Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўная зброя прэзыдэнта — вочы


На парадзе 3 ліпеня 2018 году
На парадзе 3 ліпеня 2018 году

Для хлопцаў у Беларусі войска становіцца ўсё большай непазьбежнасьцю (навучаньне ў магістратуры цяпер ня будзе даваць права на адтэрміноўку), а дзяўчат гэтая праблема дагэтуль абмінае. Таму часам можна пачуць разважаньні пра нашае нібыта прывілеяванае становішча ў грамадзтве.

Тое, што гэты прывілей у выніку абарочваецца традыцыйнай дыскрымінацыяй жанчын і абмежаваньнем на ўваход і разьвіцьцё ў прафэсіі, традыцыйна замоўчваецца. Нас ня проста не прызываюць у войска — нас увогуле ня надта пускаюць у цэлую прафэсійную сфэру.

У тую ж Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў на шэраг спэцыяльнасьцяў бяруць толькі хлопцаў. Яшчэ год таму паведамлялася, што жанчыны ў беларускім войску пераважна служаць як вайсковыя доктаркі, псыхолягі, перакладчыцы, юрысткі і сувязісткі.

Я некалькі разоў перачытала кнігу Сьвятланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча», і калі цяпер чую, як нехта цалкам сур’ёзна кажа, што жанчынам у войску не месца, бо мы прыродна для гэтага не прадугледжаны, мне становіцца няёмка.

Ніхто не створаны для таго, каб ваяваць, але грамадзтвы маюць пэўныя тэндэнцыі разьвіцьця і функцыянаваньня, і так склалася, што войска лічыцца неад’емным атрыбутам дзяржавы. І калі мужчын у войску ўспрымаюць сур’ёзна, дык жанчын туды альбо не пускаюць увогуле, альбо ўспрымаюць як упрыгожаньне.

І я не перабольшваю, а спасылаюся на пазыцыю беларускага Міністэрства ўнутраных спраў. Сёлета ў парадзе, прысьвечаным Дню Рэспублікі, прымуць удзел і жанчыны (гэта, дарэчы, адбудзецца толькі другі раз). На першы погляд гэта выглядае як узмацненьне жаночага прадстаўніцтва ў традыцыйна мужчынскіх прафэсіях, але д’ябал, як звычайна, хаваецца ў дэталях.

Вось як на сайце МУС апісваюцца ўдзельніцы параду: «Не апошняе месца адводзіцца прычоскам і макіяжу. Валасы ва ўсіх удзельніц акуратна сабраны ў пучок. Што тычыцца макіяжу, ён някідкі, але ў той жа час падкрэсьлівае галоўную "жаночую зброю" — вочы».

Няважна, якую пазыцыю ты займаеш і колькі маеш прафэсійных узнагародаў. Калі ты жанчына, цябе ніколі ня будуць успрымаць сур’ёзна. І менавіта праз гэта нас не прызываюць масава ў войска. Хоць можа, канечне, і баяцца такой канцэнтрацыі «жаночай зброі» ў адным месцы.

Гэта ўсё — не галянтнасьць і не праява ветлівасьці, а самая звычайная пасіўная агрэсія і прыхаванае хамства, якое кажуць з усьмешкай. Абясцэньваньне жаночай працы і адпаведных заслугаў стала ў грамадзтве нечым настолькі звыклым, што шмат хто нават не распазнае гэта як абясцэньваньне.

Калі вы ня ўпэўнены, з чым сутыкнуліся — зь ветлівасьцю ці сэксізмам, заўжды можаце праверыць гэта простым прыёмам адлюстраваньня. Падстаўце на месца жанчыны мужчыну, чый аўтарытэт дакладна не аспрэчваецца, і паглядзіце, ці будзе тэкст вам і надалей падавацца добрым. Хай фуражка падкрэсьлівае галоўную «зброю прэзыдэнта» — вочы.

Але немагчыма ўявіць, каб нешта падобнае МУС заявіў нават пра шараговых участковых-мужчын. А вось пра намесьніцу кіраўніка першага ўпраўленьня (па наркакантролі) — кіраўніцу аддзела каардынацыі міжведамаснага ўпраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі так казаць можна па адной простай прычыне: гэта жанчына. І яна ва ўспрыманьні кіраўніцтва заўжды была і будзе перш за ўсё жанчынай, а гэта значыць, што на яе аўтаматычна навешваюць увесь традыцыйны «жаночы набор» — вочы як галоўная зброя, важнасьць макіяжу і інш.

Беларускія ўлады ўмеюць якасна гуляцца з фармальнымі паказчыкамі і рабіць усё так, каб нашая краіна аказвалася на прыстойных пазыцыях у міжнародных рэйтынгах, якія тычацца гендэрнай роўнасьці. Але каб убачыць рэальную сытуацыю, трэба зазірнуць за фармальнасьці і зусім крышачку паназіраць. І вельмі хутка стане відавочна, што ў тым жа войску мужчына — гэта «чалавек на сваім месцы», а жанчына — «упрыгожваньне калектыву».

А чаму ў Беларусі дагэтуль адсутнічае мужчынскі актывізм «за адмену ўсеагульнага прызыву», для мяне застаецца загадкай.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG