Беларускія дзяржаўныя СМІ, якія фактычна ігнаравалі пратэсты супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй 7–8 сьнежня, вярнуліся да тэмы перад анансаванымі на 20 і 21 сьнежня новымі акцыямі на Кастрычніцкай плошчы Менску.
БелТА: «Інтэграцыю» спрабуюць падмяніць «акупацыяй»
Апазыцыйныя структуры, арганізуючы акцыі супраць беларуска-расейскай інтэграцыі, перакручваюць яе сэнс дзеля палітычных дывідэндаў, цытуе дзяржаўнае агенцтва БелТА праўладнага палітоляга Аляксея Бяляева:
«Пытаньне ніколі не ставілася так, як яго падаюць апазыцыйныя структуры. Гаворка ідзе не пра абʼяднаньне дзяржаў, а пра збліжэньне пазыцый у пэўных пытаньнях, і ў першую чаргу гэта тычыцца эканамічных сыстэмаў. Інтэграцыю ў гэтым выпадку спрабуюць падмяніць „акупацыяй“, што цалкам перакручвае сэнс працэсаў, якія адбываюцца. Задача апазыцыі — стварыць мітычную пагрозу страты сувэрэнітэту. Зразумела, гэта робіцца для таго, каб набраць пункты».
Структуры, якія арганізуюць акцыі, маюць палітычныя мэты, спрабуюць павысіць сваю пазнавальнасьць, паказаць бачнасьць актыўнай дзейнасьці, працягвае адукоўваць палітоляг Бяляеў. На яго думку, праз амбіцыі акцый арганізатараў могуць пацярпець дзеці і маладыя людзі.
«У месцах, куды яны клічуць на акцыі, якраз праводзяцца навагоднія дзіцячыя імпрэзы. Уцягваньне дзяцей, моладзь у падобныя акцыі — гэта заўсёды нешта за граньню маралі», — падсумаваў Бяляеў.
БелТА цытуе паведамленьне ГУУС Менгарвыканкаму: у сувязі з разьмяшчэньнем у інтэрнэце заклікаў з боку сустаршыні БХД Паўла Севярынца аб правядзеньні несанкцыянаванай акцыі на Кастрычніцкай плошчы, зь ім праведзена прафіляктычная гутарка аб недапушчальнасьці проціпраўных дзеяньняў.
АНТ: «Альтэрнатывы Эўразійскаму эканамічнаму саюзу няма»
Аналягічна выказаўся ў эфіры тэлеканалу АНТ новаабраны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных, колішні амбасадар Беларусі ў Турэччыне. У Палаце прадстаўнікоў ён заняў пасаду старшыні пастаяннай камісіі міжнародных спраў.
«Акцыі супраць беларуска-расейскай інтэграцыі — гэта чыста палітычны працэс, яны ня маюць ніякага дачыненьня да супрацоўніцтва дзьвюх краін. У нас пастаянна гучаць у грамадзкай прасторы дзьве альтэрнатывы — Эўразійскі эканамічны саюз ці Эўразьвяз. Але гэтай альтэрнатывы насамрэч няма. У Эўразьвязе нас ніхто не чакае. Больш за тое, Брусэль прапануе такія ўмовы ўступленьня пэрыфэрыйным краінам, на якія мы ніколі ня пойдзем», — лічыць Савіных.
«Беларусь-1»: «Улады, безумоўна, гарантуюць бясьпеку»
«Беларусы рыхтуюцца сустрэць Новы год — дзяліцца цяплом адзін з адным, каб нічога не трывожыла, не турбавала, у спакойнай і па-хатняму ўтульнай атмасфэры», — гаворыць вядоўца Агенцтва тэлевізійных навінаў на тэлеканале «Беларусь-1».
«Зараз нулявы кілямэтар для менчукоў і гасьцей — цэнтар прыцягненьня, — гаворыцца ў сюжэце. — Фатазоны, гарачая гарбата і тое адчуваньне сьвята, за якім ганяюцца ўсе. Гэтыя сьнежаньскія дні для многіх — самы доўгачаканы і яркі момант у годзе. Галоўнае, каб нічога не сапсавала сьвята. Бясьпеку, можна не сумнявацца, гарантуюць гарадзкія ўлады».
Далей у сюжэце гаворыцца, што ГУУС папярэдзіла аб недапушчальнасьці незаконнай агітацыі і правядзеньня несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, паколькі падобныя акцыі не абыходзяцца без парушэньняў закону. З боку органаў унутраных спраў будуць прынятыя ўсе захады дзеля забесьпячэньня бясьпекі грамадзянаў, якія будуць удзельнічаць у сьвяточных імпрэзах, папярэджвае дзяржаўны тэлеканал.
«Русское радио»: «Пратэстоўцы створаць небясьпеку дзецям»
Да інфармацыйнай кампаніі далучыліся і менскія ФМ-станцыі. У прыватнасьці, беларуская служба «Русского радио» ў ранішнім выпуску навінаў праінфармавала слухачоў, што на 20 сьнежня прызначана акцыя супраць інтэграцыі з Расеяй. «Русское радио», якое зьяўляецца часткова дзяржаўным беларускім СМІ, палічыла важным расказаць, што міліцыя не дала дазволу на акцыю. Галоўнай прычынай названа перадкалядная падзея «Нашы дзеці» ў Палацы Рэспублікі.
Вядоўцы сказаў, што збор удзельнікаў можа стварыць небясьпеку тым, хто ідзе на сьвята. Таксама прагучала, што адзін з арганізатараў Павал Севярынец быў выкліканы ў праваахоўныя органы, дзе зь ім правялі прафіляктычную размову.
Аналягічную інфарамцыю дала ФМ-радыёстанцыя «Мір».
Раней пра незаконнасьць анансаваных акцыя заяўлялі прадстаўнікі менскай міліцыі.
17 сьнежня арганізатары акцыі пратэсту супраць інтэграцыі, якую зьбіраюцца правесьці 20 сьнежня, падалі паведамленьне ў Менскі гарвыканкам. Павал Севярынец з БХД, Мікалай Казлоў з АГП і Ян Грыб з ТБМ пазначылі сцэнар акцыі, прыняты на агульным сходзе — пачатак а 18.00, заканчэньне праз 3 гадзіны.
Днямі міліцыя затрымала ў Менску актыўных удзельнікаў акцый пратэсту супраць інтэграцыі з расеяй 7 і 8 сьнежня лідэра «Маладога Фронту» Дзяніса Ўрбановіча, актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля і Максіма Вінярскага.
Аднаго зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакраты Паўла Севярынца 17 сьнежня затрымалі і асудзілі на 15 сутак за правядзеньне акцыяў у абарону незалежнасьці Беларусі 7 і 8 сьнежня, але 18 сьнежня яго адпусьцілі.