Пра гэта Рубіё заявіў 30 студзеня ў інтэрвію амэрыканскай журналістцы Мэгін Келі.
Паводле дзяржсакратара ЗША, і расейскі лідэр Уладзімір Пуцін, і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі маюць свае інтарэсы.
«Уявіце, калі б вы былі ўкраінцам, расейцы прымусілі вас так пакутаваць, а цяпер вы дазволіце ім захаваць забраную зямлю? Я маю на ўвазе, што ва Ўкраіне гэта б засмуціла людзей, і вы б гэта зразумелі. А яшчэ ёсьць сталыя рэаліі жыцьця на гэтай плянэце. І вось тут гэтая праца павінна быць вызначаная. Абодва бакі плацяць высокую цану. У абодвух бакоў ёсьць стымулы спыніць гэты канфлікт... Ён ня скончыцца дасягненьнем максымалісцкіх мэтаў з абодвух бакоў. І тут будзе шмат працы», — сказаў Рубіё.
Ён адзначыў, што «гэта будзе няпроста і зойме некаторы час».
Дзяржсакратар таксама заявіў, што тое, што зрабіў Пуцін ва Ўкраіне, «жудаснае», у той жа час указаўшы на «несумленнасьць» ЗША.
«Мы лічым, што Пуцін зрабіў жудасныя рэчы, уварваньне ў краіну, тыя зьверствы, якія ён учыніў. Але існавала несумленнасьць у тым, што мы нейкім чынам прымусілі людзей паверыць, што Ўкраіна можа ня проста перамагчы Расею, але, ведаеце, зьнішчыць яе, вярнуць яе да таго, як сьвет выглядаў у 2012 ці 2014 гадах, да таго, як расейцы захапілі Крым», — сказаў Рубіё.
Паводле яго, гэта прывяло да фінансаваньня «працяглага тупіку, у якім працягваюцца чалавечыя пакуты».
«Тым часам Украіну вяртаюць на 100 гадоў назад. Іх энэргасыстэма разбураецца. Я маю на ўвазе, што потым камусьці давядзецца аплачваць рэканструкцыю ўсяго гэтага», — дадаў ён.
Дзяржсакратар ЗША адзначыў, што вайну трэба скончыць шляхам перамоваў і, паводле яго слоў, «гэта будзе праца жорсткай дыпляматыі».
Падчас выбарчай кампаніі Дональд Трамп заяўляў, што можа спыніць вайну Расеі ва Ўкраіне на працягу 24 гадзін пасьля ўступленьня на пасаду. Аднак на прэсавай канфэрэнцыі 7 студзеня ён заявіў, што спадзяецца завяршыць баявыя дзеяньні на працягу паўгода.
Форум