Лінкі ўнівэрсальнага доступу

35 на 35: Украіна і Расея завяршылі абмен вязьнямі. Хто ў сьпісах вызваленых

абноўлена

Сустрэча ўкраінскіх палонных на летнішчы Барыспаль. Алег Сянцоў з дачкой, 7 верасьня 2019
Сустрэча ўкраінскіх палонных на летнішчы Барыспаль. Алег Сянцоў з дачкой, 7 верасьня 2019

Самалёт з вызваленымі Расеяй украінцамі прызямліўся ў аэрапорце Барыспаль у Кіеве. Самалёт з вызваленымі Украінай прылятае ў аэрапорт Масквы «Внуково».

Украінскія вязьні, якія знаходзіліся ў Расеі прызямліліся ва ўкраінскім аэрапорце Барсыспаль. Іх сустракаў Уладзімір Зяленскі.

Аб завяршэньні абмена заявіў і расейскі бок. Гэта пацьвердзіла ўпаўнаважаная па правах чалавека ў Расейскай Федэрацыі Таццяна Маскалькова, паведамляе ТАСС.

Каго вызваліля Расея

У сьпіс абмену трапілі 24 маракі, затрыманыя Расеяй ў Керчанскай пратоцы летась ў лістападзе, а таксама журналіст Раман Сушчанка (асуджаны за шпіянаж), рэжысэр Алег Сянцоў (асуджаны за тэрарызм), грамадзкі актывіст Аляксандар Кольчанка, актывіст УНА-УНСО Мікола Карплюк, Станіслаў Клых, крымскі прадпрмальнік Уладзімір Балух, выкрадзены ў Беларусі Паўло Грыб.

У сьпісах таксама Яўген Паноў (асуджаны ў справе “крымскіх дывэрсантаў”), пэнсыянэр Аляксей Сызановіч, блогер Артур Паноў і крымскататарскі актывіст Эдэм Бэкіраў. Украінскія СМІ публікуюць сьпіс з 35 чалавек, якія трапілі на абмен.

Каго вызваліля Ўкраіна

Выданьне «Украінская праўда» апублікавала сьпіс усіх, каго Ўкраіна выдае Расеі. У сьпісе 35 асобаў. Сярод іх расейскі журналіст Кірыл Вышынскі, Уладзімір Цэмах — галоўны сьведка ў справе зьнішчэньня малаазійскага Boeing-777, Аляксандар Баранаў і Максім Адзінцоў, былыя ўкраінскія вайскоўцы асуджаныя за дэзэрцірства, расейскі жаўнер Віктар Агееў, падазраваны ў сэпаратызьме Яўген Мефедаў, затрыманы за ўдзел у баявых дзеяньнях на баку ДНР Ігар Кімакоўскі ды іншыя.

Ніна Карпачова, першы ўкраінскі амбудсмен, паведаміла, што прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі памілаваў 16 тых, каго трэба было адправіць у Расею для абмену.

Храналёгія абмену

Раніцай стала вядома, што пачаўся абмен вязьнямі паміж Расеяй і Ўкраінай. Паводле інфармацыі СМІ, аўтобусы прыехалі ў маскоўскі аэрапорт «Внуково».

Расейскі ўрадавы самалёт «Ту-204-300» пад нумарам RSD092 прызямліўся ў Кіеве, паведамляе Flightradar.

Гэты самалёт выкарыстоўвае спэцыяльнае расейскае падразьдзяленьне эскадрыльлі «Россия» – прадпрыемства, якое перавозіць расійскіх чыноўнікаў.

Прамая паветраная сувязь паміж Украінай і Расіяй забароненая з 2015 года. Расейскі ўрадавы самалёт прыбыў на фоне паведамленьняў пра абмен затрыманымі паміж Кіевам і Масквой.

У канцы жніўня вялікі абмен затрыманымі паміж Украінай і Расеяй, пра які паведамлялі СМІ з вялікай доляй верагоднасьці, не адбыўся.

У апошнія тыдні СМІ паведамляюць, што Расея і Украіна дамовіліся аб абмене 33 на 33 (Расея лічыць, што ўкраінскія маракі, якія трапілі ў Чорнае мора, будуць вызвалены па рашэньні Міжнароднага трыбунала па марскім праве).

23 жніўня прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што спадзяецца на «першыя вынікі» перамоў па абмене затрыманых паміж Украінай і Расеяй у бліжэйшы час.

Хто такі Алег Сянцоў?

Алег Сянцоў — украінскі рэжысэр, прадусар, сцэнарыст, пісьменьнік, актывіст руху «За адзіную краіну» ў Крыме.

Алег Сянцоў, архіўнае фота
Алег Сянцоў, архіўнае фота

Сянцоў знаходзіцца ў зьняволеньні з траўня 2014 году. Яго асудзілі на 20 гадоў турмы паводле абвінавачваньня ў тэрарызьме. Сянцоў ніколі не прызнаваў сваёй віны. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі яго палітвязьнем.

Хроніка зьняволеньня

10 траўня 2014 году супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі затрымалі Алега Сянцова каля ўваходу ў ягоны дом у Сімфэропалі. Паводле яго словаў, супрацоўнікі спэцслужбаў даставілі яго ў аддзяленьне былой Службы бясьпекі Ўкраіны з торбай на галаве, білі, душылі, дапытвалі каля чатырох гадзін. Раніцай Сянцова даставілі дадому на ператрус, дзе ён даведаўся, што гэта супрацоўнікі ФСБ.

19 траўня Сянцоў ужо знаходзіўся ў сьледчым ізалятары Ляфортава ў Маскве. Яго абвінавацілі ў стварэньні крымскага аддзяленьня ўкраінскай арганізацыі «Правы сэктар». Разам зь Сянцовым як «саўдзельніка» судзілі Аляксандра Кольчанку.

Адзін з помнікаў Леніну ў Сімфэропалі
Адзін з помнікаў Леніну ў Сімфэропалі

Сьледчыя сьцьвярджалі, што Сянцоў кіраваў тэрарыстычнай арганізацыяй, якая рыхтавалася падарваць помнік Леніну ў Сімфэропалі і ў красавіку 2014 падпаліла офіс партыі «Единая Россия» ў Сімфэропалі (былы офіс Партыі рэгіёнаў). Ніхто не пацярпеў, а ўрон ад падпалу ацэньваўся ў 200 тысяч рублёў.

У студзені 2015 актывісту дадаткова вылучылі абвінавачаньне ў «незаконным захоўваньні зброі і боепрыпасаў». Сянцова назвалі грамадзянінам Расеі. Ён заяўляў, што лічыць сябе грамадзянінам Украіны, ніколі не атрымліваў расейскага пашпарта і захоўвае ўкраінскі.

Дакумэнт, які пацьвярджае, што Алег Сянцоў зьяўляецца грамадзянінам Украіны
Дакумэнт, які пацьвярджае, што Алег Сянцоў зьяўляецца грамадзянінам Украіны

З 13 лістапада 2017 Алег Сянцоў знаходзіўся ў калёніі № 8 «Белы мядзьведзь» у Лабітнангі (Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга Расеі).

У траўні 2018 Сянцоў абвясьціў бестэрміновую галадоўку.

Пасьля гэтага Генэральны сакратар Рады Эўропы Турб’ёрн Ягланд накіраваў афіцыйную просьбу прэзыдэнту Расеі аб памілаваньні ўкраінскага рэжысэра.

Глябальная кампанія па падтрымцы палітвязьня #SaveOlegSentsov пачалася ў чэрвені 2018. У рамках акцыі сотні тысяч чалавек удзельнічалі ў маршах, мітынгах, дэманстрацыях, зваротах у сацыяльных сетках, тэлепраграмах і культурных імпрэзах.

Удзельнікі акцыі #SaveOlegSentsov у Бэрліне 2 чэрвеня 2018
Удзельнікі акцыі #SaveOlegSentsov у Бэрліне 2 чэрвеня 2018

За час знаходжаньня ў турме Алег Сянцоў быў уганараваны дзяржаўнымі ўзнагародамі Ўкраіны: Ордэнам за мужнасьць І, ІІ і ІІІ ступені, Нацыянальнай прэміяй Шаўчэнкі. У дадатак да гэтых Сянцоў атрымаў 11 іншых міжнародных узнагарод і прэмій, у тым ліку прэмію імя Сахарава за свабоду думкі.

24 жніўня 2019 Алег Сянцоў атрымаў сваю апошнюю ўзнагароду ў турме — прэмію «Нэптун» Фэстывалю салідарнасьці мастацтваў ў Польшчы, які арганізатары прысьвяцілі яму.«Сучаснасьць часта несправядлівая, гісторыя справядлівая заўсёды — з цягам часу ўсё заўсёды стае на свае месцы і называецца сваімі імёнамі».

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG