Віцебскі гарвыканкам 27 сакавіка зацьвердзіў плян дадатковых мерапрыемстваў па прафіляктыцы і зьніжэньні распаўсюджваньня каранавірусу і іншых рэсьпіраторных інфэкцый.
Якія захады павінны рабіцца:
- работнікаў з прыкметамі вострых рэсьпіраторных інфэкцый ня будуць дапускаць да працы;
- абмяжуюць выезды супрацоўнікаў у камандзіроўкі; нарады, сэмінары, пасяджэньні патрабуюць праводзіць пераважна празь відэа- і аўдыёканфэрэнцыі;
- бацькам дазволяць не вадзіць дзяцей у дзіцячы садок, за гэтыя дні грошы за садок не налічаць;
- школьнікаў рэкамэндуюць увесь дзень трымаць у адным клясе, у гуртках — ня зьмешваць вучняў з розных клясаў (у тым ліку ў пэрыяд канікул);
- скасаваць у ВНУ, каледжах і ліцэях групавыя заняткі і перавесьці навучэнцаў на дыстанцыйнае навучаньне;
- іншагароднім студэнтам забараніць выяжджаць дахаты на выходныя;
- у спарткомплексах навучальных установаў не пускаць староньніх наведнікаў, каб яны не маглі займацца разам з навучэнцамі;
- забараніць наведваньні інтэрнатаў пабочнымі асобамі, а таксама забараніць праводзіць у іх масавыя мерапрыемствы;
- забясьпечыць у кавярнях, рэстарацыях, месцах грамадзкага харчаваньня адлегласьць паміж сталамі для наведнікаў ня менш як 1,5 мэтра адзін ад аднаго;
- забараніць масавыя мерапрыемствы ў бібліятэках, музэях, выставачных комплексах і інш.;
- адмяніць правядзеньне выставаў, кірмашоў, прэзэнтацый у закрытых памяшканьнях;
- забараніць наведваньне дамоў для састарэлых і інвалідаў, узмацніць кантроль за здароўем іх жыхароў;
- забясьпечыць маскамі і антысэптыкамі сацыяльных работнікаў, работнікаў пошты, банкаў і інш., якія аказваюць паслугі пажылым людзям дома;
- перанесьці плянавыя абсьледаваньні спэцыялізаванымі арганізацыямі стану жылога фонду, інжынэрных унутрыкватэрных сетак, прыбораў;
- працягваць праводзіць дэзынфэкцыю грамадзкага транспарту, а таксама аўтавакзалу;
- адмяніць у гандлёва-забаўляльных цэнтрах, гандлёвых цэнтрах, крамах імпрэзы для дзяцей, групавыя прэзэнтацыі, дэгустацыі, рэклямныя акцыі і інш. Забясьпечыць работнікаў, якія маюць непасрэдны кантакт з наведнікамі, маскамі і антысэптыкамі для апрацоўкі рук;
- у цэрквах і касьцёлах, храмах і кляштарах забясьпечыць рэгулярнае мыцьцё і антысэптыкі для рук, прыбіраньне памяшканьняў з дэзынфэкцыйнымі сродкамі, праветрываць памяшканьні, апрацоўваць мэблю, дзьвярныя ручкі, абразы і інш.;
- засяленьне людзей у гатэлі, кемпінгі і інш. праводзіць як мага далей адзін ад аднаго (на розных паверхах, у розных баках калідора), апытваць наведнікаў пра стан іх здароўя;
- наведнікаў у цырульнях, тату-салёнах, салёнах прыгажосьці, пэрманэнтнага макіяжу і інш. прымаць толькі па папярэднім запісе, з інтэрвалам паміж кліентамі ня менш за 5 хвілін;
- адмяніць працу дыскатэк, начных клюбаў, кальянных, боўлінгаў, більярдных, кампутарных клюбаў, забаўляльных установаў пасьля 23.00;
- на прамысловых аб’ектах усіх формаў уласнасьці прыбіраць памяшканьні з масавым знаходжаньнем людзей, выкарыстоўваючы дэзсродкі, забясьпечыць эфэктыўную працу вэнтыляцыі і кандыцыянаваньня, абмежаваць колькасьць работнікаў у зьмену, разьмежаваць іх патокі пры дзьвюхзьменнай працы, зь перапынкам паміж зьменамі ня менш за 20 хвілін; не пускаць староньніх наведнікаў; рамонтнікаў і тых, хто абслугоўвае абсталяваньне, пускаць толькі ў масках.
Што адбываецца ў Віцебску
29 сакавіка тэлеграм-канал Nexta апублікаваў інфармацыю, што міліцыі забаранілі выяжджаць і заяжджаць на Віцебшчыну. У МУС сьцьвярджаюць, што гэта датычыцца ўсіх рэгіёнаў, але паводле крыніц Tut.by, гэта распараджэньне міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева, выключае наведваньне Віцебскай вобласьці, а таксама выезд з яе, датычыцца толькі аднаго рэгіёну краіны — менавіта Віцебскай вобласьці.
30 сакавіка стала вядома, што адзін з актораў драматычны тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску цяпер у рэанімацыі з пнэўманіяй і мае станоўчы тэст на каранавірус. Тэатар скасаваў спэктаклі да 18 красавіка.
На 30 сакавіка 11 супрацоўнікаў тэатру маюць рэсьпіраторныя захворваньні, ёсьць і іншыя людзі з запаленьнем лёгкіх, але COVID-19 выявілі толькі ў аднаго.
Паводле жонкі актора, якая таксама 5 дзён праляжала ў чыгуначным шпіталі Віцебску з пнэўманіяй, цяпер у чыгуначным шпіталі знаходзяцца 6 чалавек з каранавірусам. Шмат людзей ляжаць з пнэўманіямі, ім зьбівалі тэмпэратуру, лячылі антыбіётыкамі і выпісвалі, ня робячы ніякіх тэстаў на каранавірус. Таксама, паводле яе, як мінімум 7 актораў Коласаўскага тэатра знаходзяцца на бальнічным, большасьць з пнэўманіяй.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