Уладзімер Мазанік 21 сьнежня прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу і выступаў перад удзельнікамі мітынгу супраць паглыбленай інтэграцыі з Расеяй. Зьвяртаючыся да пратэстоўцаў, Уладзімер Мазанік сказаў, што ён карэнны мянчук, празь месяц яму споўніцца 90 гадоў, ён сын рэпрэсаванага чыноўніка сталінскіх часоў. На грудзях у прамоўцы былі фатаздымкі бацькі і партрэты Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадзкага.
Уладзімер Мазанік параўнаў гісторыю свайго бацькі зь лёсамі зьніклых беларускіх апазыцыянэраў: «Як і іхныя сваякі, я гэтаксама ня маю месца, куды можна пакласьці бацьку кветкі». Але ў канцы прамовы Ўладзімер Мазанік сказаў, што больш на мітынгі ня пойдзе. Чаму?
«Мяне тут нічога больш не трымае»
Цёмны даўгі калідор вядзе да паліц з хатнімі кветкамі пад зыркай лямпай і заканчваецца магутнымі мэталічнымі дзьвярыма. Гэтая кватэра знаходзіцца ці ня ў цэнтры Менску, але не пакідае ўражаньне, што ты ў бараку сталінскіх часоў. Дзьверы адчыняе сівы чалавек, ў якім пазнаю мітынгоўца Ўладзімера Мазаніка.
Стары ветліва на расейскай мове запрашае ў кватэру і нібыта не жартуючы кажа, што гэта ў яго шасьціпакаёўка. Далей ідзе пералік, які ўсё ставіць на месца. Тамбур, ванны пакой, прыбіральня, кухня, гаўбец і адзіны жылы пакой. У пакоі над ложкам вісіць фатаздымак прыгожай маладой жанчыны. Гэта Ніна Васілеўна, жонка Ўладзімера Іванавіча, якая памерла 2 гады таму. Цягам размовы стары шмат разоў скажа, што не праходзіць дня, каб ён ня ліў сьлёз па сваёй Ніначцы.
Два гады, кажа, трымаўся, але больш няма сілы, вырашыў з адзінотай заканчваць. «Усё, пераеду неўзабаве ў інтэрнат для вэтэранаў, які ў Ждановічах. Як касманаўт, здаў усе аналізы, сабраў усе магчымыя даведкі. Што мне тут аднаму рабіць? Ваўком выю. Ніны маёй больш са мною няма, дзеці і ўнукі жывуць асобна, мяне тут нічога не трымае».
«Лукашэнка не адказаў, ад Пуціна таксама ні гу-гу»
Пытаюся пра змаганьне Ўладзімера Іванавіча за адкрыцьцё ў Менску помніку ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Чаму не атрымалася? Адказвае неахвотна, з расчараваньнем.
Больш за 10 апошніх гадоў ён быў захоплены ідэяй адкрыцьця ў Менску помніку ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Марыў, каб узьнікла месца кшталту Салавецкага каменя на Лубянскай плошчы ў Маскве, каб можна было прыйсьці да яго ўсім — і тым, чые продкі ляжаць ў Курапатах пад Менскам ці Хайсах пад Віцебскам, і тым, чые сваякі загінулі ў далёкім ГУЛАГу, як ягоны бацька.
Мазанік нават падабраў і прапанаваў менскім уладам прыдатнае месца — у сквэры на вуліцы Гарадзкі Вал. Хаця быў згодны і на іншыя пляцоўкі. Абышоў ўсе магчымыя інстанцыі, быў на прыёме ў самых высокіх чыноўнікаў, пісаў звароты, а атрымаў толькі адпіскі.
Ад міністэрства культуры — што статус урочышча Курапаты «належным чынам увекавечвае памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў». Ад Менгарвыканкаму — што ўсталёўваць яшчэ адзін помнік, «прысьвечаны дадзенай тэматыцы, немэтазгодна». У рэшце рэшт Ўладзімер Іванавіч напісаў ліст Аляксандру Лукашэнку. Не атрымаўшы адказу ад яго, зьвярнуўся да Ўладзіміра Пуціна. Прычым пісаў таму тройчы. Прасіў Пуціна «замовіць за нас слова» ў размовах з Лукашэнкам.
«Вынік той самы: ні гу-гу. У выніку я плюнуў і больш не хаджу па іхных кабінэтах ды нічога ім не пішу! Як яны ня ўцямяць, што гэта ня мне патрэбна? Мне ўжо мала жыцьця засталося. Гэта дзецям іхным і ўнукам патрэбна. То як хочуць!»
«Месца пахаваньня невядомае»
А якую памяць беражэ сам Уладзімер Мазанік?
