Аляксандар Лукашэнка 3 красавіка заявіў, што «з улікам кан’юнктуры рынку і невысокай цаны на нафту» варта купляць гатовыя нафтапрадукты і запаўняць імі сховішчы ва ўсіх раёнах і абласьцях краіны.
«Трэба мабілізавацца, трэба ведаць, колькі зможам захоўваць у гаспадарках паліва, колькі на базах — у раёнах, абласьцях. Трэба купіць нафтапрадукты і запоўніць сховішчы», — цытуе Лукашэнку БелТА.
Цэны на нафту сапраўды падалі цягам сакавіка і працягваюць заставацца нізкімі ў пачатку красавіка, хоць менавіта 3 красавіка пачалі расьці.
Расейская кампанія «Роснефть» і беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы падпісалі 2 красавіка кантракты на пастаўку нафты ў Беларусь — як казаў беларускі прэм’ер-міністар, па цане каля 4 даляраў за барэль.
Праз пандэмію каранавірусу шэраг беларускіх прадпрыемстваў мяняе ўмовы працы, каб засьцерагчы рабочых.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.