Сёньня ў Жыткавічах пахавалі 63-гадовага Мікалая Цярэню. Ён працаваў на маторабудаўнічым заводзе, у супрацоўніцы якога знайшлі каранавірус, а потым «адклікалі» дыягназ. У пятніцу Мікалай трапіў у шпіталь у Гомлі. У суботу – памёр.
Віталь, сын Мікалая, распавёў Свабодзе, што ў даведцы пра сьмерць напісалі «Вострая рэсьпіратарная недастатковасьць, вірусная пнэўманія».
«Сказалі хаваць у закрытай труне», – зазначыў Віталь. Пра каранавірус ў даведцы не напісана, і вусна сыну сказалі, што COVID-19 у Мікалая не было.
Ягоная маці і пляменьніца трапілі ў Жыткавіцкі шпіталь як магчымыя кантакты. Але тэсты ў іх далі адмоўны вынік. «Маці сёньня ранкам выпісалі», – дадаў жыхар Жыткавічаў.
«Тату было блага 6 красавіка, падымалася тэмпэратура, ён выклікаў лекара на дом. Яго забралі спачатку ў раённы шпіталь, была двухбаковая пнэўманія. У пятніцу яго забралі ў Гомель. У суботу патэлефанавалі адтуль, што ён памёр. Сказалі, што адмовіліся працаваць ныркі і сэрца», – казаў 13 красавіка Віталь.
22 сакавіка ў жыхаркі Жыткавічаў, якая працуе на маторабудаўнічым заводзе, знайшлі каранавірус. Яна трапіла з пнэўманіяй у Гомельскі сухотны шпіталь. Пазьней Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што тэст даў памылковы вынік. Тым ня менш завод апрацоўвалі дэзынфэкцыйнымі сродкамі.
Жанчына дагэтуль праходзіць лячэньне ў сухотным шпіталі ў Гомлі.
На Жыткавіцкім маторабудаўнічым заводзе 13 красавіка ніхто з кіраўніцтва не здымаў слухаўку. Былая супрацоўніца заводу паведаміла Свабодзе, што на прадпрыемстве захварэла сакратарка прыёмнай, яна ў шпіталі. Яшчэ 10 супрацоўнікаў заводу – на самаізаляцыі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