыцы, але ў той жа час абрынуліся з крытыкай на Telegram-каналы ў Беларусі. Ня лічыце, што ў сытуацыі маўчаньня ўладаў яны — адна з крыніц праўдзівай інфармацыі?
— Тое, што я бачыў, — гэта адваротны бок маўчаньня і ігнараваньня праблемы беларускімі ўладамі, то бок нагнятаньне панікі. Справа нават не ў самой інфармацыі, а ў манеры, у якой яна падаецца: «А-а-а, трупы на вуліцах, а-а-а, апэратыўныя мерапрыемствы, а-а-а, улады маўчаць! Скупляй-панікуй». Паніка — гэта тое, што цяпер трэба найменш, але, на жаль, і ўлада, і гэтыя дурні з Telegram менавіта яе і распальваюць. Гэта агідна, на мой погляд.
— А што вы асабіста лічыце самым рацыянальным у беларускай сытуацыі?
— На кожным слупе расклеіць рэкамэндацыі САЗ. Забясьпечыць рэгулярнае інфармаваньне насельніцтва, што і як рабіць. І не чытаць перад абедам савецкіх газэт. Ну, і весьці статыстыку. З гэтым, як я разумею, ва ўлады вялікія праблемы.
— Ці варта ўводзіць карантын у Беларусі?
— Лічу, што ня трэба. Трэба, каб людзі сталі больш адказнымі, перасталі панікаваць і слухалі рэкамэндацыі САЗ. Карантын бессэнсоўны, калі ён ня поўны, абсалютны і вечны.
«У Швэцыі і з вакцынай ад грыпу штогод памірае да 600 чалавек»
— Прыблізна месяц таму вы пісалі ў Фэйсбуку, што не разумееце, адкуль такі ажыятаж вакол каранавірусу, маўляў, гэта проста грып. Тады ў Швэцыі не было аніводнай сьмерці, цяпер іх больш за 300. Ваш погляд зьмяніўся?
— Ды не, у прынцыпе. Вельмі вялікі мэдыя-ажыятаж вакол гэтага. У Швэцыі ад звычайнага грыпу, дакладней, ад спадарожных яму захворваньняў памірае ад 300 да 600 чалавек штогод. І гэта пры наяўнасьці вакцыны і значна меншым кантролі колькасьці тых, хто захварэў. Іх ніхто ня лічыць асабліва.
— На пачатку лібэральнай палітыкі Швэцыі што да каранавірусу такую палітыку падтрымлівалі 70% швэдаў. Але тады не было 6000 інфікаваных і больш як 333 сьмерцяў. Ці мяняецца грамадзкая думка пад уплывам трагічных лічбаў?
— Па сваіх асабістых адчуваньнях — ня думаю, што нешта зьмянілася. Нават апазыцыя не выказваецца супраць цяперашніх мераў, бо лічыць іх рацыянальным рашэньнем. Усё, наконт чаго яны спрачаюцца цяпер з урадам, — гэта колькасьць тэстаў і своечасовае забесьпячэньне бальніц усім неабходным. Ну, і падтрымка бізнэсу.
— Тое, што робіць Швэцыя, спрабаваў рабіць урад Борыса Джонсана. Але Брытанія вырашыла ўсё ж прымаць жорсткія меры, бо ў іх пачаўся імклівы рост сьмерцяў. Не баіцеся падобнага сцэнару?
— Іх прыклад нічога тут ня значыць. Па-другое, гэта вельмі складана зрабіць заканадаўча. Трэба ўносіць зьмены ў Grundlag, базавае заканадаўства, а гэта неймаверна складана.
— Швэдзкая мэдыцына хоць і ўзорная, але колькасьць ложкаў у краіне абмежаваная, як і апаратаў.
— Так, таму і такія прыярытэты. Тут уся мэдыцына так пабудавана — ніхто з грыпам да лекара наогул не зьвяртаецца.
— Калі ўявіць, што пачнецца бяда, як у Італіі, ці ня зробяць швэды крайнім урад, палітыку якога ў гэтым пытаньні яны сёньня масава падтрымліваюць?
— Ня трэба параўноўваць Швэцыю і Італію, у якой самае старое ў Эўразьвязе насельніцтва і абсалютна іншы стыль жыцьця, дзе старыя жывуць зь дзецьмі і ўнукамі, а антыбіётыкі ў крокавай даступнасьці. Таму, я думаю, такога ня здарыцца, хоць ахвяраў, на жаль, будзе шмат. Але статыстычна, думаю, ня больш, чым у краінах-суседзях.
— Ці адчуваеце вы нейкія панічныя настроі? Людзі скупляюць туалетную паперу, кансэрвы, крупы і г. д?
— На пазамінулым тыдні трошкі было. Цяпер ужо ўсяго навалам, хіба што дэзынфэктараў для рук няма, як і масак таксама няма, і ў звычайных крамах — жарапаніжальнага.
Людзі трымаюцца абмежаваньняў. На ўваходзе ў рэстаран ці кавярню лічаць людзей, каб не было больш за 50. У звычайных крамах людзей мала, вядома. Ёсьць праблема зь мігрантамі з краін трэцяга сьвету, ім на ўсё напляваць. І ў гэтым вялікая праблема.
У мяне на працы, напрыклад, калегі дакладна спакойныя і падтрымліваюць рацыянальны падыход улады. Учора размаўляў са знаёмай, працуе ў бальніцы ў суседнім горадзе, яна таксама абсалютна спакойная. Хоць адзін мой сябар настроены пэсымістычна, але, праўда, ён украінец.
Сацыяльныя службы працуюць, суседзі ходзяць па прадукты для старых. Сёньня бачыў, як нейкая жанчына кідала праз вакно бабулі торбу з прадуктамі.
— Калі ўсё ж жорсткія меры ўвядуць, то ці моцна гэта зьменіць вашае жыцьцё?
— Ня думаю. Сам я працую з дому, бо загадалі. Жонка езьдзіць на працу некалькі разоў на тыдзень, дзеці ходзяць у школу, як звычайна. Адзінае, што возім іх на машынах, каб менш карыстацца грамадзкім транспартам. Рукі мыем, захоўваем дыстанцыю ў чэргах, як раяць. Што можа зьмяніцца? Ну, дзеці будуць дома, а так — не істотна. Галоўнае, каб кампаніі не збанкрутавалі.