Бюст Алеся Адамовіча (1927–1994) паставілі ля глушанскага Дома культуры на вуліцы Кастрычніцкай, якую ў 1996 годзе пасялковы савет і мясцовыя жыхары хацелі перайменаваць у вуліцу Алеся Адамовіча. Улады тады ініцыятыву не ўхвалілі.
Праз 22 гады паставіць бюст пісьменьніка пагадзіліся, але грошы на яго ахвяравала грамадзкасьць. Выраб і ўстаноўка абышліся ў 6,5 тысячы даляраў, якія былі сабраныя ў 2018 і 2019 гадах. Аўтары бюста скульптары Гэнік Лойка і Яўген Білей. Ініцыяваў зьбіраньне грошай жыхар Бабруйску Андрусь Архіпенка.
Дачка Алеся Адамовіча: «Зьяўленьне бюста таты —заслуга моладзі»
9 лістапада ў Глушу, якая за 20 кілямэтраў ад Бабруйску, на адкрыцьцё першага ў Беларусі помніка аўтару несавецкай «Вайны пад стрэхамі» сабралася землякі Адамовіча, грамадзкія актывісты з Бабруйску, Магілёва, Менску, а таксама кіраўнікі Бабруйскага райвыканкаму. На ўрачыстасьці была і дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч.
Натальльля Аляксандраўна ля бюста расплакалася. У інтэрвію Свабодзе прызналася, што ня верыла ў ажыцьцяўленьне праекту.
«Гэта заслуга моладзі, якая сабрала грошы і дамаглася ўсталяваньня помніка, — кажа дачка пісьменьніка. — Я дапамагала парадамі і фатаздымкамі. Я рада, што ёсьць у нас такая моладзь. Можа, зь ёй і да адкрыцьця музэю дойдзем. Сёлета 25 гадоў, як няма майго таты, і так выйшла, што ў гэты год зьявіўся ў ягонай роднай Глушы ягоны бюст».
Андрусь Архіпенка: усталяваньне бюста Алеся Адамовіча паспрыяе росту цікавасьці да ягонай творчасьці
Увекавечыць памяць пра Алеся Адамовіча ўстаноўкай ягонага бюста жыхар Бабруйску Андрусь Архіпенка загарэўся два гады таму. Ён задаволены вынікамі працы сваёй ініцыятыўнай групы. Андрусь адзначае, што ажыцьцявіць задуманае без падтрымкі Глушанскага сельскага савету не ўдалося б.
Паводле яго, нягледзячы на аднолькавыя працэдуры ўзгадненьня, паставіць помнік у горадзе было б складаней, паколькі ў ім існуюць грамадзкія групы, да якіх улада ставіцца насьцярожана.
Андрусь спадзяецца, што са зьяўленьнем помніка цікавасьць да творчасьці Алеся Адамовіча ўзрасьце, а Глуша стане прывабнай для турыстаў.
«Я заўважыў такую тэндэнцыю, — кажа Андрусь, — што цяперашняе пакаленьне мала ведае пра Алеся Адамовіча. А калі няма грамадзкага запатрабаваньня і інтарэсу, то ўлада ня будзе асабліва напружвацца, каб зьмяніць сытуацыю».
Лявон Баршчэўскі: помнікі сапраўдным беларускім героям рана ці позна зьявяцца
Прыехаў у Глушу перакладчык і грамадзкі дзеяч Лявон Баршчэўскі. Ён кажа, што ўсталяваньне бюста Адамовіча важная падзея для беларускай культуры, бо помнікам нацыянальным дзеячам не хапае.
«Васілю Быкаву, акрамя як каменя на могілках, помнікаў няма наагул, — нагадвае Лявон Баршчэўскі. — Помнікі нашым сапраўдным героям, апосталам нацыі, рана ці позна зьявяцца. Яны будуць больш дасканалыя, паколькі цяпер магчымасьці ўшанаваньня іншыя, чым былі калісьці».
Ідэоляг Бабруйскага райвыканкаму: пакуль Глуша без музэю Адамовіча
Начальнік аддзелу ідэалягічнай працы Бабруйскага райвыканкаму Галіна Чарнова лічыць, што лепшага месца для бюста Адамовіча, чым пляцоўка ля Дома культуры, у пасёлку цяжка адшукаць.
«Яно праглядаецца з усіх бакоў і прайсьці, не зьвярнуўшы ўвагі на яго прыгажосьць, нельга,— кажа яна, — таму я шчасьлівая, што перад ім стаіць гэты бюст».
Першапачаткова яго меркавалі паставіць ля будынка старой аптэкі, якая на той жа вуліцы, што і Дом культуры. Там зьбіраліся разьмясьціць музэй пісьменьніка.
Па словах Галіны Чарновай пытаньне пра стварэньне музэю застаецца актуальным, але на дабрачынным рахунку, адкрытым у 2016 годзе, сабрана замала грошай, каб адрамантаваць аварыйны будынак. Паводле чыноўніцы, цяпер прапрацоўваецца варыянт разьмяшчэньня ў Доме культуры экспазыцыі пра жыцьцё і творчасьць Алеся Адамовіча.
Колькі на рахунку грошы высьветліць не ўдалося. У 2018 годзе гаварылася пра 5950 даляраў
Зь іх 5 тысяч ахвяравала Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч. Гэта была дзясятая частка патрэбных на рамонт сродкаў.
Старшыня сельскага савету Марыя Сушчанка: бюст Адамовіча — гэта пачатак
Старшыня Глушанскага сельскага савету Марыя Сушчанка называе бюст Адамовіча — народным помнікам. Да яго адкрыцьця рыхтаваліся амаль год. Яна перакананая, што з часам зьявіцца і музэй Алеся Адамовіча ў Глушы.
«Для гэтага трэба ўсім прыкласьці крыху больш намаганьняў, — кажа яна. — Бюст Адамовіча — гэта пачатак у стварэньні музэю „Вайны пад стрэхамі“. Ён будзе ня толькі пра Алеся Адамовіча, але і жыхароў, якія выжылі ў вайну. »
Як ушанаваць памяць Алеся Адамовіча
— Вуліцы названыя ў яго гонар ёсьць ў Стаўбцы, Барысаве, Івацэвічах, а таксама ў мястэчку Калодзішчы;
— Носіць ягонае імя і вуліца ў Глушы. Вядзе яна да мясцовай школы. Цэнтральная ж вуліца з ажыўленай шашою застаецца Кастрычніцкай. У 1996 годзе прапанову пасялковага савету і мясцовых жыхароў аб перайменаваньні яе ў вуліцы Адамовіча падтрымаў Беларускі ПЭН-цэнтар, якім тады кіраваў Васіль Быкаў, і Беларускі саюз пісьменьнікаў, на чале якога стаяў Уладзімер Някляеў. Мясцовая ўлада ініцыятыву не падтрымала.
—- У Маскве ў завулку Вялікі Кахіхінскі ў 1996 годзе ўсталявалі мэмарыяльную шыльду;
— У 2018 годзе ў Глушы зьявіўся арт-аб’ект «Прыпынак Адамовіча». На прыпынку грамадзкага транспарту намаляваны партрэт пісьменьніка і цытатай з аповесьці «Vixi».
Памёр Алесь Адамовіч 26 студзеня 1994 году ў Маскве. Пахаваны на глушанскіх могілках
Пры падрыхтоўцы публікацыі выкарыстаная інфармацыя БелаПАН