Свабода атрымала відэа, як беларускія праваахоўнікі перадаюць украінскім калегам на мяжы Паўла Шаройку — украінскага журналіста, асуджанага на 8 гадоў зьняволеньня за шпіянаж у Беларусі. Мы таксама зьвязаліся з Паўлом, які ўжо знаходзіцца ў Кіеве.
«Цяпер у маёй галаве поўная каша, да канца яшчэ не магу ўсьвядоміць, што я ўжо дома, — сказаў Шаройка Свабодзе. — Хачу падзякаваць сваёй сям’і, любімай жонцы, якая ўвесь гэты час падтрымлівала мяне».
Ён таксама падзякаваў асабіста прэзыдэнтам Зяленскаму, Лукашэнку, амбудсмэну Ўкраіны Людміле Дзянісавай, а таксама «ўсім тым, хто зрабіў магчымае і немагчымае за ўсе гэтыя гады і накіраваў свае намаганьні на дасягненьне выніку ў вельмі складанай справе майго вызваленьня».
Паўло Шаройка цяпер знаходзіцца дома — у сваёй кіеўскай кватэры з жонкай і дачкой.
Пра памілаваньне Шаройкі стала вядома сёньня. Пра гэта сказаў у Жытоміры прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Менску 25 кастрычніка 2017 году. Яго абвінавацілі ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны для збору сакрэтнай інфармацыі ў ваенна-палітычнай сфэры. 23 траўня 2018 году Вярхоўны суд Беларусі асудзіў украінскага журналіста на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Працэс праходзіў за зачыненымі дзьвярыма.