Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спрабавалі зрабіць другім Пратасевічам». Былая палітзьняволеная пра кухню прапаганды і густы «гледача нумар адзін»


Былая палітзьняволеная Ксенія Луцкіна. Раман Пратасевіч. Ілюстрацыйны каляж. Свабода Premium.
Былая палітзьняволеная Ксенія Луцкіна. Раман Пратасевіч. Ілюстрацыйны каляж. Свабода Premium.

Як працуе прапаганда, наколькі яна эфэктыўная, як падбіраюцца кадры, хто насамрэч прымае рашэньні?

Унутраную кухню Беларускага тэлебачаньня раскрывае былая палітзьняволеная, журналістка, дакумэнталістка Ксенія Луцкіна, якая працавала на БТ 15 гадоў. Журналістка расказвае, як пасьля вызваленьня зь яе спрабавалі зрабіць «другога Пратасевіча».

Глядзіце размову на відэа цалкам


1:02
— Чаго не стае ў дзяржаўных навінах, і што не адпавядае рэальнасьці
4:19 — Як Луцкіной прапаноўвалі вярнуцца на БТ
8:09 — Як выкарысталі Рамана Пратасевіча
11:40 — Якія былі спадзяваньні і чаканьні, калі ішла на БТ, і наколькі ім адпавядала рэальнасьць
15:39 — Як адбіраюць людзей для працы ў службе навінаў
17:47 — Што на БТ зь беларускай мовай
18:24 — Як вядоўцаў падбіраюць пад густы Лукашэнкі
23:41 — Як калькуюць стыль расейскай тэлевізіі
25:32 — Чаму для вядоўцаў БТ няпроста знайсьці добрае адзеньне і там якія заробкі
28:12 — Хто вызначае тэмы прапаганды
31:08 — Як прапаганда працуе на моладзь
36:59 — Што глядзіць Лукашэнка
39:10 — Што трэба зрабіць, каб пра рэпрэсіі ў Беларусі больш ведалі ў сьвеце, каб Беларусь была ў фокусе


Тут фрагмэнты гутаркі

— Як адбіраюць людзей для працы ў службе навінаў? Паводле якіх крытэрыяў?

— Ёсьць дастатковая колькасьць людзей, якія жадаюць. Маладыя студэнты, з журфаку заўсёды былі. У нас заўжды былі, ёсьць і будуць маладыя людзі, якія прагнуць нейкай славы, прагнуць гэтага ўладкаваньня на такой прэстыжнай рабоце, што яны будуць у кадры і іх будзе ведаць уся краіна. Прыходзіць вельмі вялікая колькасьць маладых, амбіцыёзных людзей, якіх зь першага дня пачынаюць упэўніваць у тым, што яны найлепшыя, што яны лідэры ў кампаніі, што яны зоркі. І фактычна 90% ад іх праз два гады сыходзяць, таму што яны не вытрымліваюць.

— Ці ёсьць нейкія фармальныя крытэрыі? Я маю на ўвазе не адукацыю, а напрыклад, як чалавек выглядае, якога ён узросту, гендэру.

— Безумоўна, гэта ж тэлевізія. За зьнешні выгляд людзей, якія працавалі ў Агенцтве тэлевізійных навінаў, адказвала Вікторыя Сянкевіч. Да іх даводзяць, як ты павінен выглядаць, як ты павінен за сабой сачыць. Тую частку, якая падаецца пэрспэктыўнай, накіроўваць на заняткі мовай. Фармальна кожны чалавек, які прыходзіць у кампанію, абавязаны валодаць абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі. Але вось тут і пачынаецца самае цікавае. Беларускай мовы на БТ, на жаль, амаль няма. Яна абмежавана толькі культурай і тэлеканалам «Беларусь 3». Колькі я сама імкнулася рабіць праекты на беларускай мове, мне наўпрост казалі так: «Мы не рэкамэндуем, не ўпарціся».

Што тычыцца адбору тых, хто прачытае навіны, дыктараў, там ужо іншыя правілы. Частка з жанчын, была такая плётка, але, на жаль, ня плётка, гэта праўда, што яны павінны адпавядаць густам гледача нумар адзін. Гэта звычайна брунэтка з яскравым, кантрастнастным зьнешнім выглядам. Яна павінна быць прыгажуняй, якая адпавядае густам гледача нумар адзін.

— А можна больш падрабязна пра густы гледача нумар адзін, акрамя таго, што гэта брунэтка?

— Тут вельмі цікава, таму што ніхто ж іх ніколі не агучвае. Зразумела, што кантакты з адміністрацыяй ёсьць у нас. Гэта намесьнік старшыні, які звычайна зьмяняўся ці перад прэзыдэнцкімі выбарамі, ці адразу пасьля. Гэта залежала ад таго, якая кампанія электаральная павінна была быць. Апошні пры мне быў намесьнік старшыні Марат Сяргеевіч Маркаў, фактычна ён займаўся гэтым (цяпер Марат Маркаў — міністар інфармацыі — РС). Гэта чалавек, які езьдзіць у адміністрацыю прэзыдэнта і атрымлівае даручэньні наўпрост. І ён зусім не абавязаны дзяліцца гэтай інфармацыяй з усімі астатнімі. Але ўсе супрацоўнікі цудоўна ведалі, што, хто, дзе, як, пра каго што казалі. Хто зь кім хадзіў, хто павінен сядзець на хакеі, хто па якім званку трапіў...

Ёсьць усё ж вэтэраны на БТ, жанчыны, якія там працуюць вельмі доўгі час, тая ж Сянкевіч, колькі б пра яе не казалі, яна не пападае пад гэтую трафарэтную прыгажуню па густах гледача нумар адзін, яна зусім не брунэтка. А ўсе астатнія, усе дзяўчаты новыя, якія прыходзяць, яны ўсе маюць чорныя валасы, яны ўсе з цёмнымі вачыма, яны ўсе з белай скурай. І гэта фактычна адзін тыпаж, яны нібыта па трафарэце. Яшчэ і нафарбаваныя, іх даволі цяжка адрозьніць адну ад адной. Імі займаюцца прафэсійна, іх адпраўляюць вучыцца казаць, апранацца. Але ж ёсьць яшчэ і наўпрост жонкі. Вядучая Юлія Пярцова — жонка Ўладзімера Пярцова (былы міністар інфармацыі, цяпер першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта — РС) і дачка Радзькова( былы першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта — РС). І давайце ня будзем хлусіць, такіх таксама нямала.

— А якія шансы мела бы ты на БТ, калі б вырашыла з дакумэнталістыкі перайсьці ў вядучыя службы навінаў?

— Ніякіх. Абсалютна. Па-першае, у мяне ніколі не было жаданьня працаваць у навінах, таму што гэта прапаганда. Я не хачу гандляваць сваім сумленьнем, таму мне там ніколі не было і не магло быць месца. Я думаю, што гэта разумела ня толькі я, але і наша кіраўніцтва. Я дастаткова шмат атрымлівала па сваёй галаве за тое, што я дзесьці нешта ня так зрабіла, дзесьці нешта ня так паказала, і, але было ў мяне некалькі складаных сытуацый на працы, але вярталі, таму што маю прадукцыю глядзелі.

— І плюс бландынка.

— Плюс я бландынка, і плюс я разумная. Ну, я аднойчы я гэта пачула, што я занадта разумная, каб працаваць у кадры... Беларускае грамадзтва патрыярхальнае і сэксісцкае, яно не падрыхтавана да таго, каб жанчына была разумная. Напрыклад жанчынам навкакова-папулярныя праекты не давяраюць.

— Наколькі на БТ калькуецца стыль вядучых расейскага тэлебачаньня?

