Антон Матолька, Павал Белавус і Эдуард Пальчыс — арганізатары мітынгаў-канцэртаў #БНР100 і #БНР101 — расказалі, як будуць адзначаць 102-ю гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ва ўмовах пандэміі новага каранавірусу.
Раней шэраг партыяў і рухаў асобна ад каманды #БНР100 плянавалі публічна адзначыць БНР-102 мітынгам-канцэртам у Менску 22 сакавіка, але імпрэзу перанесьлі на няпэўны час «дзеля бясьпекі людзей».
Трансьляцыя
Пляны каманды #БНР100 на Дзень Волі ў 2020 годзе публікуюць на сайце Hodna.by. Каманда плянавала розныя імпрэзы «ў рэальным сьвеце», але спыніла іх падрыхтоўку і перайшла цалкам у інтэрнэт-фармат.
«25 сакавіка запрашаем вас далучыцца да онлайн-свята „Годны Дзень Волі“ з дапамогай вашых тэлефонаў, кампутараў і тэлевізараў, — пішуць на сайце інтэрнэт-сьвяткаваньня. — Трансьляцыя пачнецца а 18.00 на сайце Hodna.by і ва ўсіх нашых сацыяльных сетках.
І самае галоўнае — расказвайце, як вы адзначаеце Дзень Волі 2020, у сацыяльных сетках і пазначайце ў вашых публікацыях хэштэг #БНР102».
На трансьляцыю абяцаюць запрасіць вядомых дзеячоў культуры, грамадзкіх актывістаў і музыкаў. Таксама прапануюць «Плян дэцэнтралізацыі».
«Плян дэцэнтралізацыі»
25 сакавіка арганізатары #БНР100 заклікаюць:
- разьмясьціць нацыянальныя сымбалі Беларусі на сваім бальконе, у аўтамабілі, акне кватэры ці двары дома;
- павіншаваць з Днём Волі сяброў, родных і знаёмых у сацыяльных сетках, на працы ці ў навучальнай установе;
- увечары 25 сакавіка а 21.00 запусьціць сьвяточны фаервэрк;
- арганізаваць самастойнае адзначэньне Дня Волі ў сямейнай ці сяброўскай кампаніі, глядзець трансьляцыю з «адчуваньнем сувязі з усімі беларусамі, якія падтрымаюць гэты плян».
Збор грошай
На арганізацыю сьвяткаваньня #БНР102 патрэбныя грошы: на арэнду пляцоўкі і відэаабсталяваньня, музычныя інструмэнты, афармленьне студыі, рэкляму ў сацсетках і іншае.
Ужо запушчаны збор праз сайт Molamola.by — там хочуць сабраць 5000 рублёў. Таксама неўзабаве можа запусьціцца збор грошай праз Facebook.
А яшчэ Вольскі
Беларускі сьпявак Лявон Вольскі плянаваў у Менску паўнавартасны электрычны канцэрт зь бясплатным уваходам 25 сакавіка, але перавёў яго ў інтэрнэт-фармат. Цяпер онлайн-канцэрт заплянаваны на 20.00 25 сакавіка, яго можна будзе паглядзець на Youtube-канале Lavon Volski.
Акрамя таго, зь нядаўняга часу ўсе альбомы ранейшага праекту Вольскага, гурту N.R.M. у складзе 1995–2007 гадоў, можна легальна паслухаць або купіць у інтэрнэце, ад Apple Music да Yandex Music.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.