Напярэдадні першай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Зяленскага Ўкраіна і Беларусь абмяняліся «шпіёнамі». Ва Ўкраіну вярнуўся журналіст Павал Шаройка. А ў Беларусь — Юры Палітыка.
Некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць, што менавіта гэты абмен быў умовай для правядзеньня першага беларуска-ўкраінскага саміту, які адбыўся ў Жытоміры 4 кастрычніка.
Мы даведаліся падрабязнасьці абмену.
Два гады перамоў
І ўкраінскія, і беларускія ўлады пра затрыманьне «шпіёнаў» не абвяшчалі публічна.
Пра затрыманьне беларускага грамадзяніна Юрыя Паліты́кі стала вядома ў чэрвені 2017 году выпадкова, пасьля публікацыі пастановы суду ў рэестры судовых рашэньняў Украіны.
Украінскага журналіста Паўла Шаройку затрымалі ў Менску празь некалькі месяцаў пасьля затрыманьня Юрыя Палітыкі ва Ўкраіне, 25 кастрычніка 2017 году. І ўжо празь некалькі дзён Аляксандар Лукашэнка ініцыяваў тэрміновую сустрэчу з тагачасным прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Яна адбылася на нэўтральнай тэрыторыі — у Абʼяднаных Арабскіх Эміратах, дзе абодва прэзыдэнты знаходзіліся зь візытам.
Менавіта там бакі дамовіліся, што затрыманых абмяняюць ціха, без публічнага рэзанансу. З чыёй віны абмены тады быў сарваны, дакладна не вядома. Існуе вэрсія, што ён быў магчымы без абнародаваньня інфармацыі пра затрыманьне ўкраінскага журналіста ў Беларусі. Але яна трапіла ў СМІ і ад таго часу стала адной з праблемных тэмаў у дачыненьнях Аляксандра Лукашэнкі і Пятра Парашэнкі.
Беларускі суд даволі хутка разгледзеў справу Паўла Шаройкі і асудзіў яго на 8 гадоў пазбаўленьня волі.
Разгляд справы беларускага «шпіёна» ў судзе зацягваўся, найперш з прычыны дзеяньняў ягоных адвакатаў. Інтарэсы Юрыя Палітыкі ў розны час у судзе прадстаўлялі чатыры абаронцы. Адзін зь іх быў прызначаны ўкраінскай дзяржавай паводле праграмы бясплатнай прававой дапамогі, іншыя — нанятыя пры садзейнічаньні беларускай амбасады ва Ўкраіне. Хоць самі адвакаты пераконвалі, што іх знайшла маці Юрыя Палітыкі. Беларускія консулы прысутнічалі на кожным судовым пасяджэньні ў Чарнігаве, размаўлялі з падсудным, а той дзякаваў ім за перадачы і падтрымку.
Пасьля перадачы справы Юрыя Палітыкі ў суд, перад пачаткам судовага працэсу і напярэдадні або ў дзень пасяджэньня суду, адбываліся тэлефонныя размовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Пятром Парашэнкам. Беларускі бок усё яшчэ спадзяваўся на абмен без вынясеньня выракаў абодвум фігуранта. Але перамовы ня зрушваліся зь месца.
У траўні 2018 году Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў украінскаму журналісту Паўлу Шаройку 8 гадоў пазбаўленьня волі. Адбываць пакараньне Шаройку перавялі ў бабруйскую калёнію № 2.
Беларус Юры Палітыка так і застаўся неасуджаны — суд дагэтуль вывучае доказы і дапытвае сьведак.
Як рыхтавала абмен новая ўлада Ўкраіны
Апошняе судовае пасяджэньне ў справе Юрыя Палітыкі адбылося 18 верасьня. Суд тады падоўжыў ягоны арышт да 15 лістапада і прызначыў на 12 лістапада наступную дату разгляду справы. Але ўжо на пачатку кастрычніка Офіс прэзыдэнта Ўкраіны зьвязаўся зь ягоным адвакатам Тарасам Гералюком, і той тэрмінова накіраваў у суд хадайніцтва аб зьмене для Юрыя Палітыкі папярэдняй меры стрыманьня.
Суд атрымаў дакумэнт раніцай 3 кастрычніка і тэрмінова прызначыў разгляд. Ён адбываўся ў прысутнасьці толькі аднаго праваабаронцы — на суд не пасьпелі выклікаць нават перакладчыка на беларускую мову Ягора Дзёбіка, які суправаджаў працэс ад пачатку слуханьня справы па сутнасьці. Яго замянілі іншым перакладчыкам.
А 15-й гадзіне суд вызваліў Юрыя Палітыку з-пад варты, прыняўшы да ўвагі тыя аргумэнты, якія дагэтуль два гады ігнараваў: малады ўзрост абвінавачанага, стан здароўя і наяўнасьць захворваньняў, засьведчаных мэдыцынскімі дакумэнтамі, вышэйшую адукацыю і наяўнасьць сталай працы да затрыманьня.
Абмен арганізоўвала ня Служба бясьпекі Ўкраіны, якая вяла справу беларуса, а Офіс прэзыдэнта Зяленскага — пытаньне курыраваў намесьнік кіраўніка Офісу Кірыла Цімашэнка.
Абмен паводле расейскай формулы
Юрыя Палітыку і Паўла Шаройку адначасова прывезьлі на мяжу Беларусі і Ўкраіны ў пункт пропуску «Новая Гута» (Беларусь) — «Новыя Ярылавічы» (Украіна). Абмен адбываўся сынхронна — гэтаксама, як і абмен украінскімі і расейскімі палоннымі 7 верасьня.
Украінскі бок абнародаваў фатаздымкі і відэазапіс сустрэчы Паўла Шаройкі. Як і хто сустракаў Юрыя Палітыку ў Беларусі — беларускі бок не афішаваў.
«Усе дома, а як гэта ажыцьцяўлялася — мы нічога больш ня можам раскрываць. Усе падрабязнасьці і відэа абмену апублікаваныя. Пытаньне абмену — вельмі адчувальная тэма. Мы ня можам на гэтую тэму размаўляць, я шчыра вам кажу. Усё адбылося, і больш камэнтаваць мы ня будзем», — сказаў Свабодзе намесьнік кіраўніка Офісу Ўладзіміра Зяленскага Кірыла Цімашэнка.
Але, паводле яго, было вельмі важна вырашыць гэтую праблему напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у Жытоміры:
«Нам гэта ўдалося зрабіць, і мы шчасьлівыя, што грамадзянін Украіны вярнуўся на бацькаўшчыну».
Як стала вядома Свабодзе, яшчэ адной умовай абмену стала забарона абодвум фігурантам «шпіёнскага скандалу» распавядаць падрабязнасьці.
Справа беларускага «шпіёна» не закрытая
Адвакат беларускага «шпіёна» Тарас Гералюк адмовіўся раскрываць дэталі далейшай юрыдычнай абароны свайго кліента. Валянціна Рагавец, яшчэ адна адвакатка Юрыя Палітыкі, сказала, што ўсе пытаньні вырашаліся ў Кіеве.
Намесьнік старшыні Службы бясьпекі Ўкраіны ў 2014–2015 гадах Віктар Ягун перакананы, што Паўла Шаройку затрымалі ў Беларусі менавіта ў адказ на затрыманьне Юрыя Палітыкі ва Ўкраіне. Ён мяркуе, што судовы разгляд справы беларуса будзе завершаны:
«У нас заканадаўства дазваляе праводзіць завочны судовы працэс. Юрыю Палітыку зьмянілі папярэднюю меру стрыманьня, і ў выпадку, калі ён будзе ўхіляцца ад судовага працэсу, набудзе чыннасьць мэханізм завочнага асуджэньня. Справу проста так немагчыма закрыць. Суд павінен прыняць канчатковае рашэньне».
Паводле яго, менавіта ад суду залежыць, які будзе вырак у гэтай справе — апраўдальны ці абвінаваўчы:
«Я ня ўпэўнены, што можа быць апраўдальны вырак. У выпадку абвінаваўчага выраку Ўкраіна можа абвясьціць беларуса ў міжнародны вышук, і ён можа быць затрыманы ў якой-кольвек краіне для адбываньня пакараньня ва Ўкраіне».
Але, каб паставіць кропку ў «шпіёнскай» справе, прэзыдэнт Украіны можа памілаваць Юрыя Палітыку пасьля вынясеньня яму абвінаваўчага выраку.