«Часы, калі Злучаныя Штаты трымалі на сябе ўвесь сусьветны парадак, скончыліся»?
— Днямі ў Злучаных Штатах былі абнародаваныя два канцэптуальныя дакумэнты: гэта Стратэгія нацыянальнай бясьпекі і Закон аб нацыянальнай абароне. Стратэгія дэкляруе, што «часы, калі Злучаныя Штаты трымалі на сябе ўвесь сусьветны парадак, скончыліся». Абвяшчаецца, што ўвага ЗША цяпер будзе засяроджаная на амэрыканскім кантынэнце і на Азіі. Якія наступствы гэта зьмена падыходаў будзе азначаць для Беларусі? ЗША ўжо не будуць абараняць яе сувэрэнітэт?
Мажэйка: Гэта ня столькі прынцыпова новая амэрыканская палітыка, гэта хутчэй замацаваньне ў дакумэнтах той палітыкі, якой адміністрацыя Трампа праводзіць з моманту яго прыходу да ўлады. Я ня думаю, што зьяўленьне Стратэгіі прывядзе да прынцыповых зьмены таго, што і ўжо зараз робіцца. Хаця тыя зьмены, якія ўжо адбыліся — досыць драматычныя для шмат каго з беларускіх актораў.
Амэрыканская падтрымка дэмакратыі здавалася вечнай і непахіснай. Гэта добры напамін пра тое, што ў жыцьці трэба быць гатовым да кардынальных зьменаў. І ня быць залежным ад аднаго партнэра. Мы, беларусы, ня можам паўплываць на выбар амэрыканскага народу. Трэба проста прымаць глябальныя зьмены, якія адбываюцца ў сьвеце. Што нам можа дапамагчы, гэта разуменьне, у чым палягаюць сапраўдныя амэрыканскія інтарэсы ў нашым рэгіёне, нам трэба думаць над тым, чым ЗША цікавая Беларусь.
Ягораў: Я думаю, што ўсё ня так драматычна. Гэты дакумэнт ня сьведчыць пра тое, што Злучаныя Штаты ўвогуле выходзяць з сусьветнай палітыкі альбо не разумеюць сваёй ролі як лідэра ў сусьветных працэсах. І ў адносінах да нашага рэгіёну Злучаныя Штаты больш ускладаюць адказнасьць, цяжар, на партнэраў, на Эўропу і на іншыя краіны, якія мусяць самі ўпарадкоўваць сытуацыю ў сваіх рэгіёнах. А Злучаныя Штаты будуць адыгрываць ролю арбітра ў гэтых працэсах. Таму я думаю, што роля Злучаных Штатаў тут застаецца, проста мяняецца яе характар.
Злучаныя Штаты лічаць, што праблемы эўрапейскага рэгіёна — гэта перш за ўсё праблемы эўрапейскіх краінаў, саюзьнікаў па NATO. Я думаю, мы не пабачым значных палітычных зьменаў, акрамя тых, што ўжо адбыліся. І відавочна, што падтрымка дэмакратыі і правоў чалавека адыходзяць на другі плян. Але Злучаныя Штаты, тым ня менш, не адмаўляюцца ад «мяккай сілы», пра што ў Стратэгіі сказана. Гэта значыцца, мяняюцца падыходы, інструмэнты і спосабы працы, але гэта ня сьведчыць пра тое, што Злучаныя Штаты пакідаюць наш рэгіён.
Што азначае новая Стратэгія нацбясьпекі ЗША для дэмсілаў Беларусі?
— Але са стратэгіі не вынікае, што «мяккая сіла» ЗША ў разуменьні цяперашняй адміністрацыі — гэта праца з грамадзянскай супольнасьцю і мэдыя замежных краінаў. Калі так, то што гэта будзе азначаць для дэмакратычных сілаў Беларусі?
Ягораў: Гэта азначае тое, што ўжо і зараз адбываецца — зьмяншэньне дапамогі, якую выдзяляюць Злучаныя Штаты на традыцыйных актараў прасоўваньня дэмакратыі — грамадзянскай супольнасьці і незалежных мэдыя. Злучаныя Штаты зьнізілі памеры гэтай дапамогі ў шмат разоў. Але былі такія пэрыяды і раней. Пасьля 2020 году гэтыя памеры былі значна большымі. Цяпер сталі меншымі. Але рытарычна Злучаныя Штаты падтрымліваюць беларускія дэмакратычныя сілы. Мы бачым сустрэчы з прадстаўнікамі офісу Сьвятланы Ціханоўскай, якія адбываюцца ў Вашынгтоне на дастаткова высокім узроўні. Зьмяняюцца інструмэнты палітыкі, але гэта не азначае, што Злучаныя Штаты зусім выключаюць з парадку дня беларускія дэмакратычныя сілы.
— У Стратэгіі гаворыцца «мы будзем з павагай ставіцца да розных рэлігій, культур і сыстэм кіраваньня іншых краінаў», «мы імкнёмся да добрых адносін і мірных гандлёвым сувязяў з краінамі сьвету, не навязваючы ім дэмакратычных ці іншых сацыяльных зьменаў, якія істотна разыходзяцца зь іх традыцыямі і гісторыяй». Як гэта спалучаецца з «мяккай сілай» Амэрыкі?
Ягораў: Я думаю, што тут ёсьць пэўная хітрасьць у выкладаньні самой Стратэгіі. Гэта публічная заява ЗША пра тое, што яны не будуць падтрымліваць, як раней, дэмакратычных актараў і імкнуцца да дэмакратызацыі і зьмены рэжымаў у краінах, якія ім ня вельмі падабаюцца. Але адносна краінаў ЭЗ гэтая самая Стратэгія дэкляруе супрацьлеглае. Яна патрабуе ад Эўразьвязу пэўных зьменаў у палітыцы міграцыі, эканамічнага рэгуляваньня і шмат чаго іншага. З аднаго боку мы бачым палітыку прагматызму ў адносінах да недэмакратычных дзяржаваў. Зь іншага боку, дэкляруюцца прынцыпы адміністрацыі Дональда Трампа, якія Эўропа мусіць выконваць.
— У эўрапейскім разьдзеле Стратэгіі гаворыцца «Амэрыканская дыпляматыя павінная працягваць адстойваць сапраўдную дэмакратыю, Амэрыка будзе заахвочваць сваіх палітычных саюзьнікаў у Эўропе садзейнічаць гэтаму адраджэньню духа». Стратэгія дэкляруе «Культываваньне супраціву цяперашняму шляху Эўропы ўнутры эўрапейскіх краінаў». Гэта значыць, што ўчора ЗША дапамагалі дэмакратычным сілам Беларусі, а заўтра будуць дапамагаць «Альтэрнатыве для Нямеччыны»? Дапамагаць наўпрост?
Ягораў: Ад адміністрацыі Трампа можна і гэтага такога чакаць, асабліва пасьля Мюнхэнскай прамовы Джэй Дзі Вэнса. Тэзы той яго прамовы ў пэўным сэнсе паўтораныя ў гэтай Стратэгіі. Улада ЗША зараз бачыць сваімі саюзьнікамі ў большай ступені вось такіх антыімігранцкіх актараў, правых, тых, хто арыентаваны на ўзмацненьне сваіх нацыянальных патэнцыялаў, чым тых, хто арыентуецца на глябальны дэмакратычны парадак.
Расея — ня вораг, але супернік
— Экспэрты азначаюць, што Закон аб нацыянальнай абароне прадугледжвае даволі вялікія выдаткі для стрымліваньня Расеі. З аднаго боку нібыта Расея ўжо і ня вораг, нават партнэр, але ў той жа Стратэгіі сказана, што Злучаныя Штаты будуць супрацьдзейнічаць узьнікненьню глябальных і нават рэгіянальных гегемонаў: «Мы будзем працаваць з саюзьнікамі і партнэрамі, каб прадухіліць зьяўленьне дамінантных супернікаў. Мы павінныя прадухіліць глабяльнае, а ў некаторых выпадках нават рэгіянальнае панаваньне іншых». А як гэта стасуецца з канстатацыяй, што часы трыманьня на ЗША сусьветнага парадку скончыліся?
Мажэйка: Відавочна, што ў Амэрыкі ёсьць інтарэс, каб уплыў Расеі не павялічваўся. Хаця галоўная ўвага надаецца ня ёй, а Кітаю. Менавіта Кітай успрымаецца як галоўны канкурэнт і глябальная пагроза Амэрыцы. І яна зацікаўленая ў тым, каб стрымліваць і КНР, і РФ. І Беларусь — на пярэднім пляне іх уплываў. Рэжым Лукашэнкі — гэта ў тым ліку і фарпост Пэкіну ў Эўропе. Раней мы не надавалі гэтаму вялікай увагі. Цяпер варта надаваць. Супрацьдзеяньня гэтаму ролі Кітаю ў Беларусі — можа нават большы інтарэс ЗША, чым супрацьдзеяньне ўплыву Расеі.
Ягораў: Ня ўсё прамаўляецца ў публічнай стратэгіі. Частка прагматычных палітычных інструмэнтаў захоўваецца ў цішыні. І тое, што ў Стратэгіі Злучаныя Штаты не пазначаюць Расею як пагрозу сваёй нацыянальнай бясьпецы, ня значыць, што амэрыканцы ня думаюць, што Расея не ўяўляе такой небясьпекі. І ў вайсковым бюджэце разьмеркаваньне грошай не зусім адпавядае таму, што напісана ў Стратэгіі.
Чаго Ўкраіне чакаць ад Амэрыкі?
— Паводле Закону аб нацыянальнай абароне на наступныя два гады прадугледжана выдаткаваць 800 мільёнаў даляраў на вайсковую дапамогу Украіне. Пры гэтым у 2022-2024 гадах яны выдаткавалі толькі на вайсковую дапамогу Ўкраіне 68 мільярдаў даляраў. На наступныя два гады — амаль у 100 разоў менш, чым у папярэднія тры. Што азначаюць для Ўкраіны і для Эўропы гэтыя лічбы?
Ягораў: Гэта азначае, што Злучаныя Штаты самі будуць менш выдаткоўваць сродкаў на вайсковую дапамогу Ўкраіне. І гэта, канешне, кепская навіна. Зь іншага боку, Злучаныя Штаты ўжо пэўны час імкнуцца перакласьці фінансавую адказнасьць за дапамогу Ўкраіне на плечы краінаў Эўразьвязу. Эўрапейцы мусяць выдаткоўваць сродкі на закупку амэрыканскага ўзбраеньня, якое потым ідзе ва Ўкраіну. Амэрыканцы не адмаўляюцца пастаўляць гэтую зброю, яны адмаўляюцца за гэта плаціць. Часткова гэта рычаг ціску на Ўкраіну, каб зрабіць яе больш дамоваздольная, бо трампаўская адміністрацыя лічыць перашкодамі да міру і пазыцыю Расеі, і, у пэўным сэнсе, і пазыцыю Ўкраіны. І таму ўжывае ціск на абодва бакі.
Мажэйка: Сэнс гэтага — што за падтрымку Ўкраіны мае плаціць Эўропа. Гэтым прынцыпам адміністрацыя Трампа кіруецца ад пачатку. Амэрыка гатовая прадаваць зброю для Ўкраіны, але не даваць яе. Плаціць мусіць Эўропа, паводле бачаньня Вашынгтону. Невыпадкова зараз актывізаваліся размовы аб магчымасьці выкарыстаць расейскія замарожаныя актывы ў Эўропе дзеля дапамогі Ўкраіне. Эўропа разумее, што трэба дзесьці знаходзіць грошы на фінансаваньне вайсковай падтрымкі Ўкраіны. Калі гэта рабіць за кошт падаткаў у Эўропе, гэта вядзе да росту папулярнасьці папулісцкіх партыяў. І гэта вялікая небясьпека для Эўропы.
Навошта Трампу Лукашэнка?
— У межах абвешчанай Стратэгіі — ці робяцца больш зразумелыя мэты кантактаў Вашынгтону з Лукашэнкам?
Ягораў: Наўпрост пра Беларусь там нічога не сказана. Але пазначана, што ЗША ня будуць імкнуцца зьмяніць рэжымы, а будуць прагматычна ўзаемадзейнічаць з тымі, хто гарантуе інтарэсы бясьпекі ЗША ў сваіх рэгіёнах, Такі падыход адкрывае ім дарогу да кантактаў з Лукашэнкам, калі ён дапаможа Вашынгтону ў вырашэньні рэгіянальнага крызісу — вайны Расеі з Украінай.
Мажэйка: Яно і да зьяўленьня Стратэгіі было зразумела, што падтрымка дэмакратыі і правоў чалавека не зьяўляецца для цяперашняй адміністрацыі ЗША прыярытэтам. Інакш прэзыдэнт Трамп не размаўляў бы з Лукашэнкам і не называў яго «глыбокапаважаным прэзыдэнтам Беларусі». Камунікацыя з Лукашэнкам — гэта для Вашынгтона вытворная ад камунікацыі з Пуціным. І гэта зьвязана з глябальным стрымліваньнем Расеі.
— Беларусь у Стратэгіі не прыгаданая. Алек ці не атрымліваецца, што з пункту гледжаньня яе аўтараў, што ўмацаваньне Лукашэнкі — праз прызнаньне і зьняцьцё санкцыяў — гэта ўмацаваньне сувэрэнітэту Беларусі?
Ягораў: Думаю, што такая трактоўка сытуацыі будзе, калі Беларусь перастане ствараць непасрэдную пагрозу бясьпецы ў рэгіёне. Міграцыйны крызіс, дапамога Расеі ў агрэсіі супраць Украіны, разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі — гэта наўпроставыя пагрозы бясьпецы рэгіёну. Калі Менск будзе весьці іншую палітыку і гэтыя пагрозы зьнікнуць, я думаю, Злучаныя Штаты могуць спрыяць умацаваньню беларускага сувэрэнітэту пры захаваньні гэтага рэжыму.
Ці дасьць Амэрыка Пуціну праглынуць Беларусь?
— А калі Пуцін раптам захоча проста праглынуць Беларусь — пасьля міру ва Ўкраіне ці падчас вайны — ЗША паводле новай Стратэгіі будуць проста глядзець на гэта па-філязофску? А можа так і трэба? Яны ж за сусьветны парадак ужо не адказныя.
Ягораў: За зону сваіх інтарэсаў бясьпекі яны ўсё ж застануцца адказнымі. Яны не выкрэсьліваюць Эўропу, Эўразьвяз і ўвесь гэты рэгіён са сваіх стратэгічных раскладаў. І паглынаньне Беларусі Расеяй — гэта кепскі дрэнны прэцэдэнт. Ім ня трэба стварэньня такіх прэцэдэнтаў, каб даваць падставы Кітаю думаць, што ён можа далучыць да сябе Тайвань, не атрымаўшы ніякіх наступстваў. Таму я думаю, што ЗША будуць на баку сувэрэнітэту Беларусі. Не на баку дэмакратычных сілаў, не на баку дэмакратычнай Беларусі, але на баку сувэрэнітэту Беларусі. Паводле Закону аб аб нацыянальнай абароне амэрыканскія войскі застаюцца на кантынэнце, яны застаюцца ў краінах Балтыі. Таму набліжэньне расейскай ваеннай машыны праз тэрыторыю Беларусі — гэта дадатковыя пагрозы, якіх ЗША хацелі б пазьбегнуць.
Мажэйка: ЗША зараз ня надта зацікаўленыя ў дэмакратызацыі Беларусі. Але яны ў значна большай ступені не зацікаўленыя ў тым, каб яна цалкам трапіла пад кантроль Расеі. Для ЗША цяпер прымальная дыктатарская Беларусь, але непрымальная Беларусь як частка Расеі. Расейскія апэтыты нікуды не падзеліся і ЗША не зьбіраюцца іх падсілкоўваць. Але мы бачым, што зараз і сама Расея не зацікаўлена анэксаваць Беларусь, яна зацікаўленая ў яе стане паўнезалежнай краіны. І каб ступень гэтай залежнасьці павялічвалася. Як паказалі апошнія дасьледаваньні цэнтру BEROC апошнія саюзныя пагадненьні ў сфэры падаткаў у значнай ступені пазбавілі Беларусь сувэрэнітэту ў гэтай сфэры.
— І для ЗША ў межах іх новай Стратэгіі нацбясьпекі гэта прыймальна?
Мажэйка: Гэта тая тактыка Расеі, якая спрацоўвае. Калі яна не праглынае Беларусь за адзін раз, а смажыць па кавалку. Анэксія — пра гэта напішуць усе заходнія мэдыя. Падпісаньні нейкіх шматстаронкавых пагадненьняў пра падаткі — дык што, у адказ войскі NATO уводзіць? Гэта працуе, на жаль. Мяркую, што спатрэбіцца пэўны час, каб ЗША пераканаліся, што з кантактаў з Лукашэнкам ня будзе вялікага плёну, што ён выстаўляе сябе значна больш самастойным палітычным актарам, чым зьяўляецца насамрэч. І ня варта забываць, што ўлада ў ЗША мяняецца. І ня трэба думаць, што падыход цяперашняга Белага дому да распаўсюду дэмакратыі ў сьвеце — гэта назаўжды. Таму трэба камунікаваць з рознымі амэрыканскімі палітычнымі гульцамі, заставацца ў сувязі. Бо добра было, каб пытаньне Беларусі было адным з тых пытаньняў, якія аб’ядноўваюць рэспубліканцаў і дэмакратаў у ЗША.
Форум