Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Волю народам». У Кіеве пікетавалі расейскую амбасаду супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі


У Кіеве беларускія і ўкраінскія актывісты пікетавалі амбасаду Расеі, пратэстуючы супраць паглыбленьня беларуска-расейскай інтэграцыі, якая пагражае незалежнасьці Беларусі.

У акцыі ўдзельнічалі каля трох дзясяткаў прадстаўнікоў украінскіх і беларускіх грамадзкіх арганізацыяў. Яны прыйшлі пад амбасаду з украінскімі і беларускімі сьцягамі і выгукалі споклічы «Жыве Беларусь!», «Слава Ўкраіне!», «Масква забівае».

«Паглынаньне Расеяй Беларусі прывядзе да катастрафічных наступстваў у краінах Балтыі, у Польшчы. Гэта пагражае і Ўкраіне. Думаем, што мае быць рэакцыя ўраду, прэзыдэнта, Вярхоўнай Рады. Калі мы будзем разам змагацца, нас не перамогуць», — заявіў намесьнік кіраўніка Ўсеўкраінскага аб’яднаньня «Свобода» Юрко Сірацюк.

Украінскі палітык заклікаў беларусаў не баяцца і выходзіць на акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэрацыі з Расеяй.

«Мы будзем працягваць змагацца за нашу супольную ідэю. Яна вельмі простая — каб беларусы і ўкраінцы мелі свае нацыянальныя дзяржавы. І ў нас ёсьць супольны вораг, які спрабуе нас зацягнуць у імпэрскае ярмо», — заявіў на акцыі лідэр Добраахвотніцкага руху «ОУН» Мікола Каханіўскі.

Удзельнікі ўхвалілі заяву, у якой патрабавалі ад уладаў Беларусі спыніць рэпрэсіі супраць беларускіх патрыётаў за ўдзел у акцыях пратэсту 7–8 сьнежня і заклікалі ўкраінскія палітычныя партыі і грамадзкія рухі падтрымаць незалежніцкія патрабаваньні беларускага народу.

«Зьвяртаемся да Вярхоўнай Рады з патрабаваньнем прыняць заяву з асуджэньнем спробы анэксіі Беларусі з боку пуцінскай Расеі», — адзначаецца ў заяве.

Лідэры Руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык і Алена Талстая падзякавалі ўкраінскім актывістам за падтрымку і салідарнасьць. Яны сказалі, што ўжо атрымалі паведамленьні аб прыцягеньні іх да адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у акцыях у Менску 7 і 8 сьнежня.

Пасьля акцыі спалілі дзяжаўны сьцяг Расеі як сымбаль акупацыі
Пасьля акцыі спалілі дзяжаўны сьцяг Расеі як сымбаль акупацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG