Расейскае выданьне «Коммерсант» апублікавала інфармацыю пра зьмест праграмы інтэграцыі Беларусі і Расеі, падпісанай прэм’ерамі Румасам і Мядзьведзевым.
Гэтую публікацыю мы папрасілі пракамэнтаваць Яўгена Мінчанку, расейскага палітоляга і паліттэхноляга, аўтара нашумелага дакладу пра расейскую кіроўную эліту «Палітбюро 2.0». Некаторыя расейскія і заходнія выданьні лічаць Мінчанку экспэртам, блізкім да Крамля.
Сьцісла:
- Была вельмі эмацыйная рэакцыя на гэтую публікацыю, прычым адразу ў двух лягерах — празаходне-нацыяналістычным і «імпэрскім»
- Узровень інтэграцыі, які прапануецца гэтым дакумэнтам, адчувальна ніжэй, чым у Эўразьвязе
- Галоўная праблема інтэграцыі Расеі і Беларусі — у тым, што Расея несупастаўна большая
- Расейска-беларускім адносінам шкодзіць закрыты працэс абмеркаваньня інтэграцыі
— Якія высновы вы зрабілі з публікацыі ў «Коммерсанте» наконт праграмы аб паглыбленьні інтэграцыі Беларусі і Расеі?
— Была вельмі эмацыйная рэакцыя на гэтую публікацыю, прычым адразу ў двух лягерах. Адзін — празаходне-нацыяналістычны — рэагаваў паводле формулы — усё страчана, канец незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі. І была рэакцыя так званага «імпэрскага лягеру» — гэтая праграма ні аб чым, гэта не інтэграцыя, а сьмяхоцьце, няма ніякага паглыбленьня інтэграцыі, а толькі эканамічныя прэфэрэнцыі Беларусі і Лукашэнку, і незразумела за што.
Вось два полюсы інтэрпрэтацыяў, з чаго можна зрабіць выснову, што ісьціна ляжыць недзе пасярэдзіне: пагрозаў сувэрэнітэту Беларусі няма, а ўзровень эканамічнай інтэграцыі ўсё ж падвысіцца, хаця і ня надта хутка.
— Адна з самых гучных фармулёвак гэтага артыкулу ў «Коммерсанте» — тэза пра тое, што прапанаваная праграмай інтэграцыя ператварае саюз у канфэдэрацыю і ледзь не фэдэрацыю, што шчыльнасьць збліжэньня будзе больш высокай, чым у Эўразьвязе. Гэта вынікае з фактычнага зьместу праграмы ці гэта выснова аўтара публікацыі?
— Гэта ацэначнае меркаваньне. Узровень інтэграцыі, які прапануецца гэтым дакумэнтам, адчувальна ніжэй, чым у Эўразьвязе.
— Некаторыя крытыкі ў Беларусі казалі, што перапісаць нацыянальнае падатковае заканадаўства — гэта тытанічная праца і тэрміны, якія пазначаныя ў праграме, цалкам нерэалістычныя, за пару гадоў Беларусі немагчыма перайсьці на расейскае падатковае заканадаўства. Вы згодны з гэтай крытыкай?
— Калі мы паглядзім на гісторыю беларуска-расейскай інтэграцыі, то тэрміны абвяшчаліся неаднойчы. Але яны ніводнага разу не былі вытрыманыя. У нас з пачатку нулявых павінен быў быць адзіны парлямэнт, але гэтага не адбылося. Таму я дастаткова скептычна стаўлюся да гэтай гісторыі.
Галоўная праблема інтэграцыі Расеі і Беларусі — у тым, што Расея несупастаўна большая. І таму гаварыць пра раўнапраўнае абʼяднаньне дзіўна. Адна краіна — адзін голас, як гэта можа быць, калі адна на парадак больш, чым іншая.
Калі б у нас было вялікае інтэграцыйнае абʼяднаньне, якое ўключала б у сябе Ўкраіну, як і плянавалася, тады гэтых супярэчнасьцяў можна было б пазьбегнуць. Ідэя саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі менавіта таму і ўразьлівая, што саюз прадугледжвае ўсё ж пэўную роўнасьць патэнцыялаў.
— Тое, што гэты тэкст зьявіўся зараз, зьявіўся ў «Коммерсанте», з тымі фармулёўкамі, якія ў ім ёсьць — гэта пасланьне каму? Беларускай эліце, расейскай эліце?
— Я вельмі падазрона стаўлюся да разнастайных развагаў пра нейкія «пасланьні».
— Іншымі словамі, на ваш погляд, супрацоўнік «Коммерсанта» атрымаў інфармацыю і напісаў тэкст проста па сваім разуменьні?
— Шчыра кажучы, мяркую, што хутчэй так. За мяжой часта перабольшваюць ступень кіраванасьці расейскай інфармацыйнай прасторы.
— На мінулым тыдні міністар фінансаў Беларусі Ермаловіч паведаміў, што бюджэт краіны складзены з улікам таго, што кампэнсацыі за расейскі падатковы манэўр Беларусь не атрымае. Аднак летась расейскі прэмʼер Мядзьведзеў летась казаў — усе дадатковыя даброты ад Расеі, толькі калі будзе паглыбленьне інтэграцыі. Калі цяпер паглыбленая інтэграцыя ёсьць, то чаму грошай няма?
— Паглыбленай інтэграцыі няма. Ёсьць дакумэнт, які апісвае магчымыя парамэтры гэтай паглыбленай інтэграцыі. Але ўласна яе пакуль няма. Да таго ж падобныя дакумэнты падпісваліся неаднойчы.
Маё асабістае меркаваньне, што ільвіная доля тых праблемаў, якія існуюць у расейска-беларускіх адносінах і перамоўным працэсе, адбываюцца ў «чорнай скрыні», мы ня ведаем, што там абмяркоўваецца. Фармулёўкі ўдзельнікаў перамоваў настолькі расплывістыя, што немагчыма зразумець, што ўласна абмяркоўваецца. І гэта адкрывае шырокае поле для спэкуляцыяў.
— А чаму так адбываецца? Расея — не ідэал дэмакратыі, але некаторыя пытаньні ў ёй абмяркоўваюцца даволі бурна і адкрыта. Напрыклад, падвышэньне пэнсійнага ўзросту.
— Пэнсійная рэформа абмяркоўвалася тады, калі адпаведны дакумэнт быў унесены ў парлямэнт. Што, на мой погляд, было няправільна.
— Але, скажам, адносіны з Украінай абмяркоўваюцца даволі бурна і ўжо даўно. А адносіны з Беларусьсю абмяркоўваюцца за зачыненымі дзьвярыма. Чаму?
— Вы прывялі прыклад Украіны. Я б не сказаў, што адносіны Расеі і Ўкраіны зьяўляюцца ідэалам добрасуседзкіх адносінаў.
Я ня ўпэўнены, я проста спрабую рэканструяваць лёгіку, але магчыма ёсьць меркаваньне, што шырокае абмеркаваньне інтэграцыйных працэсаў і іх дэталяў можа пашкодзіць самому працэсу. Я так не лічу, але гатовы прызнаць, што іншае меркаваньне таксама можа быць.