Расея прыняла практычна ўвесь пакет запатрабаваньняў Беларусі, нафта дэ-факта будзе пастаўляцца бяз прэміі, заявіў 5 красавіка ў інтэрвію на дзяржаўным тэлеканале СТВ амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў.
«Расея прыняла практычна ўвесь пакет прапаноў запатрабаваньня. Не кажу просьбы — запатрабаваньня беларускага боку, гэта абсалютная праўда. Дэ-факта нафта будзе пастаўляцца бяз прэміяў», — сказаў ён.
Па словах Мезенцава, бакі абмяркоўваюць узровень цаны, «за якую ў красавіку — менавіта ў красавіку — нафта прыйдзе ў Беларусь». Для экспэртаў энэргасферы, дадаў пасол, гэта «стала шокам».
«Гэты сыгнал, я яго ня буду ацэньваць у якасьці посьпеху або прыбытку для нафтаперапрацоўчых заводаў. Але гэта яшчэ раз паказчык таго, што закантрактаванасьць — гэта аснова бездакорнага выкананьня абавязаньняў расейцамі. І важна, каб так было і надалей», — падкрэсьліў Мезенцаў.
Ён выказаў пажаданьне, каб «запатрабаваньне кожнага боку было рэалістычным, і каб не было імкненьня націснуць на сябра, суседа, партнэра так, каб, што б там ні было, яго зламаць».
«Гэта шлях ня вельмі дальнабачны, і ён не дае выніку, — сказаў пасол РФ. — Было ўзгоднена ў лістападзе — папера называецца „ўзгадненьне балянсаў паставак“. Вельмі важна, нават з улікам некаторых пэўных страт першага кварталу, нагнаць, каб за год мы практычна выйшлі на дамоўленасьці лістапада мінулага году», — заявіў Мезенцаў.
Паводле яго, «лічба там дастатковая»: «працоўны аптымальны аб'ём паставак на два беларускія НПЗ — Наваполацкі і Мазырскі — гэта два мільёны тон». Ён дастатковы для высокай якасьці перапрацоўкі і экспартных паставак у шэраг краін-суседзяў і краін далёкай дугі, дадаў Мезенцаў.
Што тычыцца газу, то, як лічыць пасол РФ, нягледзячы на зьніжэньне сусьветных цэнаў на газ, цэны на яго пастаўкі пераглядаць ня будуць.
«Цяпер, калі, вядома, ідзе зьмяненьне цаны на газ на вонкавых рынках (тым больш што цана, як правіла, прывязваецца да вонкавай цаны на нафту), мне здаецца, для экспэртнай супольнасьці, для энэргетыкаў, для газавікоў таксама фактар да таго, каб гэта ўлічваць. Але раз падпісана пагадненьне — яно павінна выконвацца», — падкрэсьліў Мезенцаў. Пры гэтым ён ня выключыў, што дамоўленасьці могуць перагледзець на перамовах.
Цяперашняе закрыцьцё межаў паміж Беларусьсю і Расеяй дыплямат назваў не палітычным крокам, а рашэньнем, мэта якога — засьцерагчы людзей ад кантактаў, выключнай часовым захадам.
«Абсалютна ўпэўнены, што і Расея, і Беларусь выйдуць з дакладным разуменьнем, што трэба рабіць, з прапісанымі плянамі ў рамках ЭАЭС і саюзнага будаўніцтва, перакананьнем, што бяда гуртуе», — падкрэсьліў пасол.
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі