Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка Ўкраіны: у Беларусі не пабудавалі пляцоўку пад «Арэшнік», яго разьмяшчаюць для шантажу Эўропы


Кіраўнік Службы замежнай выведкі Ўкраіны Алег Івашчанка
Кіраўнік Службы замежнай выведкі Ўкраіны Алег Івашчанка

Кіраўнік Службы замежнай выведкі Ўкраіны Алег Івашчанка заявіў, што Беларусь і Расея яшчэ не завяршылі будаўніцтва пляцоўкі для разьмяшчэньня комплексу «Арэшнік».

«Мы бачым захады па падрыхтоўцы і разгортваньні балістычнай ракеты сярэдняй далёкасьці „Арэшнік“ на тэрыторыі Беларусі. Расея і Беларусі будуць вайсковыя аб’екты для пускавой устаноўкі, сыстэм назіраньня і сувязі, што зьяўляюцца элемэнтамі сыстэмы „Арэшнік“. Аднак, па стане на цяпер, гэтыя захады яшчэ не рэалізавалі», — працытавала Алега Івашчанку агенцтва «Укрінформ».

Паводле яго, фізычна Расея можа разьмясьціць пускавую ўстаноўку ў Беларусі. Але без завяршэньня будаўніцтва іншых элемэнтаў яна будзе выконваць толькі ролю макету.

Алег Івашчанка перакананы, што нават у выпадку разьмяшчэньня «Арэшніка» на тэрыторыі Беларусі Менск ня будзе мець правоў і паўнамоцтваў на яго выкарыстаньне. Гэтая сыстэма будзе знаходзіцца ў адзінай сыстэме кіраваньня ракетных войскаў стратэгічнага прызначэньня Расеі.

У Службе замежнай выведкі Ўкраіны мяркуюць, што разьмяшчэньне «Арэшніка» на беларускай тэрыторыі прадыктаванае жаданьнем узмацніць шантаж Эўропы і эўрапейскіх краін, а таксама захаваць гэты комплекс ад магчымага зьнішчэньня, паколькі разьмяшчэньне гэтага ўзбраеньня ў эўрапейскай частцы Расеі робіць яго законнай мішэньню для Сіл абароны Ўкраіны.

«Разгортваньне „Арэшніка“ на тэрыторыі Беларусі — гэта сродак ціску найперш на ЭЗ і NATO, а не на Ўкраіну. Такі крок дазволіць Расеі расшырыць свае магчымасьці для нанясеньня раптоўнага ўдару па сталіцы любой эўрапейскай сталіцы і значна зьменшыць час падлёту ракет у параўнаньні з запускам з палігону „Капусьцін Яр“», — падкрэсьліў Алег Івашчанка.

Улады Беларусі пэрыядычна заяўляюць, што расейскі комплекс «Арэшнік» будзе разьмешчаны ў Беларусі да канца 2025 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG