Кіраўніка армянскага ўраду Нікола Пашыньяна папрасілі пракамэнтаваць выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра Армэнію і яе кіраўніцтва на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску 26 студзеня.
«Пры ўсёй павазе, мой дыялёг з Лукашэнкам завершаны, — цытуе Пашыньяна агенцтва news.am. — Зь ім мне больш спрачацца няма пра што».
Паводле слоў Лукашэнкі, выказаных ім 26 студзеня, у вайне Азэрбайджану і Армэніі віна ляжыць на Ерэване. Лукашэнка тады сказаў, што кіраўнік армянскага ўраду нібыта ў сваіх заявах прызнаў тэрытарыяльныя прэтэнзіі Баку, калі мог гэтага і не рабіць.
«Пашыньян жа сам адмовіўся ад Нагорнага Карабаху. Хоць у той момант Ільхам (прэзыдэнт Азербайджану Ільхам Аліеў. — Позірк) гатовы быў пагадзіцца, што гэта тэрыторыя, дзе Армэнія будзе мець сурʼёзны ўплыў. Але тут такі падарунак», — сказаў Лукашэнка.
25 студзеня паведамлялася, што дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы ў Давосе (Швайцарыя) падзякавала Пашыньяну за «прынцыповую пазыцыю Армэніі ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі і АДКБ». Гэта была чацьвёртая сустрэча Ціханоўскай і Пашыньяна.
У жніўні 2020 году Пашыньян адным зь першых павіншаваў Лукашэнку «з нагоды пераабраньня на пасаду прэзыдэнта Беларусі», не чакаючы абвяшчэньня канчатковых афіцыйных вынікаў галасаваньня і нягледзячы на акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў.
Пазыцыя кіраўніка армянскага ўраду зьмянілася, калі ў карабаскім канфлікце Лукашэнка падтрымаў Азэрбайджан, а АДКБ, куды ўваходзяць Беларусь і Армэнія, бязьдзейнічала.
13 чэрвеня 2024 году Пашыньян паведаміў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе знаходзіцца Лукашэнка. Гэтую пазыцыю прэмʼер-міністар пацьвердзіў, адмовіўшыся прыяжджаць у беларускую сталіцу ў траўні 2025 году на саміт Эўразійскага эканамічнага саюзу.
Форум