Ягоны бацька Іван Данілавіч Мазанік, інжынэр у наркамаце саўгасаў БССР, быў арыштаваны ў студзені 1941 году і на 8 гадоў адпраўлены ў лягер на тэрыторыі Астраханскай вобласьці, дзе праз год памёр. Паводле афіцыйнай даведкі — ад сухотаў. «У архіўнай справе зьняволенага Мазаніка І. Д. месца пахаваньня не пазначана», — прыйшоў адказ зь міліцыі Астраханскай вобласьці Расеі.
Уладзімер Івананавіч цяпер згадвае, што бацька вельмі паважліва ставіўся да Расеі, нават аддаў старэйшых сыноў вучыцца менавіта ў расейскамоўную школу, хаця непадалёк была і беларуская.
«Вырашыў, што расейская больш пэрспэктыўная для Беларусі за беларускую». У гэтым рашэньні, згодны Ўладзімер Івананавіч, відаць горкая іронія, бо тая пэрспэктыва асабіста для ягонага бацькі абярнулася даносам, арыштам і лягерам, адкуль ён не вярнуўся.
«Бацькаў наркамат (народны камісарыят. — РС) знаходзіўся ў Доме ўраду, ягоны кабінэт быў на шостым паверсе. Мяркую, ён быў добрым інжынэрам, бо чалавекам быў вельмі акуратным, уважлівым да ўсіх дэталяў. Відаць, яму давалі адказныя заданьні праектаваць саўгасы ў Заходняй Беларусі, якую толькі што далучылі. Але, прыязжаючы з службовых выправаў, ён ня мог не параўноваўваць гэтыя новыя землі з нашымі. Гэтак і казаў, што там простыя сяляне жывуць лепш, прыводзіў факты, цэны. У выніку на яго напісалі данос і арыштавалі нібыта за антыкалгасную прапаганду», — расказаў Уладзімер Мазанік пра свайго бацьку.
У пачатку 1960-х гадоў, ужо за Мікітам Хрушчовым, калегія Вярхоўнага суду СССР пасьмяротна рэабілітавала Івана Мазаніка. Але гэта пакуль усё, што ўдалося для яго зрабіць сваякам. «Відаць, помніка я ўжо не дачакаюся», — сумна зазначае сын рэпрэсаванага.
«А праз 5 месяцаў была вайна»
У 11 гадоў Уладзімер Мазанік застаўся бяз бацькі, а ўжо праз 5 месяцаў грымнула вайна. У маці на выхаваньні былі тры сыны і зусім маленькая дачка, якая нарадзілася празь некалькі месяцаў пасьля арышту бацькі. Ён яе так і не пабачыў. Да арышту бацькі сям’я жыла ў «пяцісьценцы» на Беламорскай вуліцы («пяцісьценкамі» звалі дамы на дзьве кватэры з агульнай сьцяной пасярэдзіне дому.) Але кватэра Мазанікаў была недабудаваная, падлогу гаспадар пасьпеў пасьцяліць толькі ў адным пакоі, дзе ўсе і разьмяшчаліся. А вось суседзкая кватэра была ня толькі цалкам адбудаваная, але і добра мэбляваная.
«О, там печы з такою кафляю былі, а шафы якія!» — дагэтуль захапляецца Ўладзімер Іванавіч. Як у Менск прыйшлі фашысты, іхны дом адразу выбралі для мясцовай камэндатуры, а гаспадароў проста выкінулі на вуліцу. Куда падзецца? Маці Ўладзімера Мазаніка зь дзецьмі паехала на Валожыншчыну ды ўгаварыла знаёмых сялян узяць старэйшых сыноў парабкамі.
Падчас вайны жылося братам Мазанікам па-рознаму. «Мне дык больш-менш пашанцавала, працаваў падпаскам у гаспадара, але кармілі няблага, давалі дзе спаць. А што яшчэ ў такі час трэба? А вось брата ледзь выратаваў. Прыйшоў яго адведаць, а ён такі худы і моліць, каб забраў яго адтуль, кажа, зусім яго ня кормяць. Во якія людзі бываюць! Ім далі дзіця на ўтрыманьне, а яны ледзь не загубілі».
Вяртаньне дамоў
У Менск сям’я Мазанікаў вярнулася толькі ў сярэдзіне 1945 года. Дом Мазанікаў у Менску ацалеў, але ў яго засяліліся новыя гаспадары. Што рабіць? Па вызваленьні Менску людзі часта самастойна засяляліся ў пустыя дамы і кватэры, але калі раптам вярталіся гаспадары — ці даходзіла да канфліктаў? Уладзімер Мазанік кажа, што ў іхным выпадку спрэчку ўрэгулявалі хутка і мірна. «А як жа? Дом па ўсіх дакумэнтах быў наш, уласны. Ім загадалі выселіцца, а мы заехалі. Потым і сусед даваенны вярнуўся, яму таксама ягоную палову вызвалілі».
Каб пражыць, Мазанікі яшчэ шмат гадоў пускалі да сябе кватарантаў, а самі ўціскаліся ў адзін пакой. Уладзімер знайшоў сабе працу на піўным бровары «Беларусь» (цяпер «Аліварыя»).
«Там быў цэх безалькагольных напояў, і мяне ўзялі туды рыхтаваць газ для вырабу газаванай вады. Працэс вельмі небясьпечны і цяжкі, толькі хто пра тое тады думаў, якая там тэхніка бясьпекі!», — згадвае ён.
Працаўнікам бровару плацілі нейкія грошы, але купіць на іх не было чаго, бо нават хлеб прадавалі па картках. Больш рабочыя цанілі тое, што ім давалі па 10 кіляў ячменнай макухі, зь якой ужо зварылі піва. Тую макуху рабочыя выменьвалі на харчы ў сялян, якія прыяжджалі адмыслова да прахадной, каб набыць корм для свойскай жывёлы. Гэтак можна было вымяняць бульбу, кавалак сала, цыбулю.
Уладзімер Мазанік пратрымаўся на бровары год і ўладкаваўся малатабойцам ў майстэрні, якія абслугоўвалі будаўніцтва політэхнічнага інстытуту. Асноўнай працоўнай сілай там былі палонныя немцы, а беларусы — брыгадзіры, інжынэры, вартаўнікі.
Уладзімер згадвае, што немцам жылося вельмі цяжка: жылі яны ў халодных бараках, кепска харчаваліся і адкрыта пабіраліся на прылеглых да будоўлі вуліцах і кірмашыках.
Чым Мазураў лепшы за Машэрава
Паводле Ўладзімера Мазаніка, праблемы з харчаваньнем зьніклі ў Менску толькі ў канцы 1950-х гадоў, а з прамысловымі таварамі стала лягчэй у пачатку 60-х. Добрым словам ён згадвае часы, калі Беларусьсю кіраваў Кірыл Мазураў. А вось пра часы Пятра Машэрава згадаў, што, як той заступіў на галоўную ў рэспубліцы пасаду, дык з прадуктамі ў Менску стала горш і падняліся цэны.
«Яшчэ не пераносіў, як Машэраў займаўся лізаблюдзтвам перад гэтым маскоўскімі чынамі: „Паважаны Леанід Ільліч, паважаны Леанід Ільліч...“ І што зьнёс старыя вуліцы Нямігі — гэта дрэнна. Наш першы дом быў на Новамясьніцкай вуліцы, гэта побач з самым замчышчам. Якая тады Сьвіслач была чыстая, там людзі купаліся, загаралі... А пры Машэраву ўзгорак зьнесьлі, раён зруйнавалі, пабудавалі гэтую краму ў каньёне — што ў ёй прыгожага? Вось да Машэрава такога руйнаваньня не было і пасьля яго таксама», — мяркуе Ўладзімер Мазанік.
«Аляксандар Рыгоравіч, сыдзіце самі»
Гарбачоўскія часы, як і першыя гады незалежнасьці Беларусі, Уладзімер Мазанік абмяркоўваць ня стаў, спаслаўшыся на дрэнную памяць. Але дастаў свой архіў і паказаў стос публікацыяў у недзяржаўнай прэсе пра сябе і тыя артыкулы, якія сам напісаў у 2000-х гадах. «Стукач на бацьку ліст напісаў», «Каты і ахвяры», «Аляксандр Рыгоравіч, сыдзіце самі» — гэта некаторыя загалоўкі артыкулаў з архіву Ўладзімера Мазаніка. А вось ягоны ліст ў «Народную волю» васьмігадовай даўніны. «Усё жыцьцё я чакаю перамен. Мне ужо 82 гады, дрэннае здароўе, адлік жыцьця ідзе не на гады, а, магчыма, на месяцы. І відавочна, што адпраўлюся я ў іншы сьвет пры тым жа рэжыме, пры якім нарадзіўся. Крыўдна і горка».
Разьвітваемся з Уладзімерам Мазанікам на парозе ягонай «шасьціпакаёвай» кватэры. Ён затрымлівацца, каб паказаць свае кветкі ў калідоры.
«Вядома, я даглядаю, хто ж яшчэ? Тут такія суседзі... Ну, не запрашаю зноў сюды, бо неўзабаве зьеду. Але тэлефануй».