На раніцу 30 сакавіка ў сьвеце зафіксавалі амаль 722,5 тысячы выпадкаў COVID-19: каля 142 тысяч у ЗША, 98 тысяч у Італіі, 82 тысячы ў Кітаі, 80 тысяч у Гішпаніі, 62 тысячы ў Нямеччыне, 40 тысяч у Францыі, 38 тысяч у Іране, 20 тысяч у Вялікай Брытаніі, 15 тысяч у Швайцарыі.
Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі каля 34 тысяч чалавек. Зь іх 10 779 у Італіі, 6803 у Гішпаніі, 3308 у Кітаі, 2640 у Іране, 2606 у Францыі, 2485 у ЗША.
Выпісалі амаль 152 тысячы пацыентаў, якіх паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца каля 537 тысяч, зь іх 26,7 тысячы ў цяжкім стане.
У Беларусі на 27 сакавіка пацьвердзілі 94 выпадкі інфэкцыі новым каранавірусам: 32 «выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі», яшчэ 62 «знаходзяцца пад мэдыцынскім кантролем і на лячэньні», два выпадкі пераправяраюць. Пасьля 27 сакавіка Мінздароўя не публікавала статыстыкі.
У Расеі ўжо пацьвердзілі 1534 выпадкі (8 сьмерцяў, 64 выпісаныя, 8 у цяжкім стане). Ад 30 сакавіка Расея мела закрыць усе межы, у тым ліку зь Беларусьсю. З 30 сакавіка да 4 красавіка ва ўсёй Расеі абвясьцілі тыдзень выходных, ад 30 сакавіка ў Маскве — карантын.
Ва Ўкраіне пацьвердзілі ўжо 475 выпадкаў (10 сьмерцяў, 6 выпісаных). Прэзыдэнт Украіны выступае за прыняцьце законаў у падтрымку эканомікі і заяўляе, што без дапамогі «міжнародных фінансавых партнэраў» на суму ня менш як 10 млрд даляраў можа зьявіцца «пагроза дэфолту». Ад 17 сакавіка да 24 красавіка Ўкраіна закрыла мяжу для пасажырскіх перавозак.
У Расеі і Ўкраіне колькасьць зафіксаваных выпадкаў COVID-19 перавысіла 10 на 1 млн насельніцтва (10,5 у Расеі, 10,7 ва Ўкраіне). Цяпер Беларусь стала краінай з самай малой колькасьцю выяўленых выпадкаў на душу насельніцтва ў Эўропе (9,9 на 1 млн).
Але беларуская афіцыйная статыстыка не абнаўлялася 27 сакавіка — тады прадстаўнікі Мінздароўя сказалі, што сьвядома выбралі тактыку «нештодзённага інфармаваньня» пра COVID-19, бо, як сказала намесьніца міністра Алена Богдан, «нічога экстраардынарнага ў краіне не адбываецца».
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.