Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Карантын запавольвае распаўсюд каранавірусу», — прадстаўніца WHO, якая хваліла Беларусь на дзяржаўным ТВ


 Менск і Мадрыд
Менск і Мадрыд

У нядзелю тэлеканал ОНТ паказаў кароткае інтэрвію з прадстаўніцай Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO). У эфіры праграмы «Контуры» Маргарэт Гарыс хваліла Беларусь і падкрэсьліла важнасьць захаваньня эканомікі.

Свабода задала прэс-сакратарцы WHO дадатковыя пытаньні.

УЖЫВУЮ Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

— Ці варта іншым краінам браць прыклад зь Беларусі ў змаганьні з каранавірусам, улічваючы невялікую для 9,5 млн чалавек колькасьць хворых, вялікую колькасьць тэстаў і адсутнасьць сьмерцяў (гутарка адбылася да пацьверджаньня першай сьмерці. — РС)?

— Мы не параўноўваем краінаў і не параўноўваем іхных вынікаў. Я сказала ў інтэрвію беларускаму каналу, што важна зьменшыць колькасьць выпадкаў, выкарыстоўваючы добрыя захады грамадзкай сыстэмы аховы здароўя — тэставаньне для выяўленьня кожнага выпадку і ізаляцыю кожнага чалавека з інфэкцыяй. Неабходна выяўляць усіх, хто ўступіў у кантакт з кімсьці, у каго ёсьць пацьверджаны выпадак, і зьмяшчаць іх у карантын для прадухіленьня распаўсюду інфэкцыі.

Я гаварыла пра лячэньне ўсіх хворых, абарону і падтрымку ўсіх работнікаў аховы здароўя, каб яны маглі бясьпечна выконваць сваю працу ў доглядзе хворых.

Маргарэт Гарыс
Маргарэт Гарыс

— Што неабходна рабіць, у тым ліку і Беларусі, каб перамагчы вірус?

— Каб перамагчы вірус, краінам патрэбна жорсткая і мэтанакіраваная тактыка. Жорсткія меры для пошуку, тэставаньня, ізаляцыі і лячэньня выпадкаў, а таксама адсочваньня кантактаў — гэта ня толькі найлепшы і найхутчэйшы выхад з сацыяльных і эканамічных абмежаваньняў, але і найлепшы спосаб іх прадухіленьня.

— Шмат хто крытыкуе меры сацыяльнага дыстанцыяваньня. Маўляў, яны малаэфэктыўныя, але адначасова моцна адбіваюцца на эканоміцы, паколькі людзі не працуюць і, адпаведна, не зарабляюць на жыцьцё.

— Меры фізычнага дыстанцыяваньня могуць запаволіць вірус настолькі, каб сыстэма аховы здароўя магла зь ім справіцца, але самі па сабе яны ня спыняць гэтую пандэмію. Каб пераламаць пандэмію, краінам неабходна інвэставаць у комплексны і зьмяшаны падыход. Каб прыпыніць і кантраляваць эпідэмію, краіны павінны ізаляваць, тэставаць, лячыць і адсочваць.

— Амаль усе краіны спрабуюць замарозіць разьвіцьцё эпідэміі карантынам, але Беларусь гэтага ня робіць. Куды гэта вядзе?

— Карантын эфэктыўна выкарыстоўваецца падчас гэтай эпідэміі, каб стрымаць яе распаўсюд, у некалькіх краінах. Гэта адно зь некалькіх дзеяньняў, якія разам могуць быць часткай эфэктыўнай стратэгіі, якая дапаможа хутка выявіць, ізаляваць і спыніць успышкі. І хаця рашэньні пра тое, калі ўводзіць карантын, павінны прымацца самімі краінамі, мы бачым, што калі зрабіць гэта на пачатку эпідэміі, то гэта запавольвае распаўсюд COVID-19.

— У Беларусі вельмі рэдкая і скупая афіцыйная інфармацыя, няма дзяржаўнай кампаніі прафіляктыкі, як вы гэта ацэньваеце?

— Наш генэральны дырэктар на нядаўнім брыфінгу для прэсы сказаў: «Прасіць людзей заставацца дома і іншыя захады фізычнага дыстанцыяваньня — гэта важны спосаб запаволіць распаўсюджваньне вірусу і выйграць час, але гэта ахоўныя меры. Каб перамагчы, нам трэба атакаваць вірус з дапамогай жорсткай і мэтанакіраванай тактыкі — тэставаць кожны падазроны выпадак, ізаляваць і клапаціцца пра кожны пацьверджаны выпадак, а таксама адсочваць і зьмяшчаць у карантын кожны блізкі кантакт».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG