Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы Ўкраіну падарылі сваім супернікам». Што казаў Лукашэнка на «Менскім дыялёгу»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка на «Менскім дыялёгу» ў 2018 годзе, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка на «Менскім дыялёгу» ў 2018 годзе, архіўнае фота

Сьвет на парозе вайны, Беларусь хоча міру, а без ЗША канфлікт Расеі і Ўкраіны не ўрэгуляваць — такія думкі Аляксандар Лукашэнка выказаў 8 кастрычніка на міжнароднай канфэрэнцыі «Эўрапейская бясьпека: адысьці ад краю прорвы», што ладзіцца ў межах форуму «Менскі дыялёг».

Паводле БелТА, у выступе ён расказаў наступнае.

  • «У сьпісе сучасных выклікаў чалавецтву дамінуюць пагрозы бясьпекі. Пры гэтым шматбаковыя пляцоўкі, у тым ліку Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў, АБСЭ, становяцца месцам высьвятленьня адносінаў, а не вырашэньня праблемаў».
  • «Мы ўжо пачалі біць у набат, заклікаючы спыніць супрацьстаяньне. У апошні час асабліва шмат гаворым пра неабходнасьць дыялёгу, умацаваньня захадаў даверу і пошуку кампрамісаў. Але сьвет, на жаль, лепшым не становіцца».
  • «Градус недаверу і канфрантацыі паміж Расеяй і Захадам дасягнуў мяжы. Экспэрты ў галіне бясьпекі і раззбраеньня з абодвух бакоў ужо малююць жахлівую ў сваёй праўдападобнасьці карціну. Усяго за некалькі хвілінаў Расея і NATO могуць прайсьці шлях ад ненаўмыснага лякальнага канфлікту да ядзернай вайны».
  • «Нам усім тэрмінова патрэбна моцная гісторыя посьпеху, якая пераканае нават заўзятых скептыкаў і „ястрабаў“, што, нягледзячы на глыбокія супярэчнасьці і недастатковае разуменьне, інтарэсы бясьпекі ў Эўропе абсалютна сумяшчальныя».
  • «За апошнія два дзесяцігодзьдзі Беларусь апынулася ва ўнікальнай сытуацыі. З аднаго боку, мы ваенна-палітычны саюзьнік нашай Расеі, удзельнік АДКБ. Ні ў адной дзяржавы няма такога ўзроўню стасункаў з Масквой, як у нас. У той жа час нашая краіна заключыла міжнародныя дамовы ў галіне бясьпекі і захадаў даверу з усімі суседзямі, у тым ліку зь дзяржавамі — чальцамі NATO».
  • «Мы нічога не зьбіраемся вырашаць за кагосьці. Дай Бог за сябе вырашыць. Мы проста вам прапануем: давайце зьбірацца ў гэтым ціхім, спакойным пакуль што месцы, і будзем абмяркоўваць нашыя праблемы, нейкія пытаньні».
  • «Мы наваяваліся як ніводзін іншы народ. Прытым ня мы былі ініцыятарамі гэтых войнаў і не за сябе ваявалі часам».
  • Беларусь хоча ініцыяваць распрацоўку палітычнай дэклярацыі аб неразьмяшчэньні ў Эўропе ракетаў сярэдняй і малой далёкасьці пасьля выхаду Расеі і ЗША з такой дамовы. А то і самастойна распрацаваць такую дэклярацыю. «Можа, усё ж варта сабрацца і абмеркаваць гэтую, мабыць, самую актуальную на цяперашні момант праблему. Калі хочаце, магчыма, у Менску ці ў іншым месцы».
  • «Усё больш відавочная неабходнасьць правядзеньня ў наступныя гады міжнароднага саміту ў межах новага працэсу „Хэльсынкі“ — пад эгідай АБСЭ, а магчыма, і пад эгідай ААН. [...] Сёньня немагчыма вырашаць гэтыя пытаньні без такога цяжкавагавіка, як Кітайская Народная Рэспубліка».
  • «Украінскі канфлікт — гэта ня проста нам выклік, ён патрабуе вырашэньня. Калі мы яго вырашым, значыць, мы на нешта здольныя. Калі не — будзем зьбірацца, размаўляць. Але толку будзе мала».
  • [пра абмен палоннымі між Расеяй і Ўкраінай і «формулу Штайнмаера»] «Калі нехта думае, што лёд крануўся, не. Ён не крануўся і ня зрушыць, калі мы не падштурхнем працэс».
  • «Чаму? Бо мы Зяленскага, якога загрузілі гэтым страшным грузам, не ягонымі праблемамі, пакінулі сам-насам з гэтымі праблемамі. Бачыце, што адбываецца ў Кіеве? Там пэўныя сілы выкарыстоўваюць гэты працэс, каб увогуле прыціснуць новую ўладу і новага прэзыдэнта. І Эўропа маўчыць — вы ведаеце, пра каго я кажу — ні з Усходу, ні з Захаду. Толькі камяні кідаюць на адрас гэтага маладога чалавека».
  • «І ня трэба казаць, што гэта не канфлікт Расеі і Ўкраіны. Тут дасьведчаныя людзі, і гэтыя заявы нікому не патрэбны».
  • [пра перамовы ў фармаце «Нармандзкай чацьвёркі»] «Там нічога не вырашаюць, я быў у гэтым працэсе, я ведаю, як гэта. Пры гэтым я свайго меркаваньня не хаваю: без удзелу ЗША канфлікт ва Ўкраіне ўрэгуляваць не атрымаецца».
  • [пра вучэньні NATO Defender-2020, што пройдуць у Нямеччыне, Польшчы і краінах Балтыі] «Па колькасьці — гэта тое, што заяўлена, а што будзе па факце, гэта, напэўна, у два, а то і ў тры разы больш — такіх вучэньняў каля нашых межаў не праводзілася. Якое ў сувязі з гэтым можна задаць рытарычнае пытаньне, вы ведаеце. Ня ведаю, каму гэта трэба».
  • «Сёньня мы Ўкраіну проста падарылі сваім супернікам [паводле Tut.by, казаў «сваім ворагам, сваім супернікам». — РС]. Ну што ня так? Сваімі рукамі аддалі Ўкраіну. За гэта амэрыканцы і NATO павінны нам проста дзякаваць, што яны, напэўна, і робяць, размаўляючы паміж сабой».
  • «Як вырашыць хваробу [канфлікт ва Ўкраіне. — РС], таксама быццам ведаем, толькі трэба пачынаць яе лячыць. Цяперашняя ўлада ва Ўкраіне, прэзыдэнт, ён, вядома ж, не ўсемагутны. Яму ні ўсярэдзіне, ні звонку ніхто ня дасьць зрабіць тое, што ён хоча. Я пераканаўся ў тым, што ён хоча вырашыць гэтую праблему».
  • «Калі мы страцім хай недасьведчанага, маладога Зяленскага і гэтую ўладу ва Ўкраіне — а гэта можа здарыцца, таму што занадта вялікі супраціў усярэдзіне Ўкраіны і звонку, — узамен атрымаем такую ўладу, зь якой наогул будзе цяжка размаўляць».
  • «Усе народы вялікія, нават калі гэта тысяча чалавек. Нас прыгожа падзяляюць, перацягваюць на адзін, другі бок. І мы губляемся сярод гэтых гігантаў. Нам час бы неяк аб'яднаць свае галасы, сказаць вялікім, што яны не такія вялікія».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG