Датэрміновыя выбары ў парлямэнт Украіны пройдуць 21 ліпеня. Заўтра, 25 чэрвеня, Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны абнародуе канчатковы сьпіс зарэгістраваных кандыдаты ў дэпутаты Вярхоўнай Рады.
Мы даем пералік галоўных фактаў, якія варта ведаць пра гэтыя выбары.
Чаму і калі былі абвешчаныя датэрміновыя выбары?
20 траўня ў сваёй інаўгурацыйнай прамове прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі абвясьціў пра роспуск Вярхоўнай рады. 21 траўня ён сваім указам прызначыў пазачарговыя парлямэнцкія выбары на 21 ліпеня. Як заявіў Зяленскі на сустрэчы з кіраўнікамі парлямэнцкіх фракцый: «Галоўным аргумэнтам для роспуску Вярхоўнай Рады зьяўляецца вельмі нізкі давер грамадзян Украіны да гэтай арганізацыі — 4%. Юрыдычная падстава для роспуску: з 2016 году не існавала кааліцыі».
Ці было канстытуцыйным рэшэньне прэзыдэнта Ўкраіны аб роспуску Рады і правядзеньні новых выбараў?
21 траўня група дэпутатаў Вярхоўнай Рады ад «Народнага фронту» унесла ў Канстытуцыйны суд пазоў аб канстытуцыйнасьці ўказу прэзыдэнта аб пазачарговых выбарах.
20 чэрвеня Канстытуцыйны суд прызнаў канстытуцыйным указ аб роспуску Вярхоўнай Рады VIII скліканьня і прызначэньні датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.
Колькі дэпутатаў будзе абірацца?
Усяго ў Радзе павінна быць 450 дэпутатаў. Зь іх 225 абіраюцца па партыйных сьпісах, яшчэ 225 — па мажарытарных акругах. 26 мажарытарныя акругі знаходзяцца на тэрыторыях, якія не кантралюцца ўкраінскай уладай — у Крыме і на частцы тэрыторыі Данбасу.
У якой колькасьці мажарытарных акругаў пройдуць выбары ў ліпені — пакуль невядома. Паводле ЦВК — паўсюль, дзе атрымаецца арганізаваць галасаваньне. Гэта залежыць ад рашэньняў мясцовых вайсковых адміністрацый і сытуацыі ў прыфрантавой зоне. Выбарнікі з Крыму змогуць прагаласаваць толькі ў акругах мацерыковай Украіны.
Па якой выбарчай сыстэме ўкраінцы будуць абіраць свой парлямэнт?
225 дэпутатаў будуць абірацца па прапарцыйнай сыстэме з закрытымі сьпісамі кандыдатаў (гэта значыць, партыі вызначаюць парадак кандыдатаў у сьпісах). Для патрапленьня ў Вярхоўную Раду партыя павінная набраць прынамсі 5% галасоў.
Пры галасаваньні ў мажарытарных акругах для перамогі кандыдатам неабходная адносная большасьць, выбары праводзяцца ў адзін тур.
Што трэба для вылучэньня кандыдатам у мажарытарнай акрузе шляхам самавылучэньня?
Унесьці на рахунак ЦВК грашовы заклад у памеры 10 мінімальных заробкаў (41730 грыўняў, што эквівалентна 1600 далярам).
Як фармуюцца акруговыя і ўчастковыя выбарчыя камісіі на парлямэнцкіх выбарах?
У акруговыя камісіі вылучаць кандыдатаў маюць права, паводле закону «Пра выбары народных дэпутатаў Украіны» (разьдзел IV), партыі, чые выбарчыя сьпісы зарэгістраваныя на бягучых выбарах, а таксама партыі, чые фракцыі прадстаўленыя ў бягучым складзе Вярхоўнай Рады.
Ва ўчастковыя камісіі кандыдатаў вылучаюць пазначаныя вышэй партыі, а таксама кандыдаты ў дэпутаты, якія балятуюцца ў адпаведных мажарытарных акругах.
У выпадках, калі колькасьць прапанаваных чальцоў камісіяў перавышае колькасны максымум чальцоў камісіі (18 асобаў), выбар робіцца шляхам лёсаваньня.
Якія этапы выбарчай кампаніі ўжо прайшлі, якія — наперадзе?
Да 10 чэрвеня — вылучэньне кандыдатаў партыямі
Да 14 чэрвеня — падача дакумэнтаў у ЦВК для рэгістрацыі кандыдатаў
Да 19 чэрвеня — рэгістрацыя ЦВК кандадатаў.
Поўны сьпіс зарэгістраваных кандыдатаў ЦВК абнародуе 25 чэрвеня.
Адразу пасьля рэгістрацыі кандыдаты маюць права весьці агітацыю да 19 ліпеня
Колькі партыяў і кандыдатаў балятуюцца ў Вярхоўную Раду?
Па стане на 24 чэрвеня ЦВК Украіны зарэгістравала больш за 1500 кандыдатаў у дэпутаты ў мажарытарных выбарчых акругах і больш за 1700 кандыдатаў, уключаных у выбарчыя сьпісы палітычных партый.
Якія вынікі галасаваньня прадказваюць сацыялягічныя апытаньні?
Паводле апошняга апытаньня, якое правёў Цэнтар сацыяльных і маркетынгавых дасьледаваньняў «Соцыс», у Вярхоўную Раду на датэрміновых выбарах могуць прайсьці пяць палітычных партый.
Згодна з вынікамі сацапытаньня, прэзыдэнцкую партыю «Слуга народу» сярод тых, хто ўжо вызначыўся са сваім выбарам, маюць намер падтрымаць 47,6% рэспандэнтаў, «Апазыцыйную плятформу — За жыцьцё» Юрыя Бойкі — 12,4%, партыю «Эўрапейская салідарнасьць» экс-прэзыдэнта Пятра Парашэнкі — 8,8%, партыю «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі — 8,7%, партыю «Голас» сьпевака Сьвятаслава Вакарчука — 6,8%.
У ранейшых апытаньнях сярод лідэраў, якія маюць шанцы пераадолець бар’ер у 5%, фігуравалі тыя ж 5 партыяў, у некаторых апытаньнях больш за 5% набірала партыя Ігара Сьмяшка «Сіла і гонар».
Адмовы ў рэгістрацыі
ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатаў ад партыі «Рух новых сілаў» Міхеіла Саакашвілі. Адмоўлена і кандыдатам партыйнага сьпісу, і вылучаным у мажарытарныя акругі. Паводле ЦВК, зьезд партыі, на якім адбывалася вылучэньне кандыдатаў, «адбыўся з парушэньнем патрабаваньняў заканадаўства».
Таксама адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам ад камуністычнай партыі Ўкраіны. ЦВК спаслалася на закон «Пра асуджэньні камуністычнага і нацысцкага таталітарных рэжымаў ва Ўкраіне і забароне прапаганды іх сымболікі". Паводле ЦВК, статут і сымболіка КПУ не адпавядаюць патрабаваньням гэтага закону.
Таксама ЦВК не зарэгістравала Андрэя Клюева, былога кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Віктара Януковіча, і Ўладзіміра Парасюка, сотніка Майдану, з закліку якога пачалося зрынаньне Януковіча. Парасюку адмоўлена з прычыны «неадпаведнасьці пададзеных дакумэнтаў патрабаваньням заканадаўства», Клюеву – з прычыны таго, што ён ня жыў на тэрыторыі Ўкраіны цягам апошніх 5 гадоў.