— Гэта адно з самых дарагіх тэлебачаньняў у сьвеце, у яго ўкладаюцца неймаверныя сродкі. І што тычыцца іх вядучых, там усё ж і школа вялікая. Беларуская аўдыторыя вельмі даверлівая да расейскага тэлебачаньня. Дарэчы, беларускія навіны глядзяць значна менш, чым расейскія навіны. І гэта была вялікая праблема для любога кіраўніцтва. Былі нарады і ў 2019-м годзе, і ў пачатку 2020-га года, як зрабіць так, каб расейскую тэлевізію глядзелі менш. Што тычыцца расейскіх вядучых, яны і выглядаюць інакш, бо ў іх сродкі на адзеньне выдзяляюцца, а на БТ усе вядучыя маюць магчымасьць шыць касьцюмы ў атэлье пры адміністрацыі прэзыдэнта. Але справа ў тым, што гэтыя касьцюмы не надта прыгожа сядзяць. Яны даволі старамодныя, а ўсе жадаюць выглядаць сучасна, па-эўрапейску. І каб касьцюмчык сядзеў. Часам атрымаць касьцюмы па бартэры праз рэкляму вельмі цяжка. Чаму? І кожная крама, якая гандлюе італьянскімі касьцюмамі, 10 разоў падумае, ці патрэбна ёй рэклямка ад беларускага тэлевядучага, які ў Інстаграме напіша, што я сёньня выходжу весьці навіны на Беларусь 1 у іх касьцюме. Гэта была б не рэкляма, а антырэкляма. І ня толькі для вядучых навінаў, нават і для простых праграм, было даволі складана знайсьці вось такія адносіны з крамамі, якія гандлявалі адзеньнем.

  • Журналістку, дакумэнталістку Ксенію Луцкіну затрымалі 22 сьнежня 2020 году ў Менску. Ксенія разам зь іншымі журналістамі плянавала стварыць альтэрнатыўнае тэлебачаньне на Youtube, а таксама ўдзельнічала ў страйках і далучылася да Каардынацыйнай рады. Першапачаткова ёй выставілі абвінавачаньне ва ўхіленьні ад аплаты падаткаў, але пазьней абвінавачаньне перакваліфікавалі на «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады». 28 верасьня 2022 году Ксенію Луцкую асудзілі на 8 гадоў калёніі. У зьняволеньні ў яе абвастрыліся праблемы са здароўем: у яе была дыягназаваная пухліна галаўнога мозгу, якая павялічвалася, выклікаючы пастаянныя галаўныя болі і патрабуючы рэгулярнага прыёму абязбольвальных прэпаратаў. У лютым 2023 году Ксенія перанесла цяжкую двухбаковую пнэўманію, што яшчэ больш аслабіла яе арганізм. Роўна праз год, у лютым 2024-га, яшчэ адну. Нягледзячы на пастаянны ціск у 2021 годзе Ксенія адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. 13 студзеня 2023 году МУС Беларусі дадаў палітзьняволеную ў «Сьпіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці». Былую палітзьняволеную журналістку Ксенію Луцкіну вывезьлі зь Беларусі ў першыя дні сакавіка 2025 году. Пакінуць краіну ёй дапамагла каманда эвакуацыі BySol.
  • Ксенія Луцкіна адпрацавала на БТ 15 гадоў — здымала дакумэнтальныя фільмы, гістарычныя рэпартажы. Яна нарадзілася ў расейскай Пермі, дзе ў ракетнай вучэльні вучыўся бацька. Потым сям’я жыла ў Петрыкаве і Слуцку. Скончыла гістфак БДУ разам з магістратурай і асьпірантурай. Разам з сябрам трапілі на тэлевізію, яго ўзялі на АНТ, а Ксенію — на БТ. У 24 гады (у 2008-м) стала шэф-рэдактаркай студыі дакумэнтальнага кіно. На сайце Белтэлерадыёкампаніі дагэтуль дзясяткі фільмаў Луцкіной, у тым ліку з цыклю «Тerra Іncognita». «Тэлевяршыню» атрымала за «Terra incognita» і цыклы дакумэнтальных фільмаў у розныя гады, быў Чарнобыльскі цыкль з чатырох дакумэнтальных фільмаў да 30-годзьдзя чарнобыльскай катастрофы «Зямля страчаная. Зямля здабытая». Чарнобыльскі цыкль быў прысьвечаны бабулі-ліквідатарцы, якая працавала ў адміністрацыі Магілёўскай вобласьці, атрымала вялікую дозу апраменьваньня, захварэла на рак і памерла.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG