Аляксандар Лукашэнка павіншаваў караля Ярданіі Абдалу II са сьвятам — Днём Незалежнасьці і выказаўся пра пэрспэктывы супрацоўніцтва. Свабода паглядзела, як Беларусь гандлюе зь Ярданіяй.
«Перакананы, што адносіны паміж нашымі краінамі маюць вялікі патэнцыял для больш плённага разьвіцьця. Канструктыўнае супрацоўніцтва ў галінах прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, адукацыі, турызму адкрывае новыя магчымасьці і адпавядае агульным інтарэсам нашых дзяржаў», — гаворыцца ў віншаваньні, якое цытуе БелТА.
Паводле Белстату летась Беларусь паставіла ў Ярданію тавараў на 19,3 мільёна даляраў. У гэтую краіну Беларусь прадае мінэральныя і хімічныя ўгнаеньні, тэхніку.
Але за 6 гадоў экспарт у Ярданію зь беларускага боку ўпаў у 2,2 раза. Напрыклад, у 2012 годзе Беларусь прадала ў Ярданію тавараў на 42,7 мільёна даляраў. Найніжэйшы паказьнік зафіксаваны ў 2015 годзе, тады экспарт склаў усяго 5,2 мільёна даляраў. Імпарт зь Ярданіі ў Беларусь наогул не зафіксаваны паводле статыстыкі Белстату.