Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які порах Украіна набывала ў Беларусі і чаму пастаўкі спыніліся


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Летась Беларусь выйшла ў тройку лідэраў па продажы Ўкраіне пораху і выбуховых рэчываў. Сёлета ў першым квартале 2019 году Ўкраіна не зрабіла ў Беларусі ніводнага закупу пораху і выбуховых рэчываў. Свабода спрабавала разабрацца, чаму спыніліся пастаўкі і які порах набывала Ўкраіна ў Беларусі.

Чаму адрозьніваюцца беларуская і ўкраінская статыстыка

Пра тое, што Беларусь пастаўляе ва Ўкраіну порах і выбуховыя рэчывы, стала вядома з гадавых вынікаў, апублікаваных Дзяржаўнай службай статыстыкі Ўкраіны за 2018 год. У той жа час у Беларусі гэтых дадзеных няма.

У 2018 годзе экспарт пораху і выбуховых рэчываў зь Беларусі ва Ўкраіну павялічыўся на 19% (да 1,989 мільёна даляраў) у параўнаньні з 2017-м. У большых аб’ёмах Украіна набывала гэтую прадукцыю толькі ў Нямеччыне (на 2,066 мільёна даляраў) і ў ЗША (на 3,239 мільёна даляраў).

Як паведамілі карэспандэнту Свабоды ў Белстаце, кожная краіна самастойна вызначае ступень адкрытасьці інфармацыі пра свае зьнешнегандлёвыя апэрацыі.

Порах для войска ці прамысловасьці

Украінскі вайсковы экспэрт Сяргей Згурэц, які вывучае вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Ўкраіны, пераконвае, што Ўкраіна ніколі не набывала ў Беларусі порах вайсковага прызначэньня.

«Вайсковыя порахі мы не набываем у Беларусі, бо там іх няма. Што тычыцца выбуховых рэчываў цывільнага прызначэньня, то і гэтыя патрэбы мы задавальняем уласнымі магчымасьцямі. У мяне няма інфармацыі, што мы набываем у Беларусі порахі менавіта вайсковага прызначэньня. Магчыма, гаворка пра асобныя транзытныя пастаўкі прадукцыі, якая непасрэдна не выраблялася ў Беларусі. Гэта мог быць рээкспарт зь любой краіны, і не абавязкова з Расеі. Справа ў тым, што ў Беларусі вытворчасьці вайсковых порахаў няма», — кажа Згурэц.

Экспэрт таксама выключыў верагоднасьць таго, што Беларусь спыніла пастаўкі пораху і выбуховых рэчываў ва Ўкраіну пад магчымым ціскам Расеі.

У той жа час ва ўкраінскай статыстыцы порах зь Беларусі быў уключаны ў таварную групу пад кодам 3601 00 00 00. Паводле адной зь юрыдычных кампаній Украіны, якія аказваюць падтрымку экспартэрам ды імпартэрам, у гэтую групу ўваходзяць сумесі, пры гарэньні якіх выдзяляюцца вялікія аб’ёмы гарачых газаў, і яны прызначаныя як для агнястрэльнай зброі і ракет, гэтак і для працаў у горназдабыўной прамысловасьці, найперш у шахтах для здабычы вугалю.

У гэтай групе тавараў — чорны порах (выкарыстоўваецца для спартовых стрэльбаў і як выбуховае рэчыва), порах для ракет, для агнястрэльнай зброі, а таксама бяздымныя, сумесевыя і гамагенныя порахі. Усе яны розьняцца хімічным складам, але статыстыка не ўдакладняе, які від пораху паступаў у 2018 годзе ва Ўкраіну зь Беларусі.

Выбуховыя рэчывы ўключаюцца ў групу пад нумарам 3602 00 00 00, і пераважная большасьць іх прызначаная для выкарыстаньня ў цывільнай прамысловасьці або ў піратэхнічных сродках дзеля забавы.

Беларусь не супрацоўнічае з Украінай у вайсковай галіне

У дзяржаўным вайскова-прамысловым камітэце Беларусі Свабодзе паведамілі, што вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва з Украінай не ажыцьцяўляецца.

«Яно прыпынена, іншых камэнтароў вам даць не магу. Там ідуць няпэўныя падзеі, і каб выканаць патрабаваньні канвэнцыі нэўтралітэту, мы ўжо даўно нічога не пастаўляем», — сказаў прадстаўнік камітэту Аляксандар Новак.

Ён таксама падкрэсьліў, што ў Беларусі ні порах, ні выбуховыя рэчывы не вырабляюцца.

На экспарт — старыя запасы?

Вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін мяркуе, што калі Беларусь нешта і пастаўляла ў нейкія гарачыя пункты, дык з таго, што засталося ад савецкіх армейскіх запасаў.

«Хімічнае рэчыва раскладаецца, таму яго альбо ўтылізаваць, альбо прадаваць тым, хто будзе яго неадкладна выкарыстоўваць. У Беларусі няма такой прамысловасьці, якая б вырабляла такія хімічныя рэчывы. І гэта, дарэчы, перашкаджае вырабляць сумесевае цьвёрдае ракетнае паліва. Таму я думаю, што калі нешта і пастаўляюць, то, магчыма, гэта запасы выбуховага рэчыва і пораху. Але гэтыя запасы на заканчэньні тэрмінаў захоўваньня. Іх можна толькі неадкладна выкарыстоўваць дзеля баявых ці вучэбных мэтаў».

Аляксандар Алесін спасылаецца на інфармацыю пра тое, што шмат якія краіны набывалі ў Беларусі боепрыпасы з тэрмінамі прыдатнасьці, якія заканчваліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG