Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Эўропа ня хоча, каб канфлікт ва Ўкраіне «ўстаканіўся», а «гонка ўзбраеньняў» ужо пачалася

абноўлена

«Мы пакутуем наконт канфлікту ва Ўкраіне. Гэта балючая праблема для мяне асабіста», — сказаў Лукашэнка, выступаючы на канфэрэнцыі «Барацьба з тэрарызмам пры дапамозе інавацыйных падыходаў».

Пра канфлікт ва Ўкраіне

«Калі пачаўся гэты канфлікт, адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў (ня буду называць прозьвішча) пазваніў і спытаў, што будзем рабіць.

Я не хацеў умешвацца, ведаючы, што там адбываецца і што зьяўляецца прычынай гэтага канфлікту. Але я паслаў яго з плянам канкрэтных дзеяньняў. І дадаў, калі вы адмовіце гэты плян, дзе асноўная нагрузка была на Беларусь, то я буду лічыць, што Эўропа ня хоча, каб гэты канфлікт „устаканіўся“.

І што вы думаеце, Эўропа адмовіла. І пачала змагацца...

Але чаму не спынілі гэты канфлікт дагэтуль — амаль 5 гадоў прайшло? Таму што гэта камусьці трэба», — вывеў Аляксандар Лукашэнка.

Узброены канфлікт на Данбасе працягваецца з 2014 году пасьля расейскай акупацыі Крыму. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў збройнай падтрымцы баевікоў. Крэмль адхіляе гэтыя абвінавачаньні і заяўляе, што ў Данбасе могуць быць расейскія «добраахвотнікі».

Паводле ААН, на канец сьнежня 2018 году падчас канфлікту з усіх бакоў было забіта каля 13 тысяч чалавек, амаль 30 тысяч былі параненыя.

Трохбаковай кантактнай групай зьяўляецца ўпаўнаважаная група прадстаўнікоў Украіны, АБСЭ і Расеі для мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.


Пра «гонку ўзбраеньняў»

Паводле Лукашэнкі, у сьвеце ўзмацняецца «дэградацыя сыстэмных падмуркаў міжнароднай бясьпекі».

«Адной з прычын і вынікам гэтага працэсу стала разбурэньне даверу паміж краінамі. Апошні сумны прыклад — спыненьне дзеяньня дамовы пра ліквідацыю ракет сярэдняй і меншай далёкасьці. Чарговае мерапрыемства. І хто яго спарадзіў? Ведаеце», — заявіў Лукашэнка.

Наступствы адмовы выконваць патрабаваньні Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (ДРСМД) могуць прывесьці да новай вайны, заявіў Лукашэнка.

«Тэрарызм, супраць якога мы сёньня змагаемся, памеркне перад гэтай праблемай літаральна праз пару гадоў, калі мы ня спынімся, і лічыце, што мы зробім першы крок у бок новай вайны, — казаў Лукашэнка аб спыненьні дамовы аб РСМД. — І дай бог, каб гэтая вайна абышлася бязь ядзернай зброі.

Рэальныя магчымасьці зьяўленьня гэтых узбраеньняў у Эўропе ў нашыя дні — гэта наўпроставы шлях да росту напружанасьці на кантынэнце, новага вітку гонкі ўзбраеньняў. Яна ўжо пачалася. У вядучых краінах настолькі фарсіруюць гэты працэс, што падчас выпрабаваньняў новай зброі дзясяткамі, сотнямі гінуць людзі».

Пра якія выпрабаваньні зброі са шматлікімі ахвярамі казаў Лукашэнка, ён не ўдакладніў. Афіцыйных паведамленьняў пра такія здарэньні не было, хаця неафіцыйныя крыніцы зьвязвалі з выпрабаваньнямі зброі выбух у расейскім Северадзьвінску, у якім загінулі як мінімум пяць супрацоўнікаў дзяржаўнай карпарацыі «Росатом».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG