Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі у заяве на сайце цэнтру піша, што моцна ўстрывожаны тым, як ўлады ўтойваюць рэальны стан рэчаў пры эпідэміі каранавірусу ў Віцебску.
Падобная сытуацыя яму нагадвае 2009 год, калі «такім жа самым чынам хавалася ад грамадзтва інфармацыя пра птушыны грып». Бяляцкі ў той час перахварэў на яго — і на двухбаковае запаленьне лёгкіх. Хаця дыягназ птушынага грыпу яму так і ня быў афіцыйна пастаўлены.
У сувязі з распаўсюдам у краіне каранавірусу «Вясна» цалкам далучаецца да патрабаваньня Беларускай асацыяцыі журналістаў аб прадстаўленьні рэгулярнай, поўнай і дакладнай інфармацыі аб сытуацыі з COVID-19. Адпаведна артыкулу 34 Канстытуцыі, улада павінна інфармаваць людзей аб дзейнасьці дзяржаўных органаў і тым, што тычыцца нашых правоў і законных інтарэсаў.
«Мы маем права ведаць, што адбываецца ў краіне і што робіць у гэтым выпадку дзяржава, — піша Бяляцкі. — Наш народ заслугоўвае ведаць праўду. Прасьцей тады вырашаць праблемы, калі ўсе мы ведаем сапраўдны стан рэчаў».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.