Былы прэзыдэнт Алмазбек Атамбаеў пакінуў Кіргізстан праз расейскую авіябазу ў Канце, разьмешчаную за 20 кілямэтраў ад Бішкеку.
«Прыватны самалёт у Канце не пасадзяць, гэта будзе не вайсковы самалёт, але гэта кампанія. Пазьней вам дашлюць больш падрабязную інфармацыю, магчыма нават фатаграфіі з борта. Усё будзе добра. Заўтра ў 7 вечара я вярнуся», — сказаў Атамбаеў.
Раней Атамбаеў паведамляў, што ляціць у Расею на запрашэньне сваіх сяброў. З кім менавіта ён мае намер сустрэцца, Атамбаеў не ўдакладніў.
Сьледчая служба МУС тры разы выклікала яго на допыт і кожны раз ён адмаўляўся прыйсьці. Паводле закону, пасьля трох адмоваў праваахоўныя органы маюць права прымусова прывесьці сьведку на допыт.
Прадстаўнік Атамбаева ў юрыдычных пытаньнях заявіў, што былы прэзыдэнт не абавязаны зьявіцца на допыт, паколькі ён, нягледзячы на пазбаўленьне статусу экс-прэзыдэнта, усё яшчэ валодае недатыкальнасьцю.
27 чэрвеня дэпутаты пераважнай большасьцю галасоў пазбавілі Атамбаева недатыкальнасьці і статусу экс-прэзыдэнта. Цяпер яго могуць у любы момант прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці: Генэральная пракуратура знайшла падставы для абвінавачваньняў, якія высунулі супраць Атамбаева.
У прыватнасьці, прыкметы асабліва цяжкага злачынства знайшлі ў наступных абвінавачаньнях:
- незаконнае завалоданьне ўчасткам у вёсцы Кой-Таш, дзе Атамбаеў пабудаваў дом
- незаконнае вызваленьне крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева
- незаконнае ўзбагачэньне
- карупцыя пры мадэрнізацыі ЦЭЦ Бішкека,
- магчымае дачыненьне да незаконных паставак вугалю на ЦЭЦ Бішкеку
Сам Атамбаеў называе абвінавачваньні палітычна матываванымі. У яго доме ў вёсцы Кой-Таш прыхільнікі былога прэзыдэнта стварылі штаб у яго падтрымку.
Статус экс-прэзыдэнта Кіргізстану цяпер мае толькі Роза Атунбаева. Алмазбек Атамбаеў і зрынутыя ў выніку рэвалюцый Аскар Акаеў і Курманбек Бакіеў пазбаўлены гэтага статусу.