Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы на сваім паседжаньні 25 чэрвеня падтрымала рэзалюцыю, якая мяняе правілы ПАРЭ і ўскладняе працэдуру прымяненьня санкцый, у прыватнасьці ў дачыненьні Расеі. За такое рашэньне прагаласавалі 118 сяброў ПАРЭ, супраць былі 62, устрымаліся 10.
Праект гэтай рэзалюцыі рэглямэнтны камітэт ПАРЭ ўхваліў 3 чэрвеня. Разгляд паправак да дакумэнта, прапанаваных чальцамі ўкраінскай дэлегацыі і іх саюзьнікамі, пачаўся каля 20.00 24 чэрвеня і працягваўся амаль шэсьць гадзін.
Дакладчыцай у гэтым пытаньні была бэльгійка Пэтра Дэ Сютэр, старшынявала на пасяджэньні прэзыдэнтка ПАРЭ, швэйцарка Ліліян Мары-Паск’е.
Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заяўляла, што аднаўленьне ў правах дэлегацыі Расеі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы магчымае толькі пры пэўных умовах.
«Што тычыцца вяртаньня Расеі ў Раду Эўропы, у нас былі розныя погляды. Мы мелі ўзважыць дзьве рэчы. Гэта, па-першае, парушэньне міжнародных правоў у дачыненьні да Ўкраіны. Гэта праблема, якую нельга пакінуць па-за ўвагай міжнароднай супольнасьці. Але для вяртаньня Расеі трэба выканаць пэўныя ўмовы, гэта ня будзе выканана любой цаной», — сказала Мэркель на сумеснай з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім брыфінгу ў Бэрліне на мінулым тыдні.
Яна дадала, што трэба «шукаць і знайсьці нейкі шлях» для вяртаньня Расеі ў ПАРЭ.
17 чэрвеня прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што ягоная краіна хоча пазьбегнуць поўнага выхаду Расеі з Рады Эўропы. Затое прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў у Парыжы, што ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы няма падстаў для вяртаньня расейскай дэлегацыі.
Расейская дэлегацыя ня ўдзельнічае ў сэсіях асамблеі са студзеня 2015-га пасьля прымяненьня сурʼёзнага абмежаваньня паўнамоцтваў яе дэлегацыі.
Украінскія праваабаронцы лічаць, што вяртаньне расейскай дэлегацыі ў Парлямэнцкую асамблеі Рады Эўропы ва ўмовах пагарджаньня патрабаваньнямі арганізацыі Расеяй стане «маральнай капітуляцыяй» гэтай міждзяржаўнай арганізацыі. Пра гэта гаворыцца ў адкрытым звароце праваабарончых арганізацый у камітэт ПАРЭ ў пытаньнях працэдуры, імунітэтаў і інстытуцыйных спраў, а таксама да нацыянальных дэлегацый краін — удзельніц Рады Эўропы.
Зварот падтрымалі 12 украінскіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх «Цэнтар грамадзянскіх свабод», «Абʼяднаньне сваякоў палітвязьняў Крамля», «Крым SOS», «Крымская праваабарончая група», «Мэдыйная ініцыятыва за правы чалавека».