Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На перадавой мыўся віном. 10 нечаканых фактаў пра айца Аляксандра Надсана


Аляксандар Надсан, 2008 год.
Аляксандар Надсан, 2008 год.

Скарынаўская бібліятэка ў Лёндане пачынае збор інфармацыі і ўспамінаў пра айца Аляксандра Надсана ў зьвязку з стагодзьдзем ад яго нараджэньня, якое будзе адзначацца 8 жніўня 2026 году, і з падрыхтоўкай да друку прасьвечанай яму кнігі. Укладальнік выданьня Ўладзіслаў Гарбацкі сабраў 10 цікавых фактаў пра айца Аляксандра Надсана.

Аляксандар Надсан (8.09.1926 году — 15.04.2015) — беларускі ўніяцкі сьвятар, апостальскі візытатар беларускіх католікаў у эміграцыі, дырэктар Беларускай бібліятэкі і музэю імя Францішка Скарыны ў Лёндане, перакладчык літургічных тэкстаў на беларускую мову, навуковец, царкоўны публіцыст і гісторык, выдавец, беларускі грамадзка-культурны дзяяч у Вялікабрытаніі.

Надсан — гэта не сапраўднае прозьвішча айца Аляксандра

Прозьвішча ад нараджэньня — Бочка. Ягоны бацька, настаўнік Антон Бочка быў у штабе Слуцкага збройнага чыну. Парадаксальна, але ў эміграцыі айцец узяў сабе новае, замежнае прозьвішча Надсан або На’дсон (націск на першы склад), паводле тагачасных правілаў беларускай мовы, каб быць непадобным ні на каго. Айцец Аляксандар нарадзіўся ў Гародзеі, што каля Нясьвіжу.


Ваяваў у францускім Супраціве

У няпоўныя 18 год, як жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, Аляксандар быў скіраваны на Заходні фронт, у Францыю. Да Супраціву ён далучыўся, бо не хацеў ваяваць на баку немцаў. Тут яму добра прыдалася француская мова. Між іншым, гэтай мовы навучыўся ад маці, зь якой дома зь дзяцінства часта размаўляў па-француску. Да ўсяго ўмеў па-нямецку, адкуль і была здольнасьць камунікаваць з акупантамі ў 1941 годзе.


На перадавой мыўся віном замест вады

Падчас вайны ў Італіі на перадавой, як прыгадваў айцец Надсан, аднаго разу давялося мыцца віном замест вады, бо помпа з вадой абстрэльвалася, затое побач усюль стаялі бочкі з віном...

Яшчэ ў 1947 годзе папярэджваў пра небясьпеку атамнай энэргіі

Яшчэ ў 1947 годзе Аляксандар Надсан апублікаваў у газэце «Беларус на чужыне» свае развагі пра рызыку атамнай энэргіі для чалавецтва і Беларусі, нібы прадбачыўшы чарнобыльскую ды іншыя падобныя катастрофы.


У 40-я і 50-ы гады пісаў пра правы чалавека і свабоду прэсы

Малавядомай застаецца Надсанава публіцыстыка 40-50-х гадоў мінулага стагодзьдзя, што датычыць правоў чалавека і вольнасьці прэсы, тэмаў, якія да сёньня застаюцца актуальнымі для Беларусі.


Вывозіў з «сацыялістычнай» Эўропы рукапісы беларускіх дысыдэнтаў

Айцец Аляксандар асабіста вывозіў з цэнтральнай, падпарадкаванай СССР Эўропы, рукапісы беларускіх дысыдэнтаў і друкаваў іх у Лёндане: напрыклад, вядомае эсэ А. Каўкі «Ліст расейскаму сябру».


Крытыкаваў апазыцыянэраў за радыкальнасьць і няздольнасьць да дыялёгу

Айцец Аляксандар крытычна ставіўся ня толькі да ўладаў Беларусі, але і да большасьці дэмакратаў з апазыцыі. Сам зьяўляючыся вельмі прынцыповым хрысьціянскім мысьляром, крытыкаваў як радыкальнасьць беларускіх апазыцыянэраў, так і іх няздольнасьць да дыялёгу між сабой.


Айцец Аляксандар меў добрае пачуцьцё гумару

Так, апавядаючы чаму ён не вярнуўся на радзіму, заўважыў: «Мне даводзілася выбіраць Ангельшчыну або Салаўкі. Я падумаў, што ў Ангельшчыне будзе крыху выгадней». А на пытаньне колькі моваў ён ведае, адказваў: «Ну, крыху ведаю беларускую, па-расейску і па-польску разумею. У Грэцкай Калегіі службы адпраўляліся па-грэцку, таму прыйшлося вывучыць грэцкую. А лекцыі ўсе чыталіся на лацінскай мове — хто ня ведаў лаціны, адразу разьвітаўся б з навучаньнем. Валодаю ангельскай, італьянскай, францускай, бо лёс закідаў у гэтыя краіны, крыху ўмею па-нямецку... Такі сабе дылетант — усяго пакрысе».


Адмовіўся пляскаць прарасейскаму выступу Мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта ў Парыжы

Айцец Аляксандар заставаўся прынцыповым і непахісным беларусам і крытыкаваў за антыбеларускасьць ня толькі ўлады Беларусі, але і рэлігійныя інстытуцыі. Так, падчас выступу Мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта ў Парыжы адмовіўся пляскаць ягонай прарасейскай прамове і напісаў абуральны і «трошкі замоцны» ліст францускаму вікару, арганізатару сустрэчы.

Пасьля сьмерці ягоная кніга «Выбранае» нечакана трапіла ў Беларусі пад адзнаку (18+)

У Беларусі ўвайшоў у сілу новы закон аб СМІ і кнігапрадаўцы па няведаньні ці памылкова дадалі да кнігі адзнаку (18+).


***

Успаміны, інфармацыю, прыгадкі аб сустрэчы і ліставаньні з айцом Надсанам можна дасылаць укладальніку кнігі пра яго Ўладзіславу Гарбацкаму на электронны адрас vitsba@yahoo.fr альбо на паштовы адрас Скарынаўкай бібліятэкі ў Лёндане: Francis Skaryna Belarusian Library, 37 Holden Rd, London N12 8HS United Kingdom.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG