Валер Дранчук
Адыходзячы, айцец Надсан мудра сказаў: «Я зрабіў, што мог, цяпер вы старайцеся». Сабрацца з часам, вызначыцца з надвор’ем (прыканцы красавіка, як заўсёдна, захаладнела), заліць у бак гаручкі, яшчэ раз удакладніць каардынаты могілак, дзе пахавана маці айца Аляксандра Надсана, было няхітрым стараньнем, але справай адпачатку ці не самай важнай і неадкладнай. Мо і не было б той пільнай вымогі, калі б не адзін ганаровы момант, маральны штуршок да стараньня — мае менскія знаёмыя спыталі мяне, «гародзейца»: «А дзе пахаваны бацькі Надсана?». Я ня ведаў. Дый наогул, ці ведаў што пра ягоных бацькоў... Дзякуючы «кнігазбораўскаму» тому выбранага Аляксандра Надсана ды, найперш, краязнаўчаму досьведу маёй спадарожніцы, настаўніцы роднай мовы Карцэвіцкай школы Натальлі Плаксы, мы, хутка зарыентаваўшыся, выбраліся ў дарогу — першай мэмарыяльнай кропкай стала вёска Аношкі, тамтэйшыя могілкі. Менавіта на іх пахаваная Ганна Бочка, маці айца Аляксандра.
Была нядзеля першага траўня. Сьвяціла сонца. З цэнтру Нясьвіжу ўзялі заходні кірунак — на Альбянскі парк, у бок найбліжэйшых Карцэвічаў. Прамінулі Альхоўку, Гусакі, далей на Казлы і Аношкі. За Гусакамі, праяжджаючы міма, пакланіліся 400-гадоваму патрыярху Нясьвіжчыны дубу Якубу; зьлева, у глыбіні краявіду, за паўвярсты ад дарогі, ён аклікнуў-гукнуў затрымацца, суцішыць ход, яшчэ не агорнуты ў поўнае лісьце, вітаў нас тоўстымі галінамі на шырокім магутным камлі...
Казлы — яшчэ ўсё прыкметная вёска на мапе раёну. З сельскім саветам, тыпавой, на два паверхі цаглянай школай, якая гадоў колькі як апусьцела, але спрабуе адрадзіцца вытворчымі цэхамі з кітайскай рабсілай. Тут, у Казлах, на адной зь ціхіх вясковых вулічак і жыла, дажывала свой век Ганна Іванаўна.
Мы не затрымліваемся ў вёсцы, не распытваем пра хату, пра іншыя дэталі надзвычай загадкавай біяграфіі настаўніцы нямецкай мовы — на гэта заплянаваны іншы дзень, дый, пэўна, не адзін. Сёньняшні наш прыезд адзначаны выключным, адзіным сэнсам — наведаньнем яе магілы, апошняга месца, да якога ўрэшце прывядзе, узьнімецца душа сына: айцец Надсан пасьля доўгай разлукі з Бацькаўшчынай наведаў Беларусь толькі ў 1991 годзе... Жывой маці ён не застане, яна памерла нашмат раней, у ліпені 1979-га...
Могілкі ляжаць за вёскай Казлы, паміж Аношкамі і былымі Наруцавічамі (сялібы не засталося), больш дакладна, насупраць Наруцавіцкага парка і жывёлагадоўчай фэрмы (які ж парк бяз фэрмы!) — праз дарогу, на высокім адкрытым мейсцы, пад купкай бяроз ды пад белымі ветразямі аблокаў.
На пагорку, зь якога добра азірнуцца назад, адразу на тры вёскі, магілу Ганны Іванаўны знаходзім амаль адразу. Ад уваходу першая сьцежка налева. Тут, у гэтым сутоку-зьбегу дарог было сымбалічна азірнуцца і на Духоўныя дарогі — не заставалася сумневу, што менавіта яны прывялі нас сюды пакланіцца жанчыне, што нарадзіла вялікага беларуса і вялікага сьвятара.
За вастраколам агароджы дзьве прыбраныя магілы. Адна — Ганны Іванаўны Бочкі: пражыла 88 гадоў, памерла 27 ліпеня 1979. Другая — Фаіны Антонаўны Хвяньчук. Школьная тэхнічка, ня маючы сваёй сям’і, Фаіна з радасьцю прыняла на кватэру такую ж «несямейніцу» настаўніцу. Па гадах была ёй за дачку, амаль на трыццаць гадоў малодшая. І перажыла сваю «кватарантку» на гэтулькі ж. Калі трэба было, даглядала. Помнік ёй паставіла. Унізе на шэрай пліце напісала: «Пам(яць) ад Фаіны».
Сёньня гэтай простай жанчыне з добрым характарам, цеплынёй і спагадай у сэрцы мы шмат абавязаны. Сьціпла-шэрая, непрыкметная хата ў Казлах стала для Ганны Іванаўны Бочкі і надзейным прытулкам, і цёплым сямейным колам такой нечужой для яе радні, і мройным прыстанкам чаканьня адзінага сына.
Фота аўтара