Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да чаго прывядзе расейскі газавы шантаж


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расея на афіцыйным узроўні прызнала, што ўсе формы датацый Беларусі спынены да той пары, пакуль Менск не пагодзіцца на «паглыбленьне інтэграцыі».

Сьцісла

  • Беларусь і Расея ўступаюць у чарговы газавы канфлікт.
  • Расея ўвязвае цану на газ з гатоўнасьцю Беларусі да аб’яднаньня.
  • Можа паўтарыцца сцэнар 2016 году, калі Беларусь плаціла за газ роўна тую цану, якую сама вызначыла.
  • Імавернасьць вырашэньня канфлікту падчас сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным на Валааме невысокая.

На тое, што Расея дзеля шантажу ўсьлед за нафтавым грантам будзе выкарыстоўваць і газавы грант, намякаў былы амбасадар РФ у Беларусі Міхаіл Бабіч яшчэ на пачатку году. Але на публічным узроўні расейскі бок па гэтым пытаньні проста «цягнуў рызіну».

У нядаўнім інтэрвію амбасадара Беларусі ў Расеі Ўладзімера Сямашкі тэлеканалу «Россия 24» было сказана, што, паводле леташняй дамоўленасьці, пытаньне аб формуле вызначэньня цаны на газ для Беларусі будзе вырашана да ліпеня 2019 г.

Увесь 2016 і першы квартал 2017 году цягнуўся беларуска-расейскі газавы канфлікт. Менск тады палічыў, што ў зьвязку з падзеньнем усясьветных цэнаў на нафту павінна зьнізіцца і цана расейскага газу для Беларусі. Беларускія ўлады самі вызначылі для сябе кошт газу і плацілі толькі гэтую суму. Масква абурылася і скараціла пастаўкі нафты ў Беларусь. Канфлікт удалося вырашыць падчас перамоваў Лукашэнкі з Пуціным у Санкт-Пецярбургу ў красавіку 2017 году. Была вызначаная складаная схема кампэнсацый, так званае «перамытненьне» («перетаможка»).

У выніку цяпер Беларусь плаціць 127 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў. У Эўропу «Газпром» пастаўляе газ прыкладна ўдвая даражэй.

Але дзеяньне пагадненьня скончыцца ў 2019 годзе. Трэба тэрмінова праводзіць новыя перамовы пра цэны на наступны год. Аднак Сямашка прызнаваў, што расейскі бок проста маўчыць і ігнаруе ўсе прапановы Менску па гэтай тэме.

І вось расейскі віцэ-прэм’ер Дзьмітрый Козак перапыніў маўчаньне Масквы. Ягоныя словы цытуе ТАСС:

«Мы пакуль праводзім перамовы па паглыбленьні інтэграцыйных працэсаў. Пасьля таго як скончым дыялёг на гэтую тэму, стане ясна, калі і якім чынам мы будзем збліжаць нашыя рынкі газу, рабіць адзіны рынак або агульны рынак газу».

У перакладзе на зразумелую мову гэта азначае, што спачатку павінна быць згода Менску на інтэграцыю з Расеяй, і толькі потым зьніжкі на газ.

Яшчэ 26 чэрвеня міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч паведаміў, што Расія ўвязвае вылучэньне Беларусі дзяржаўнага крэдыту на 630 млн даляраў з інтэграцыйнымі працэсамі.

Такім чынам, цяпер вядома, што і кампэнсацыя за падатковы манэўр, і цана на газ, і выдзяленьне крэдыту Масква ўвязала ў адзін пакет. Расея гатовая прадаць яго Беларусі толькі ў абмен на аб’яднаньне ў адну дзяржаву.

Пакуль не да канца зразумела, ці канчатковая гэта пазыцыя Масквы? І на які кампраміс яна гатовая? Ці магчымы варыянт, што Беларусь падпісвае нейкую «дарожную мапу» інтэграцыі, атрымлівае ўсе расейскія датацыі, а потым не выконвае сваіх абавязаньняў (так было ня раз)?

Наўрад ці на ўсе гэтыя пытаньні адкажа плянаваная сустрэча Лукашэнкі з Пуціным на Валааме. Вельмі верагодна, што можа паўтарыцца сцэнар 2016 году, калі Беларусь плаціла за газ роўна тую цану, якую сама вызначыла.

Вось Лукашэнка ў аўторак на сустрэчы зь дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам заявіў, што кіраўнікі Беларусі і Расеі дамовіліся не ламаць дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы». Але каб зьнішчыць сувэрэнітэт Беларусі, ня трэба нічога ламаць. Дастаткова толькі рэалізаваць усе палажэньні, зафіксаваныя ў дамове ад 1999 году. І Беларусі як незалежнай дзяржавы можа ня стаць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG