Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнт Эквадору пацьвердзіў датычнасьць Асанжа да ўмяшаньня ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША


Джуліян Асанж
Джуліян Асанж

Экс-прэзыдэнт Эквадору Рафаэль Карэа заявіў, што заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж умешваўся ў прэзыдэнцкія выбары ЗША ў 2016 годзе з амбасады Эквадору ў Лёндане, дзе ён хаваўся да затрыманьня сёлета.

«Мы заўважылі, што ён [Асанж] умешваўся ў выбары, і мы гэтага не дазволім, таму што ў нас ёсьць прынцыпы, вельмі выразныя каштоўнасьці, бо мы не хацелі б, каб нехта ўмешваўся ў нашы выбары, — сказаў Карэа. — Мы не зьбіраемся дапускаць, каб гэта адбылося зь іншай краінай і такім сябрам, як ЗША».

Карэа даў палітычны прытулак Асанжу ў 2012 годзе ў лёнданскім пасольстве Эквадору, каб той пазьбегнуў выдачы ў Швэцыю па абвінавачваньнях у сэксуальным гвалце, якія Асанж адмаўляе. Карэа быў прэзыдэнтам Эквадору з 2007 па 2017 год і зрабіў сабе імя аднаго зь вядучых антаганістаў ЗША ў Лацінскай Амерыцы. Прыходу да ўлады былога эквадорскага прэзыдэнта дапамагла ягоная жорсткая рыторыка супраць ЗША. Карэа падтрымаў Асанжа пасьля таго, як на партале WikiLeaks апублікавалі сакрэтныя матэрыялы Пэнтагону.

Камэнтары Карэа зьявіліся на наступны дзень пасьля таго, як у CNN апублікавалі эксклюзіўны даклад, у якім апісваецца, як Асанж ператварыў пасольства Эквадора ў камандны цэнтар і арганізаваў шэраг выкрыцьцяў, якія ўзрушылі прэзыдэнцкую кампанію 2016 года ў Злучаных Штатах.

У дакладзе прыводзяцца сотні дакумэнтаў, якія падрабязна сьведчаць пра справы Асанжа ў амбасадзе. У дакумэнтах апісваецца, як Асанж сустракаўся з расейцамі і хакерамі сусьветнага ўзроўню, а таксама набываў магутнае вылічальнае і сеткавае абсталяваньне, каб палегчыць перадачу інфармацыі за некалькі тыдняў да таго, як WikiLeaks атрымала матэрыялы ад расейскіх хакераў.

«Апраўданьне WikiLeaks заключалася ў тым, што яны давалі праўдзівую інфармацыю, — сказаў Карэа ў інтэрвію CNN. — Вядома ж, але гэта было толькі пра Гілары Клінтан. Не пра [Дональда] Трампа. Такім чынам, яны не казалі ўсю праўду. А не гаварыць усёй праўды называецца маніпуляцыяй. І мы гэтага не дазволім».

Асанж адмаўляе, што працаваў ад імя Крамля.

  • Аўстраліец Джуліян Асанж заснаваў сайт WikiLeaks у 2006 годзе. У 2009 годзе, паводле матэрыялаў суду, ён папрасіў інтэрнэт-карыстальнікаў падзяліцца зь ім сакрэтнай інфармацыяй, зьвязанай зь дзейнасьцю ўладаў ЗША.
  • Брэдлі Мэнінг, які ў той момант служыў у Іраку ў вайсковай выведцы, адгукнуўся на гэтую просьбу і перадаў Асанжу базы дадзеных, у якіх было 90 тысяч справаздач аб вайне ў Аўганістане, каля 400 тысяч справаздач пра вайну ў Іраку, 800 аналітычных запісак аб рабоце Гуантанама, а таксама 250 тысяч тэлеграм Дзярждэпартамэнту. Тысячы гэтых дакумэнтаў пасьля былі апублікаваныя на партале.
  • У ЗША за гэта на Асанжа завялі справу ў сувязі з выцекам сакрэтных дадзеных. ЗША дамагаюцца выдачы аўстралійца ўжо некалькі гадоў.
  • Мэнінг (які да таго часу зьмяніў пол і імя на Чэлсі) асудзілі да 7 гадоў зьняволеньня за яе ролю ў скандале зь WikiLeaks. Барак Абама, незадоўга да таго, як пакінуў пасаду прэзыдэнта ЗША, памілаваў яе.
  • У 2012 годзе Асанж схаваўся ў амбасадзе Эквадора ў Лёндане, каб пазьбегнуць выдачы ў Швэцыю па абвінавачаньні ў згвалтаваньні. У красавіку эквадорскія ўлады пазбавілі Асанжа прыстанішча і выдалі брытанскім уладам. Цяпер ён адбывае ў брытанскай турме тэрмін 50 тыдняў за парушэньне ўмоваў вызваленьня пад заклад. Акрамя таго, суд разглядае справу аб ягонай экстрадыцыі ў ЗША. Пра намер патрабаваць выдачы Асанжа таксама заявіла Швэцыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG